ЗАКЛЮЧНЫ ЭТАП РЭСПУБЛІКАНСКАЙ АЛІМПІЯДЫ ПА ПРАДМЕТАХ “БЕЛАРУСКАЯ МОВА” І “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА” ЗАВЕРШАНЫ

25–29 сакавіка 2024 г. у Брэсце сабраліся найлепшыя знаўцы беларускай мовы і літаратуры сярод вучняў 9–11 класаў Рэспублікі Беларусь. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды прымалі ўдзел па адной камандзе ад кожнай вобласці і г. Мінска, а таксама каманда Ліцэя БДУ. 

Алімпіядны рух у Беларусі з’яўляецца адным з самых яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Алімпіяды па вучэбных прадметах садзейнічаюць павышэнню цікавасці да іх, развіццю творчых здольнасцей, паглыбленню ведаў і ўменняў вучняў, развіваюць сілу волі і настойлівасць, дапамагаюць самарэалізацыі асобы. Паспяховы ўдзел вучняў у рэспубліканскай алімпіядзе патрабуе інтэлектуальнай сталасці, камунікабельнасці, развітога вуснага і пісьмовага маўлення, умення канцэнтравацца на выкананні пастаўленай задачы. Дыплом на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды дае прэферэнцыі пры паступленні ў пэўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, пераможцы маюць права непасрэднага паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову па адпаведным профілі.

У склад журы акрамя выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў краіны і  прадстаўнікоў ДУА “Акадэмія адукацыі” ў гэтым годзе ўваходзілі і супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка.

Конкурсныя заданні былі традыцыйныя: у першы дзень выпрабаванняў вучні пісалі водгук на мастацкі твор, на другі дзень праводзілася комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры. Прыемна адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі алімпіяднікаў, якія здолелі ўразіць журы веданнем твораў беларускіх аўтараў, уменнем аналізаваць прачытанае, выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, аўтарскую пазіцыю, вызначаць ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці. Асобна хочацца адзначыць пісьменнасць удзельнікаў спаборніцтваў, здольнасць дакладна і прыгожа выкладаць свае думкі. Комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры вызначалася даволі цікавымі творчымі заданнямі, пры выкананні якіх вучні прадэманстравалі не толькі веды, але і крэатыўнасць мыслення.

У дні алімпіяды нам давялося не толькі ацэньваць работы яе ўдзельнікаў, але і кансультаваць іншых членаў журы па розных лінгвістычных пытаннях, якія ўзнікалі падчас праверкі работ, папулярызаваць дзейнасць Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і знаёміць з кніжнымі навінкамі, падрыхтаванымі вучонымі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Э.В. Ярмоленка, В.І. Уласевіч

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы