Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гістарычнае мовазнаўства ў кантэксце міждысцыплінарных даследаванняў”

25‑26 кастрычніка 2017 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гістарычнае мовазнаўства ў кантэксце міждысцыплінарных даследаванняў”.

Актуальнасць правядзення дадзенай канферэнцыі абумоўлена неабходнасцю абагульнення і ўсебаковага абмеркавання вынікаў навуковых распрацовак у галіне айчыннага дыяхранічнага мовазнаўства (апошняя навуковая канферэнцыя, прысвечаная спецыяльна гэтаму напрамку лінгвістыкі праводзілася ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў красавіку 2008 г.); неабходнасцю актывізацыі вывучэння актуальных пытанняў гісторыі мовы; важнасцю каардынацыі дзейнасці па захаванні і выданні старажытнай пісьмовай спадчыны. Падставай правядзення канферэнцыі з’яўляецца важная падзея ў айчыннай гуманітарстыцы – завяршэнне работы над “Гістарычным слоўнікам беларускай мовы”, першым і адзіным айчыннай навуцы фундаментальным даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду беларускай мовы ў XIV–XVIII стст. і з’яўляецца неад’емнай крыніцай пазнання мінулага краіны. Канферэнцыя ўваходзіць у рад мерапрыемстваў па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі былі пададзены даследчыкамі з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа, Вільнюскага ўніверсітэта (Літва), Інстытута мовазнаўства імя А.А. Патабні НАН Украіны, Запарожскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, Уманскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Паўла Тычыны (Украіна).

 Перад удзельнікамі канферэнцыі быў зачытаны прывітальны адрас Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, доктара эканамічных навук, прафесара У.Р. Гусакова; з прывітальнымі словамі на канферэнцыі выступілі: акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар А.А. Каваленя; дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар А.І. Лакотка; першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даледаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар А.А. Лукашанец; дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт І.Л. Капылоў.

На пленарным пасяджэнні прагучалі грунтоўныя даклады айчынных мовазнаўцаў, прысвечаныя актуальным пытанням дыяхранічнага мовазнаўства. У дакладзе члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, галоўнага навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.М. Булыкі “Субстантыўная лексіка іншамоўнага паходжання як крыніца «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы»” была дадзена падрабязная рэтраспекцыя крыніц і шляхоў пранікнення запазычанай лексікі ў старабеларускую мову; тры даклады – А.А. Лукашанца “Кнігавыдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны ў агульнаеўрапейскім культурным кантэксце”, Л.Р. Машчэнскай, доктара філалагічных навук, прафесара кафедры рускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, “Демократизация книжно-письменного языка в переводах Ф. Скорины и М. Грека как отражение европейской концепции национальных литературных языков” і М.Р. Прыгодзіча, доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, “Палеаграфічнае даследаванне выданняў Францыска Скарыны” – былі прысвечаны аналізу розных аспектаў дзейнасці беларускага першадрукара Францыска Скарыны і яго спадчыны. В.А. Ляшчынская, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, у сваім выступленні “Гістарычны вопыт у люстэрку беларускай фразеалогіі” паказала спосабы і шляхі адлюстравання гістарычнага вопыту беларусаў ў фразеалагічных адзінках беларускай мовы. Падрабязны агляд здабыткаў беларускай дыяхраніі і перспектыў развіцця гэтай цікавай і надзвычай складанай галіны мовазнаўства прадставіла ў сваім дакладзе  “Стан і перспектывы даследавання старабеларускай пісьмовай спадчыны” загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Н.В. Паляшчук.

На канферэнцыі працавала пяць секцый.

Даклады, якія прагучалі на пасяджэнні секцыі “Гістарычная граматыка і гістарычная стылістыка”, былі прысвечаны надзённым пытанням гісторыі беларускай і іншых славянскіх моў, моўным асаблівасцям розных помнікаў старабеларускай пісьменнасці, а таксама агульным тэарэтычным пытанням сучаснай лінгвістыкі ў дыяхранічным аспекце (даклады І.У. Будзько, А.А. Дзеруновай, Я.У. Дзьобіка, Л.М. Навіцкай, В.П. Русак, М.І. Свістуновай, Н.А. Снігіровай і інш.).

Даклады секцыі “Гісторыя развіцця граматычнай сістэмы беларускай мовы” адлюстроўвалі шляхі станаўлення, развіцця і функцыянавання марфалагічнага і сінтаксічнага ладу беларускай мовы  (даклады І.П. Клімава, А.М. Лапцёнак, Т.М. Максімавай, Я.І. Місцюкевіч, Т.М. Маракулінай, А.М. Сяргеевай, К.І. Суботы, Г.У.  Федарэнка, Шоў Цзяжуй і інш.).

Надзённасцю праблематыкі вылучаліся на секцыі “Актуальныя праблемы гістарычнай лексікалогіі, фразеалогіі, гістарычнай лексікаграфіі”. Можна сцвярджаць, што гэтая галіна мовазнаўства мае вельмі сур’ёзную школу ў нашай краіне і здольна прадстаўляць здабыткі беларускага мовазнаўства на міжнародным узроўні (даклады Г.В. Алексяевіч, І.У. Кандрацені, С.М. Макітрук, В.М. Нікалаевай, А.А. Носік, Ю.Ю. Сідарэнка, В.І. Уласевіч, І.У. Ялынцавай і інш.).

Актуальным праблемам гістарычнай анамастыкі і дыялекталогіі была прысвечана чацвёртая секцыя з аналагічнай назвай. На прэзентацыі “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, якая адбылася 26 кастрычніка, была выказана думка пра тое, што гістарычная анамастыка – гэта вельмі важны і не ў дастатковай ступені распрацаваны напрамак беларускага мовазнаўства, які яшчэ чакае сваіх даследчыкаў (даклады Т.М. Аліферчык, А.С. Дзядовай, Р.М. Казловай,У.У. Кабушка, Л.В. Леванцэвіч, Н.М. Сянкевіч, Ю. В. Чарнякевіча,  Н.С. Шакун і інш.).

Праблемы міждысцыплінарных гісторыка-філалагічных праектаў разглядаліся на секцыі “Беларуская пісьмовая спадчына як аб’ект вывучэння ў сучаснай гуманітарнай навуцы”. Вынікі работы секцыі даюць падставы сцвярджаць, што ў будучым лінгвістычныя даследаванні будуць праводзіцца з выкарыстаннем напрацовак і метадалогіі іншых, сумежных гуманітарных дысцыплін, у першую чаргу гістарычнага літаратуразнаўства, тэксталогіі, культуралогіі, гісторыі (даклады І.М. Бобер, А.У. Бразгунова, Г.К. Быкавай, С.Л. Гараніна, Г.В. Дзербінай, А.Б. Доўнара, Н.П. Лобань і Л.Р. Тумар, Т.В. Пятровай, Л.Д. Сільновай і інш.).

Шчырае музычнае прывітанне для ўдзельнікаў канферэнцыі падрыхтавалі таленавітыя ўдзельніцы вакальнай групы “Каралікі” з сярэдняй школы № 140 г. Мінска і іх кіраўнік Ганна Юр’еўна Рубчэня. Спявачкі адмыслова выканалі беларускія народныя песні, а Ганна Юр’еўна да таго ж расказала гісторыю кожнага твора.

У рамках канферэнцыі была арганізавана выстава прац, падрыхтаваных супрацоўнікамі аддзела гісторыі беларускай мовы, “Жывое ў вяках беларускае слова” (манаграфіі, слоўнікі, зборнікі выбраных прац, выданні помнікаў пісьменнасці – “Александрыя”, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, Слуцкае Евангелле, “Жыціе Еўфрасінні Полацкай,  “Баркулабаўскі летапіс).

Ірына Будзько, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы;

Наталля Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы 

Фатаграфіі Марыны Верабей

 

На здымку: з прывітальным словам выступае А.А. Каваленя.

 

На здымку: з прывітальным словам выступае А.І. Лакотка.

 

На здымку: з прывітальным словам выступае А.А. Лукашанец.

 

На здымку: з прывітальным словам выступае І.Л. Капылоў.

 

На здымках: удзельнікі вакальнай групы “Каралікі” і іх кіраўнік Г.Ю. Рубчэня.

На здымку: І.Л. Капылоў уручае падзяку ўдзельнікам вакальнай групы “Каралікі” і іх кіраўніку Г.Ю. Рубчэні.

 

На здымку: на пленарным пасяджэнні выступае А.М. Булыка.

 

На здымку: на пленарным пасяджэнні выступае А.А. Лукашанец.

 

На здымку: на пленарным пасяджэнні выступае Л.Р. Машчэнская.

 

На здымку: на пленарным пасяджэнні выступае В.А. Ляшчынская.

 

На здымку: на пленарным пасяджэнні выступае М.Р. Прыгодзіч.

 

На здымку: на пленарным пасяджэнні выступае Н.В. Паляшчук.

 

На наступных здымках: удзельнікі канферэнцыі.

       

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы