ТЫ ЗЖЫЛОСЯ З НАМІ, БАЦЬКАЎСКАЕ СЛОЎЦА, // ЯК БЫ КОРАНЬ З ДРЭВАМ, ЯК БЫ З НЕБАМ СОНЦА… (Янка Купала Роднае слова. 1910).

22 сакавіка 2022 г. у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук прафесар Мароз Валянціна Канстанцінаўна правяла для навучэнцаў Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа і чытачоў бібліятэкі  майстар-клас на тэму “Янка Купала пра беларускую мову”. Гэта сустрэча арганізавана ў рамках цыкла навукова-папулярных лекцый, уключаных у план мерапрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па патрыятычным выхаванні ў 2022 г. (першае мерапрыемства – навукова-папулярная лекцыя “Праект стагоддзя беларускай гуманітарыстыкі: «Гістарычны слоўнік беларускай мовы»” –  было прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы і праведзена 23 лютага б.г.).

Роля мовы ў развіцці чалавецтва, народаў, асобы разглядалася праз прызму Купалавай творчасці. Найперш увага прысутных была засяроджана на тым, што творчы геній Песняра ў ацэнках сутнасных з’яў быцця чалавечага нязменна скіраваны на САМОЕ СОНЦА! Жыццядайная сіла нябёсаў выступае мерай вартасці, важнасці, неад’емнасці ад чалавечай сутнасці і самой мовы: “Для мовы, для гэтай выразіцелькі душы і думак чалавека, не патрэбна ні скіпетраў, ні каронаў, як не патрэбна для сонца якога-небудзь яшчэ пазалочанага абручча, рамак. Сонца само па сабе адна аздобнасць – і золата, і брыльянт. Таксама і мова якога небудзь народа ёсць для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасцяй” (“Ці маем мы права выракацца роднай мовы”. 1910).

На пытанне, чым жа Янка Купала вылучаецца сярод класікаў беларускай літаратуры, чаму менавіта ён тытулаваны такімі высокімі званнямі – ПЯСНЯР, БЕЛАРУСКАЕ ПЕСНІ ЎЛАДАР, АПОСТАЛ, ПРАРОК, адказам прагучаў верш Уладзіміра Караткевіча “У тую ноч”: Кветка ў нетрах лясных распускалася, // Залатая, агністая, сіняя, // На купаллі, на росным купаллі, // Ў бураломнай лясной лагчыне. // У глушы, дзе туманы белыя, // Дзе жывуць лесуны і трасца, // Як заўсёды, шукалі смелыя // Кветку-папараць, кветку шчасця. // Як жадалі мець гэту кветку // Цёмных пушчаў глухія шаты, // Каласы на бедных палетках, // Людзі ў цёмных, закураных хатах! Ўсё было ў тую ноч звычайным: // Над агнямі лёталі цені, // Пяткі “Янку” прывычна чаканілі, // Пахла мёдам мурожнае сена. // За вячэру скупую сядалі // Дзеці бедныя пры лучыне... //... // Ўся краіна над працай гарбела, // Ела бульбу, не бачыла сала, // Ўсе маліліся, ўсе цярпелі, // І ўсе, як нямыя, маўчалі. // І не ведалі вёскі ў дубровах, // Людзі хмурыя і палеткі, // Што ўсяму ўжо знайшлося Слова, // Што яно прагрыміць над светам, // Што язык залаты атрымалі // Ў гэту ноч пушчы цёмнай шаты, // Рэчак поўных лянівыя хвалі, // Занядбаныя, чорныя хаты.  // Хоць нясцерпным ставала гора — // Наваколле пакуль што маўчала, //  Ноч плыла агнямі і зорамі… // Нарадзіўся Янка Купала.

У Купалы сапраўды знайшлося Слова для выказвання спракаветных дум-мараў народных: Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы, // Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, – // Для роднай зямелькі вы – светлыя зоры, // Для роднага краю вы – райскія гімны! // На рукі людскія наложаць аковы, // Край стопчуць, заграбяць чужыя народы , – // У песнях жа родны край, родныя словы // Жылі, і жывуць, і жыць будуць заўсёды (Родныя песні. 1906).

Яно, Слова, сапраўды прагрымела над светам: Пад навалай крыўдаў многія сталецці // Мы няслі пакорна лямку беспрасвецця. // Мы няслі – ўсё ныла, гінула памалу, // Аж не нашай наша бацькаўшчына стала. // Не для нас сасонкі нашы зашумелі, // Не для нас пасевы нашы зарунелі; // Адно ты нам, слова, засталося верным, // Каб вясці з упадку к радасцям нязмерным. // ... // Ой, не вырваць з сэрца цябе, наша слова, // Ой, не ўзяць ніякім сховам ды аковам... // ... // Як жыло ты з намі – будзеш вечна жыці, // Грамадой мільёнаў з светам гаварыці… // З попелу мінуўшых дзён сляпых крывавых // Весела узойдзе рунь святлянай славы... (Роднае слова. 1910).

Яно, роднае Слова, увасобленае ў літаратурнай форме мовы, стала залатым запасам беларускай нацыі: Дакуль свайго не здрадзіць слова // Свая народная рука, // Датуль з галін святой дубровы // Чужак не сцягне і лістка. // ... // З жалейкай кожны хай сваею // Не расстаецца ўвесь свой век. // Заве і верай і надзеяй // Слязу і ўцеху з-пад павек. // Радзімым словам у цярпенні // Звініць пагудкаю братам // І з пакалення ў пакаленне // Перадавае сваякам (Вершы 1910–1911гг.).

Янка Купала адчуваў моц роднага слова, спадзяваўся на яго жыццядайную сілу: Не ўмруць, не ўмруць ужо яны, // Раз хочуць сонца, славы, песні; // Заб’юць ім зычныя званы // Прабудным звонам напрадвесні (На куццю. 1911).

Завяршылася сустрэча Купалавым наказам беларускай моладзі: ... Ідзі з словам святым: Беларусь! (Моладзі. 1914).

 

В.К. Мароз

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы