У гісторыі нячаста здараецца так, што талент паэта спалучаецца з талентам вучонага-філолага і грамадазнаўцы, з талентамі публіцыста, крытыка, педагога і перакладчыка. Рознабаковасць асобы і дзейнасці Ніла Гілевіча ўвасабляе пакутлівы шлях беларуса да самога сябе, да сваіх нацыянальных каранёў. І таму нягледзячы, што сэрца Ніла Сымонавіча перастала біцца, гэты шлях вядзе ў будучыню, вядзе да людскасці, дабрыні, прыгажосці. Менавіта клопат – нават не клопат, а пакутлівы боль – за народ, за Айчыну прымусіў паэта звярнуцца да вывучэння фальклору і мовы, да аналізу грамадскіх праблем мінулага і сучаснага жыцця, да актыўнай дзейнасці ў розных галінах. Вострае адчуванне асабістай адказнасці за тое, што робіцца ў наваколлі, працінае ўсе пачынанні народнага паэта, які самою сваёй шматграннай асобай дае яскравы прыклад служэння роднай Беларусі. У адным з інтэрв’ю народны паэт сказаў: “Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні”. Гэты запавет сёння гучыць асабліва пранікнёна. Ён – для ўсіх нас...