ВУЧОНЫЯ – ДЗЕЦЯМ

Вучоныя трох філіялаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі 3 ліпеня наведалі дзіцячы аздараўленчы лагер «Фатон» НАН Беларусі.
 
Мерапрыемства было прымеркавана да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны.
 
Адкрыла сустрэчу выступленне музычнай капэлы Цэнтра са святочнай праграмай «Музычны мемарыял Вялікай Айчыннай вайны ў харавой творчасці сучасных беларускіх кампазітараў». У выкананні вакалістаў прагучалі творы І. Лучанка, Э. Ханка на вершы беларускіх пісьменнікаў, а таксама вядомыя песні ваеннага часу. Жывое музычнае суправаджэнне і эмацыянальны відэарад стварылі ў гледачоў урачысты настрой, навялі на філасофскі роздум аб сіле мастацтва і яго ролі ў асэнсаванні тых векапомных дзён.
Барыс Лазука, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, у працяг тэмы прадэманстраваў удзельнікам сустрэчы нечаканых на першы погляд сведак далёкага ваеннага ліхалецця – некалькі выяў Маці Божай. Ён патлумачыў, што абразы з’яўляюцца не толькі помнікамі мастацтва, але і матэрыяльным выражэннем тых вышэйшых сіл, вера ў якія таксама дапамагла беларускаму народу выстаяць і перамагчы. Багародзіца, як і любая іншая маці, да апошняга бароніць сваё дзіця, таму маленькая міні-выстава атрымала сімвалічную назву «Нябесная заступніца Беларусі».
 
Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, пазнаёміў гледачоў у зале з адметным выданнем – «Трагедыя вайны вачыма дзяцей: расказваюць сведкі падзей», падрыхтаваным супрацоўнікамі на аснове матэрыялаў, назапашаных падчас экспедыцый у розныя раёны Беларусі. Гэта своеасаблівы дакументальны помнік, у якім з балючай праўдзівасцю перададзены фізічны і маральны боль самых маленькіх сведкаў вайны.
 
Каб трошкі суцішыць уражанне ў дзяцей у зале, равеснікаў персанажаў кнігі, навуковыя супрацоўнікі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Алена Путрыч і Анастасія Марозава правялі для іх інтэлектуальную гульню “Дарогі памяці” (да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). У форме віктарыны ўсе разам прыгадалі самыя важныя даты, факты, подзвігі, асоб, якія зрабілі вялікі асабісты ўклад у справу вызвалення, месцы пашаны і воінскай славы.
 
Анатоль Трафімчык, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, працягнуў закранутую тэму дзяцей і вайны, аднак у іншым ракурсе: паразважаў над яе адлюстраваннем у беларускай дзіцячай літаратуры. Свет дзіцячых перажыванняў на фоне вялікай агульнай трагедыі і «апаленае вайной дзяцінства», апісанае дакладна і па-мастацку ўзрушальна, мы знаходзім у кнігах Івана Сяркова («Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы – хлопцы жывучыя»), Міхася Лынькова («Васількі»), Віктара Казько («Высакосны год», «Суд у Слабадзе», «Хроніка дзетдомаўскага саду») і іншых майстроў слова.
 
У канцы мерапрыемства выступіў яго арганізатар, Аляксандр Бараноўскі, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Аляксандр Віктаравіч адзначыў важнасць свята ў жыцці беларускага народа. Вучоны акцэнтаваў увагу слухачоў на тым, што дзякуючы вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы сёння маем сваю дзяржаву, квітнеючую краіну, у якой паспяхова развіваецца навука, захоўваецца культура і мова, з’яўляюцца новыя творы літаратуры.  
 
Вучоныя Цэнтра шчыра падзяліліся ўласнымі ведамі, эмоцыямі і ўспамінамі аб сваіх сем’ях з маладым пакаленнем, заклікалі іх пераняць гэту пачэсную эстафету.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы