Тэматычная сесія “Нацыянальная мова” на “Першым міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры”

6 мая 2016 года на “Першым міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры”, што сёлета праводзіўся ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, працавала тэматычная сесія “Нацыянальная мова”, якая сабрала 39 даследчыкаў-лінгвістаў, культуролагаў, гісторыкаў і філосафаў з Беларусі, Літвы, Расіі, Польшчы і іншых краін.

Вызначальнымі атрыбутамі існавання любога этнасу з'яўляюцца яго мова і культура. Гэтыя два складнікі знаходзяцца паміж сабой у цеснай сувязі, што і абумовіла шырокі дыяпазон навуковай праблематыкі, якая разглядалася на тэматычнай сесіі. Разнастайнасць тэм дакладаў і аб’яднанне ў адным блоку прадстаўнікоў розных галін гуманітарыстыкі выклікалі неабходнасць падзелу сесіі на тры паралельныя секцыі, якія групаваліся вакол асноўных тэматычных напрамкаў: нацыянальная мова і культура (старшыня – кандыдат філалагічных навук І.Л. Капылоў), моўныя ўзаемасувязі і праблемы дыялекталогіі (старшыня – кандыдат філалагічных навук В.М. Курцова), асаблівасці развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве (старшыня – доктар філалагічных навук В.П. Русак).

У першай з секцый найбольшую цікавасць выклікалі даклады прафесара Э.Р. Іофэ (БДПУ імя М. Танка) “Да пытання пра ўзаемаўплыў яўрэйскіх і славянскіх моў і культур”, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута рускай мовы імя В.У. Вінаградава РАН Д.У.Січынавы “Беларусь і корпусная лінгвістыка: стварэнне карпусоў і лінгвістычная даследаванні” (прачытаны, дарэчы, на беларускай мове, якую навуковец вывучыў самастойна), а таксама выступленні прысвечаныя праблемам гісторыі мовы (Л.П. Гарбуль (Літва), І.У. Будзько, В.Г. Мазеца, А.В. Зінкевіча (Аўстрыя) і інш.), мове “Нашай Нівы” (І.Л. Капылоў, А.М. Анісім). Дыскусія разгарнулася вакол пытанняў беларуска-рускага двухмоўя, якую закранулі В.К. Мароз, С.Л. Гаранін і Л.М. Лыч; прагучала прапанова аб распрацоўцы праграмы па дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

Праца секцыі, прысвечанай моўным узаемасувязям і праблемам дыялекталогіі, вызначалася багаццем тэматыкі. Некалькі дакладаў вучоных, а гэта былі пераважна даклады расійскіх лінгвістаў С. А. Мызнікава, В. М. Крыловай, Н. В. Бальшаковай,  былі прысвечаны характарыстыцы лексічных набыткаў, агульных для беларускай і рускай моў.  Выяўляючы прычыны захаванасці супольнай лексічнай спадчыны як на ўзроўні семантыкі, так і матывацыйнага забеспячэння словаўтваральнай асновы, мовазнаўцы адзначылі, што наяўнасць агульнага корпуса лексічных сродкаў найперш абумоўлена этнагенетычнай  асобасцю сучаснай памежнай беларуска-рускай моўнай прасторы. Увасабленнем яе этнагенетычнай асаблівасці і сёння выступае кантынуальнасць ландшафту. Устанаўленне матывацыйнай базы назваў некаторых раслін, фізічныя якасці якіх выкарыстоўваюцца ў адметных учынках людзей, найперш у чараўніцтве, каб прываражыць каханка, уяўляюць сабой, як паведаміла В. В. Герасімовіч, не толькі асаблівы пласт намінацый. Па меркаванні даследчыцы, магічныя практыкі беларусаў, угрунтаваныя на іх глыбокіх ведах асаблівасцей навакольнага свету, дазваляюць больш дакладна раскрыць таямніцы моўнага назватворчага працэсу, аднак даследаванне такога пласта народных найменняў патрабуе глыбокага культуралагічнага асэнсавання. Ініцыятыўная дзейнасць Я. Н. Драздовіча ў справе стварэння слоўніка жывой беларускай мовы, якім  займаўся гэты слынны прадстаўнік нацыянальнай культуры на пачатку 20-х гадоў ХХ ст., яго самаахвярная збіральніцкая праца, вынікам якой з'яўляецца найбагацейшая моўная спадчына, сталі асноўнай ідэяй даклада І. У. Галуза. Адметныя сінтаксічныя словазлучэнні, якія характарызуюць традыцыйную беларускую гаворку, іх важнасць у моўнай сістэме для раскрыцця шляхоў культурнага развіцця беларускага народа, былі паказаны ў выступленні Ю. Л. Хвіланчук. Пытанням адлюстравання багаццяў беларускай народнай мовы ў рознажанравых і рознастылёвых тэкстах, якія як абагульняльная, сістэматызаваная інфармацыйная крыніца прэзентуюцца ў нацыянальным лексічным корпусе, было прысвечана выступленне В. М. Курцовай. Дакладчык адзначыла, што нягледзячы на вялікае слоўнае багацце беларускай народнай мовы, якое занатавана  ў шматлікіх лексікаграфічных працах — акадэмічных і аматарскіх слоўніках, асобных слоўнічках і спецыяльных словазборах і інш. — у лінгвагеаграфічных выданнях, сярод якіх асобнае месца займае "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” у 5 тамах, лексічныя набыткі беларускай мовы ў нацыянальным корпусе пакуль яшчэ прадэманстраваны недастаткова поўна. Апошняе прымушае працаваць не толькі над яго папаўненнем, але і дбаць пра больш шырокае выкарыстанне роднага слова, бо як самастойнае ўтварэнне этнас існуе, пакуль жыве і развіваецца яго мова, а вынікі развіцця моўнай сістэмы, найперш лексікі,  знаходзяць сваё ўвасабленне ў тэкстах.

Праблемы асаблівасцей развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве, што разглядаліся на трэцяй секцыі, аб’ядналі даследчыкаў, якія вывучаюць моўныя працэсы ў сучасным грамадстве. Прафесар ГДУ імя Янкі Купалы М.І. Канюшкевіч распавяла аб асаблівасцях рэалізацыі канцэпту “боль” у творчасці беларускіх пісменнікаў на аснове аналізу 154 адзінак кантэксту. Аб ужывальнасці рэкламы на беларускай мове на бігбордах Мінска расказала старшы выкладчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ А.У. Лянкевіч. Даслечыца ўказала на добрае стаўленне да такіх паведамленняў у рэспандэнтаў і адзначыла неабходнасць пашыраць беларускамоўную рэкламу на сферы транспарту, моды. Загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы В.П. Русак закцэнтавала ўвагу на важнасці ўнармаванай нацыянальнай мовы як галоўнага элемента культуры і камунікацыі, што аб’ядноўвае грамадства. Яна паведаміла аб дасягненнях аддзела – выдадзеных у апошнія гады граматычных і арфаграфічных слоўніках, манаграфіях. Доўгачаканым і неабходным дапаможнікам з’яўляецца “Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы”, створаны супрацоўнікамі аддзела сучаснай беларускай мовы сумесна са спецыялістамі Аб’яднанага Інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення кандыдат тэхнічных навук Ю.С.  Гецэвіч і інжынер-сістэматэхнік С.І. Лысы прадэманстравалі работу генератара фанетычнага слоўніка і заклікалі філолагаў карыстацца распрацаваным электронным сэрвісам corpus.by. Навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы К.Д. Шчасная падзялілася назіраннямі аб асаблівасцях маўлення беларускамоўных вядучых тэлеканалаў “АНТ”, “Беларусь-3” і “Белсат”. Яна ўказала на фарміраванне прадстаўнікамі СМІ беларускамоўнага моладзевага лексікону і разам з тым на рэалізацыю асноўных беларускіх гукаў маладымі вядучымі. Навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх сувязей В.С. Юшкевіч прадставіла даклад аб тыпах беларуска-рускай моўнай інтэрферэнцыі ў інтэрнэт-каментарыях. Даследчыца звярнула ўвагу на ўсвядомленае і на выпадковае парушэнне норм у інтэрнэт-зносінах.

Прыемна, што да работы мовазнаўчай сесіі актыўна далучыліся не толькі выступоўцы, але і прысутныя – супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Аб’яднага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, БДУ і іншых устаноў нашай краіны.

Тэксты навуковых дакладаў неўзабаве будуць выдадзены.

 

С.Л. Гаранін, А.М. Анісім, В.М. Курцова, К.Д. Шчасная

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы