“Наш шлях памысны і высокі, бо ў родным краі гэты шлях”

Пад такой назвай (радкі з верша Навума Гальпяровіча) прайшла  творчая сустрэча  на базе Навасёлкаўскай сярэдняй школы і Дунілавіцкай сельскай бібліятэкі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, арганізаваная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. Мэта сустрэчы –  выхаванне патрыятызму і папулярызацыя духоўных каштоўнасцей у моладзі.  У мерапрыемстве прымалі ўдзел дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа  Ігар Капылоў, паэт, пісьменнік, публіцыст, вядучы праграм “Суразмоўцы”, “Дыялогі пра культуру”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч, генеральны дырэктар, заснавальнік і выдавец газет “Шапакляк”, “Друг пенсионера» Анатоль Гармаза, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Юлія Зарэцкая.

І. Л. Капылоў расказаў пра Інстытут мовазнаўства, асноўныя напрамкі і вынікі яго дзейнасці, працы, правёў прэзентацыю кнігі “Беларуская мова ад А да Я”.  Н. Я. Гальпяровіч  прачытаў свае вершы, даў парады, як перамагчы на алімпіядзе па беларускай літаратуры, адзначыў важнасць патрыятызму і духоўнасці як асновы нашай дзяржаўнасці.  А .І. Гармаза расказаў пра выданні, адрасаваныя дзецям і дарослым, адкрыў таямніцы творчасці мастака. Ю.Ф. Зарэцкая згадала цікавыя выпадкі працы ў часопісе “Вожык”. Падчас сустрэчы была наладжана зваротная сувязь з моладдзю. Дзеці шчыра дзяліліся сваімі ўражаннямі. Некаторыя школьнікі нават перадалі свае вершы на высокі суд майстроў слова.

Удзельнікі мерапрыемства падарылі кнігі і часопісы вучням і настаўнікам Навасёлкаўскай і Дунілавіцкай сярэдніх школ, а таксама чытачам Дунілавіцкай сельскай бібліятэкі.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы