Даведнік з’яўляецца ўнікальным выданнем для тых, хто цікавіцца перакладам беларускіх тэкстаў або асобных слоў на рускую мову і рускіх тэкстаў або асобных слоў на беларускую мову. Ён адрасуецца навучэнцам сярэдніх агульнаадукацыйных школ і спецыяльных навучальных устаноў, а таксама ўсім, хто вывучае абедзве дзяржаўныя мовы і цікавіцца пытаннямі перакладу.
Даведнік складаецца з 2-х самастойных частак. Рэестр “Русско-белорусского словаря” налічвае больш за 15 000 агульнаўжывальных слоў. Ён фарміраваўся на аснове тлумачальных слоўнікаў рускай мовы і змяшчае ў асноўным тыя словы, якія маюць адрозненні ў рускай і беларускай мовах.
“Беларуска-рускі слоўнік” уключае каля 20 000 слоў. Пры складанні слоўніка ўлічаны змены ў правілах арфаграфіі беларускай мовы. Рэестравую частку складаюць у асноўным словы, якія не супадаюць з адпаведнымі лексічнымі адзінкамі рускай мовы або маюць фармальныя адрозненні ад іх. У Слоўніку прадстаўлена агульнаўжывальная лексіка сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Акрамя таго, у яго ўключана кніжная і размоўная лексіка, лексіка народных гаворак, устойлівыя выразы, пры перакладзе якіх з беларускай мовы на рускую могуць узнікнуць цяжкасці.
Даведнік змяшчае таксама даволі вялікую колькасць спецыяльных слоў і тэрмінаў з розных галін ведаў (матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, мовазнаўства, літаратуразнаўства і інш.), якія часта сустракаюцца ў моўнай практыцы вучняў.