Пры садзеянні Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Генадзьевіча Бабічава з 5 па 9 жніўня ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці працавала сумесная міжнародная дыялекталагічная экспедыцыя супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Інстытута лінгвістычных даследаванняў РАН. У экспедыцыі з беларускага боку бралі ўдзел дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Мікалаеўна Курцова і супрацоўнік гэтага аддзела Ірына Васільеўна Галавіна. З расійскага — член-карэспандэнт РАН Сяргей Аляксеевіч Мызнікаў і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута лінгвістычных даследаванняў Вольга Мікалаеўна Крылова.
Поспех любой дыялекталагічнай экспедыцыі сёння залежыць ад узроўню яе запатрабаванасці ў рэгіёне. У першую чаргу ад зацікаўленасці мясцовага кіраўніцтва ў тым, каб даследчыкі вывучалі мясцовыя адметнасці, назапашваючы матэрыялы пра гісторыю края для новых пакаленняў. Экспедыцыя, якая ладзілася ў Дубровенскі раён, з самага пачатку складвалася як нешта асаблівае, надзвычай важнае і запатрабаванае з боку мясцовай выканаўчай улады Дубровенскага раёна. На просьбу дырэкцыі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры дапамагчы ў правядзенні экспедыцыі адгукнуўся старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў, які прызначыў адказнай за справу Алену Юр’еўну Якавенка, загадчыка сектара культуры Дубровенскага райвыканкама. Дзякуючы вельмі адказнаму стаўленню А. Ю. Якавенка да даручанай справы ўжо да выезду ў экспедыцыю яе ўдзельнікі ведалі, у якія вёскі змогуць паехаць, каб паразмаўляць са старажыламі, пачуць іх аповеды пра мясцовыя традыцыі і звычаі, пра будзённы побыт і святы, дакладней кажучы, пра ўсё, што звязана з гісторыяй Дубровенскага краю і ўвасобілася ў слове, у мясцовай народнай гаворцы, жыве ў памяці тутэйшых насельнікаў.
У кожнай вёсцы, куды б ні завітала экспедыцыя, яе гасцінна сустракалі або біблітэкар сельскай бібліятэкі, або загадчык сельскага клуба. Яны на месцы і арганізавалі сустэчы з мясцовымі жыхарамі. Надзвычай запомніліся ўдзельнікам экспедыцыі сустрэча з вяскоўцамі ў Ляхаўскім сельскім клубе, які ўзначальвае Таццяна Рыгораўна Сямашка.
Вёска Ляхаўка Дубровенскага раёна. Удзельнікі экспедыцыі разам з інфармантам і загадчыкам мясцовага клуба
Не менш плённай была праца экспедыцыі ў вёсцы Ляды. Дапамагалі нам сустрэцца з карэннымі жыхарамі і паразмаўляць з імі загадчык Ляднянскага сельскага Дома культуры Тамара Емяльянаўна Сінякова і біблітэкар Ляднянскай сельскай бібліятэкі Алена Іванаўна Пруднікава. Слоў шчырай удзячнасці за любоў да працы, за гатоўнасць дапамагчы заслугоўвае і бібліятэкар Станіславоўскай сельскай бібліятэкі Ларыса Цярэнцьеўна Соладава.
Вёска Станіславова Дубровенскага раёна. Удзельнікі экспедыцыі з інфармантамі і бібліятэкарам мясцовай бібліятэкі
Змястоўных сумоўяў, арганізаваных мясцовымі работнікамі сферы культуры, было не адно. Удзельнікі экспедыцыі змаглі пагаварыць з добрым дзясяткам чалавек і сабраць унікальны матэрыял, які стане каштоўнай навуковай крыніцай звестак аб нацыянальных моўных асаблівасцях рэгіёна і захаваецца ў мовазнаўчых архівах як жывое ўвасабленне народнай гаворкі ў яе стане ў першай чвэрці ХХІ стагоддзя.
Дыялекталагічная навуковая экспедыцыя — гэта не толькі праца яе ўдзельнікаў з мясцовымі насельнікамі. Кіраўніцтва Дубровенскага райвыканкама парупілася, каб навукоўцы змаглі ўбачыць і тое, што робіцца на месцы, каб зберагчы мясцовыя матэрыяльныя і духоўныя набыткі для гісторыі. Дзякуючы намаганням і асабістай зацікаўленасці А. Ю. Якавенка даследчыкі наведалі «Дубровенскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей», дзе навуковы супрацоўнік музея Ірына Генадзеўна Сардэчная расказала і паказала, як захоўваюцца для нашчадкаў розныя артэфакты мясцовай культуры.
Удзельнікі экспедыцыі разам з загадчыкам сектара культуры Дубровенскага раёна і навуковым супрацоўнікам мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея
А вось, што робіцца, каб развіваць і памнажаць мясцовыя этнакультурныя набыткі паказала і расказала наведвальнікам метадыст раённага Дома рамёстваў Алена Анатольеўна Капытоўская.
Думаецца, што гэтыя сустрэчы прынеслі карысць і памножылі досвет двух бакоў — удзельнікаў дыялекталагічнай экспедыцыі і захавальнікаў мясцовых этнакультурных скарбаў.
Не менш інтэнсіўнай і насычанай была праца дыялекталагічнай экспедыцыі і ў Краснінскім раёне Смаленскай вобласці. Асаблівы інтарэс да працы навуковай экспедыцыі праявілі кіраўніцтва і супрацоўнікі мясцовага краязнаўчага музея імя мужа і жонкі Ерашовых, які ўзначальвае Марына Анатольеўна Цімошчанкава. Дырэктар музея дзякуючы вельмі добрым ведам рэгіёна, людзей, якія жывуць у розных вёсках Краснінскага раёна, адразу ж нам пералічыла, да каго і ў якую вёску трэба ехаць, каб атрымаць неабходную інфармацыю, паразмаўляўшы з тутэйшымі жыхарамі. Таму і наведаў экспедыцыйны атрад у Краснінскім раёне памежныя з Беларуссю вёскі Рахава, Маркава, Дуравічы, Зверавічы, Шэена, Гусіна.
Вёска Рахава Краснінскага раёна. Нашы інфарманты
Вёска Маркава. Краснінскага раёна. Нашы інфарманты
Вёска Маркава Краснінскага раёна. Нашы інфарманты
Вёска Маркава Краснінскага раёна. Разам з інфармантамі ў гасціннай сям’і Чарніных
Вёска Дуравічы Краснінскага раёна. Разам з гаспадарамі сядзібы, нашымі інфармантамі
Вёска Дуравічы Краснінскага раёна. У час размовы з інфармантам
Вёска Шэена Краснінскі раён. Наш інфармант
У вёсках, наведаных даследчыкамі, адбыліся сустрэчы з мясцовымі насельнікамі, зроблены запісы тэкстаў маўлення. Гэтыя запісы стануць выдатнейшай навуковай базай, каб, праводзячы супастаўляльны аналіз з тэкстамі, запісанымі ў Беларусі, устанавіць, у якой ступені закранулі змены сістэму мясцовых краснінскіх гаворак, якім, паводле звестак мовазнаўчых крыніц, была ўласціва істотная колькасць беларускамоўных рыс.
Кожная экспедыцыя — гэта новы досвет і новыя ўражанні, новыя навуковыя матэрыялы для правядзення іншых этапаў даследчай працы. Вынікі сумеснай беларуска-расійскай экспедыцыі аказаліся вельмі плённымі, бо даследчыкі мелі гарачую падтрымку з боку мясцовых органаў улады, устаноў культуры, якія зацікаўлены ў памнажэнні навуковых звестак пра свае рэгіёны.
В. М. Курцова,
загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі