Новае жыццё старажытнага рукапісу

11 лістапада 2023 г. у Мірскім замку адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання ўнікальнага помніка старабеларускай пісьменнасці XVI ст. – Жухавіцкага Евангелля (названага так па месцы яго знаходжання – вёскі Жухавічы, што недалёка ад Міра).

Вяртанне страчаных каштоўнасцей нашай культуры – высакародная справа, якая распачалася ў Беларусі некалькі дзясяткаў гадоў таму. Так да шырокага кола чытачоў вернуты ў выглядзе факсімільных выданняў Полацкае Евангелле ХІІ ст., Жыровіцкае Евангелле XVI ст., Слуцкае Евангелле XVI ст., Жыціе Еўфрасінні Полацкай па спісах XVI ст. Надышоў час і для Жухавіцкага Евангелля, арыгінал якога захоўваецца ў Бібліятэцы імя Урублеўскіх у Літве.

Да факсімільнага выдання дадаецца і том даследаванняў моўных і мастацкіх асаблівасцей тэксту, адным з аўтараў якога з’яўляецца вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірына Уладзіміраўна Будзько. Яна правяла лінгватэксталагічнае апісанне рукапісу, вылучыла ў ім беларускія лакальныя моўныя адметнасці, устанавіла балгарскі тып пратографа старажытнага евангельскага тэксту.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы