
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў і загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Н.В. Паляшчук сустрэліся з навучэнцамі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Падчас сустрэчы вучоныя расказалі пра гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы, пісьмовыя помнікі перыяду XIV– XVIII стст. (Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, Слуцкае Евангелле, “Буквар” Спірыдона Собаля і інш.). Навучэнцы азнаёміліся са спецыфікай старабеларускага алфавіта і паспрабавалі прачытаць урывак на старабеларускай мове з “Аповесці пра Трышчана”, а таксама даведаліся пра лексікаграфічныя выданні Інстытута. У канцы сустрэчы вучоныя правялі віктарыну “Родныя словы” і падарылі калектыву каледжа кнігу “Беларуская мова ад А да Я”.









