Адбылася сустрэча з Бошкам Сувайджычам – старшынёй Міжнароднага камітэта славістаў

У апошні дзень чэрвеня ў інстытутце адбылася сустрэча з Бошкам Сувайджычам – старшынёй Міжнароднага камітэта славістаў.

Прафесар Б. Сувайджыч прыбыў у сталіцу Беларусі на “Дні Бялграда ў Мінску” (28–30 чэрвеня) у складзе афіцыйнай сербскай дэлегацыі. Ён другі раз наведвае наш горад і Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Самым памятным былі для яго дні ХV Міжнароднага з’езда славістаў, што адбыўся ўлетку 2013 года. Таму выступаючы перад супрацоўнікамі і кіраўніцтвам інстытута спадар Б. Сувайджыч шмат увагі надаў аналізу правядзення і навуковаму зместу гэтага знакавага мерапрыемства. У прыватнасці, было адзначана, што “навуковая праграма Міжнароднага з’езда славістаў у Мінску і яго арганізацыя пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук Аляксандра Лукашанца, які ўзначальваў тады МКС, былі бездакорнымі і задалі высокія крытэрыі для арганізатараў наступных славістычных з’ездаў... Тэматыка з’езда адлюстроўвала самыя актуальныя пытанні і праблемы сучаснай славістыкі”. Выступоўца прадэманстраваў фатаграфіі, якія зрабілі ў свой час сербскія дэлегаты.

Але асноўную ўвагу старшыня МКС надаў асвятленню пытанняў падрыхтоўкі да наступнага ХVІ Міжнароднага з’езда славістаў, які пройдзе ў Бялградзе  20–27 жніўня 2018 года

Гісторыя сербскай славістыкі мае вельмі драматычны эпізод. ІІІ Міжнародны з’езд славістаў павінны быў адбыцца ў сталіцы тагачаснай Югаславіі ў 1939 годзе, але пачалася Другая сусветная вайна, і Югаславія стала адной з ахвяр фашысцкай агрэсіі. Навуковы форум здзейсніцца ў гэтых умовах не мог (хаця матэрыялы былі ўсё ж выдадзены, і ў ліку славістычных мерапрыемстваў сарваны Бялградскі з’езд усё роўна пазначаецца як Трэці). Сербскія вучоныя і сербскі народ заўсёды ўспрымалі зрыў з’езда неяк па-асабліваму балюча. Вядома ж, лёс гістарычнай Славіі – аднаго з галоўных рэгіёнаў славянскай культурна-моўнай супольнасці – складаўся вельмі няпроста і нават трагічна...

Таму ў Рэспубліцы Сербіі будучаму з’езду надаецца асаблівае значэнне. Мерапрыемства пройдзе пад высокім патранатам Прэзідэнта краіны Таміслава Ніколіча і кіраўніцтва горада Бялграда. Спадар Б. Суваджыч адзначыў, што зараз “у цэнтры ўвагі праграмнага і арганізацыйнага камітэта з’езду – зацвярджэнне агульнай тэматыкі, удакладненне форм работы, ўсталяванне квот удзельнікаў, выбар тэматычных блокаў, фармуляванне пленарных дакладаў...”. Тэматыка будучага форума ўжо вызначана. Па словах старшыні МКС, на з’ездзе плануецца праца па чатырох напрамках: мовазнаўства (этымалогія і параўнальна-гістарычныя даследаванні славянскіх моў; гісторыя славянскіх моў; дыялекталогія славянскіх моў; граматыка сучасных славянскіх літаратурных моў; семантыка, прагматыка і стылістыка сучасных славянскіх моў; інтэрдысцыплінарныя даследаванні славянскіх моў; стандартызацыя і норма славянскіх моў), літаратура, культура, фальклор (інтэрдысцыплінарныя даследаванні славянскіх літаратур; развіццё славянскага пісьменства; славянскія літаратуры і Сярэднявечча; гісторыя славянскіх літаратур і развіццё тэарэтыка-метадалагічных ведаў; пераклады славянскіх літаратур як культурны трансфер; літаратурна-гістарычныя веды, літаратурная крытыка і публіцыстыка; славянскія літаратуры – рэлігія – філасофія – палітыка – культура; славянскія літаратуры і культурная спадчына ў ХХI ст.; славянскі фальклор, фалькларыстыка і міфалогія ў інтэрнацыянальным кантэксце), пытанні славістыкі (гісторыя славістыкі; тэорыя і метадалогія славістыкі; перспектывы славістыкі; тэарэтыка-метадалагічныя аспекты вывучэння і выкладання славянскіх моў, літаратур і культур), а таксама так званыя спецыяльныя тэмы з’езда (дзвесце гадоў слоўніку «Српски рјечник» Вука Стэфановіча Караджыча і роля яго аўтара ў славістыцы; Аляксандр Беліч у гісторыі славістыкі; 1918 год і развіццё славянскіх моў і літаратур і іх навуковых даследаванняў).

Варта асабліва падкрэсліць, што па прапанове прафесара Б. Сувайджыча ўдзел у рабоце з’езда са стэндавымі дакладамі змогуць прыняць і маладыя вучоныя. Яшчэ адна адметная з’ява – гэта ініцыятыва па фарміраванні спісу часопісаў МКС. Спіс навуковых выданняў МКС задуманы як базавы пералік славістычных часопісаў і перыядычных публікацый, які будзе карэкціравацца не радзей чым праз год і верыфікавацца на пасяджэннях Міжнароднага славістычнага камітэта.

“У часы крызісу гуманітарных навук з’езд у Бялградзе, як і ўся дзейнасць МКС, накіраваная на развіццё і прасоўванне славістыкі ў свеце, набываюць асаблівае значэнне. Тэмы, якія ўвойдуць у парадак дня XVI Міжнароднага з’езда славістаў, павінны быць арыентаваны на мадэрнізацыю славістыкі і сусветнае прызнанне найважнейшых абласцей яе вывучэння. Узровень развіцця сербскай славістыкі, колькасць славістычных цэнтраў у Сербіі, а таксама прадстаўленасць славістыкі ва ўсіх сербскіх універсітэтах, з’яўляюцца лепшымі гарантамі навуковага поспеху будучага навуковага форуму,” – завяршыў сваё выступленне спадар Б. Сувайджыч.

Цікавасць у супрацоўнікаў інстытута і гасцей Цэнтра, сярод якіх былі загадчык кафедры славістыкі БДУ, акадэмік Сербскай акадэміі гуманітарных навук, прафесар І.А. Чарота, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, прафесар М.Р. Прыгодзіч, загадчык кафедры беларускай і рускай моў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Г.М. Мезенка, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны В.А. Ляшчынская, выклікала паведамленне дацэнта Бялградскага ўніверсітэта С. Галяк “Беларуская мова ў Бялградзе, 2006–2016”. Дакладчыца вызначыла этапы развіцця беларусістыкі ў галоўным універсітэце Рэспублікі Сербія і паведаміла аб тым, што з наступнага года наша мова будзе вывучацца як асобная навучальная дысцыпліна, таксама плануецца знаёміць сербскіх студэнтаў з гісторыяй і сучаснымі дасягненнямі айчыннай літаратуры.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы