Пра беларускую граматыку па-нямецку

29 чэрвеня 2017 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя двухтомнага выдання вядомага замежнага беларусіста Германа Бідэра Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка. Вільня, 1916”, якая была надрукавана ў Альдэнбургскім універсітэцкім выдавецтве. Праца паўстала дзякуючы ініцыятыве выдатнага нямецкага славіста прафесара Карла Гутшмідта, які адкрыў рукапісны тэкст беларускай граматыкі Антона Луцкевіча у бібліятэцы кафедры славістыкі Гамбургскага ўніверсітэта на пачатку 1990-х гадоў ХХ ст.

Унікальнасць арганізаванай Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа прэзентацыі падкрэсліў дырэктар гэтай установы, кандыдат філалагічных навук дацэнт Капылоў Ігар Лявонавіч, які выступіў з прывітальным словам у адрас гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства. У сваім выступленні ён адзначыў, што філалагічна-мовазнаўчая спадчына А. Луцкевіча дагэтуль заставалася амаль невядомай нават вузкаму колу спецыялістаў. Дзякуючы намаганням нямецкіх і беларускіх вучоных сёння ў навуковы зварот уводзіцца новая і важная для славянскага мовазнаўства інфармацыя, якая паслужыць крыніцай для далейшых даследаванняў. На думку І.Л. Капылова, прэзентуемая праца, якая ўяўляе сабой выданне і навуковую апрацоўку Германам Бідэрам рукапіснай граматыкі беларускай мовы А. Луцкевіча, дапамагае асэнсаваць складаны шлях развіцця беларускай мовы, зразумець той няпросты культурна-гістарычны фон, на якім развівалася, мацнела і выкрышталізоўвалася беларуская думка. Дырэктарам быў зачытаны ліст ад аўтара – Германа Бідэра, у якім былі выказаны шчырыя словы ўдзячнасці Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа за арганізацыю прэзентацыі, што дала магчымасць пазнаёміць беларускамоўную культурную эліту (а менавіта ей і было прысвечана выданне Г. Бідэра) з гэтай працай.

 

Звяртаючыся да прыхільнікаў беларускай мовы і культуры, Г. Бідэр асаблівую ўвагу звярнуў на тое, што ў сваім каментарыі да тэксту рукапісу А. Луцкевіча, змешчаным у першым томе выдання, ён не абмeжaваўся параўнаннем моўных з’яў нашаніўскага перыяду, беларускіх гаворак і сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Вучоны таксама браў пад увагу паралельныя моўныя з’явы сучасных суседніх славянскіх (расійскай, украінскай і польскай) літаратурных моў, каб выявіць магчымыя факты моўнага ўздзеяння на беларускую мову. Паколькі Г. Бідэр хацеў падаць працу А. Луцкевіча на шырокім часавым фоне, ён дапоўніў другі том сваёй працы, прысвечаны апісанню гістарычнага развіцця ранняй беларускай літаратурнай мовы, даўняй граматыкаграфіі, лексікаграфіі і мовазнаўчай тэрміналогіі, храналагічна ўпарадкаваным каментарыем да моўнай палітыкі і моўнай сітуацыі даследаванага перыяду.

 

Актыўны ўдзел у прэзентацыі прынялі многія вядомыя даследчыкі беларускай мовы, выступленні якіх выклікалі жывую цікавасць аўдыторыі, былі надзвычай пазнавальнымі і яркімі. Паводле высноў прафесара Генадзя Апанасавіча Цыхуна, кніга Германа Бідэра “Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка. Вільня, 1916” дазволіла прадставіць сутнасць і значэнне гэтага рукапіснага помніка, напісанага тагачаснай беларускай лацінкай, якое заключаецца ў вызначэнні нарматыўнасці нашай мовы. Г.А. Цыхуном былі ўзгаданы і словы К. Гутшміта (першаадкрывальніка рукапісу) пра тое, што з граматыкі Антона Луцкевіча пачаўся магістральны шлях упарадкавання беларускай мовы, што менавіта ён, а не Браніслаў Тарашкевіч, з’яўляўся аўтарам першай беларускай граматыкі.

 

У цікавым і змястоўным выступленні прафесара Мікалая Рыгоравіча Прыгодзіча таксама было выказана перакананне ва ўнікальнасці і грунтоўнасці прэзентуемай працы, якая ўражвае дэталізаваным аналізам граматычнага матэрыялу. М.Р. Прыгодзіч падзяліўся меркаваннем аб тым, што выданню яўна не хапае рэзюмэ на беларускай мове, а таксама ўнёс прапанову аб неабходнасці перакласці гэтую працу на беларускую мову пры фінансавай дапамозе Фонда фундаментальных даследаванняў, што было падтрымана ўсімі прысутнымі.

 

 

Падчас прэзентацыі дацэнт Сяргей Мікалаевіч Запрудскі ад імя аўтара двухтомніка ўрачыста перадаў у падарунак гэтае выданне ў бібліятэку Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Слова мелі таксама дацэнт Кацярына Пятроўна Любецкая, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка і дацэнт Ірына Уладзіміраўна Будзько, якія былі салідарны ў тым, што з’яўленне працы Германа Бідэра не мае прэцэдэнтаў у сучаснай беларусістыцы. Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка павіншаваў беларускіх навукоўцаў і ўсіх тых, каму не абыякавы лёс беларускай мовы, з гэтай важнай падзеяй у беларускім мовазнаўстве. І.В. Саверчанка нагадаў, што А. Луцкевіч быў таксама перакладчыкам Бібліі і Псалтыра, грамадскім дзеячам і філосафам, які першым падкрэсліваў неабходнасць развіцця культуры разам з гаспадаркай. І.У. Будзько акцэнтавала ўвагу на тым, што граматыка А. Луцкевіча змяшчае апісанне фанетыкі і марфалогіі, якoe базуецца на моўным узусе беларускай літаратурнай мовы нашаніўскага перыяду. Даследчыца выразіла ўпэўненасць у тым, што праца знойдзе вялікую колькасць зацікаўленых чытачоў, паколькі ўяўляе сабой узор метадалогіі і ў сувязі з гэтым абавязкова патрабуе перакладу на беларускую мову. Напрыканцы прэзентацыі І.Л. Капылоў выказаў шчырыя словы ўдзячнасці ўсім выступоўцам і прысутным, а таксама дырэктару Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандру Іванавічу Грушы за арганізацыю гэтага мерапрыемства. Згодна з прапановай І.Л. Капылова, матэрыялы выступленняў аўтарытэтных беларускіх вучоных, якія прынялі ўдзел у прэзентацыі выдання Германа Бідэра, будуць надрукаваны ў часопісе “Беларуская лінгвістыка”.

 

Герасімовіч В.В., кандыдат філалагічных навук,

старшы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы

Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа,

Снігірова Н.А., кандыдат філалагічных навук, дацэнт,

загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы

Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы