Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ганчарэнка Кацярына, Глушыцкая Марына, Гоцка Дзіяна, Путрыч Алена, Торчык Карына, Хвіланчук Юлія, а таксама вучоны сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Юшкевіч Вольга, выступілі ў якасці членаў журы рэспубліканскай канферэнцыі навучэнцаў «Першы крок у навуку», якую правёў Савет маладых вучоных НАН Беларусі з нагоды Дня беларускай навукі (20–21 студзеня 2025 г.).
20 студзеня 2025 г. працавалі дзве секцыі лінгвістычнага профілю: «Мовазнаўства І» (беларуская мова) і «Мовазнаўства ІІ» (руская мова). У іх было прадстаўлена больш за 40 даследчых работ вучняў 9–11 класаў сярэдніх школ і гімназій горада Мінска, Барысаўскага, Вілейскага, Капыльскага, Маладзечанскага, Нясвіжскага, Салігорскага раёнаў Мінскай вобласці, Іванаўскага, Лунінецкага, Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, горада Віцебска і Дубровенскага, Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці, горада Гомеля і Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, горада Гродна і Астравецкага, Ваўкавыскага, Дзятлаўскага, Слонімскага, Смаргонскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Па выніках канферэнцыі ў кожнай секцыі былі вызначаны найлепшыя работы, аўтары якіх атрымалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў і памятныя падарункі.
Сярод беларускамоўных работ па мовазнаўстве найлепшымі былі прызнаны даследаванні вучняў Ганчара Паўла «Мікратапанімія як адбітак рэгіянальнай моўнай карціны свету» (дыплом І ступені), Бушыла Эльвіры «Моўныя асаблівасці народных галашэнняў палескага рэгіёна Салігоршчыны» (дыплом ІІ ступені) і Мурэні Аляксея «Спосабы маўленчага ўздзеяння на адрасата ў беларускамоўным рэкламным тэксце на лексічным узроўні» (дыплом ІІІ ступені).
Лаўрэатамі ў другой мовазнаўчай секцыі (руская мова) сталі: Папялушка Мар’я – І месца («Эргонимы в сфере общественного питания г. Гродно: семантические, структурные и графические особенности»), Галамызда Цімафей – ІІ месца («Ойкодомонимы жилищного комплекса “Минск-Мир” как отражение культурного пространства столицы Республики Беларусь»), Лявіцкая Анастасія – ІІІ месца («Феномены эвфемии и дисфемии как средства повышения качества медиатекста в медиадискурсе (на примерах белорусских государственных печатных изданий)»).
Журы віншуе пераможцаў з выдатным завяршэннем працы і жадае ўсім удзельнікам поспехаў у будучых даследаваннях!
Паглядзець фотаздымкі з канферэнцыі можна па спасылцы:
https://veroni.wfolio.pro/disk/20-01-2025-krok-u-navuku-1h190c