Да 125-годдзя Кандрата Крапівы

5 сакавіка 2021 г. спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы, беларускага драматурга, паэта, празаіка, мовазнаўца, грамадскага дзеяча.

Амаль кожны беларус ведае яго як паэта і байкапісца, аднаго з таленавітых беларускіх драматургаў. Пра яго літаратурную творчасць і грамадскую актыўнасць сабрана шмат інфармацыі, аднак талент яго асобы не зводзіўся толькі да літаратурнай працы. Пра дзейнасць Крапівы-мовазнаўца ведаюць, магчыма, толькі спецыялісты, але гэта таксама вельмі змястоўная і выніковая старонка яго жыцця.

Сталая навуковая дзейнасць Кандрата Крапівы (Кандрата Кандратавіча Атраховіча) пачалася ў 1947 г. у Акадэміі навук. Спачатку ён кіраваў мовазнаўчым сектарам Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы, а праз 5 гадоў, у 1952 г., калі Інстытут мовазнаўства быў адноўлены як самастойная навукова-даследчая ўстанова ў структуры Акадэміі навук БССР, узначаліў яго. Да гэтага часу ён ужо абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, быў абраны членам-карэспандэнтам (1940), а пазней правадзейным членам Акадэміі навук БССР (1950). З 1956 па 1982 гг. Крапіва з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, але яго навуковая дзейнасць па-ранейшаму была цесна звязана з мовазнаўствам.

Менавіта ў гэты час ён прымаў удзел у якасці рэдактара ў стварэнні найбольш важных і грунтоўных прац у беларускім мовазнаўстве – руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў, “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы”, “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”.

Першы лексікаграфічны вопыт супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства набылі ў працэсе працы над нарматыўна-перакладным “Русско-белорусским словарем” у адным томе (1953 г.), рэдактарамі якога, акрамя Кандрата Крапівы, сталі правадзейны член АН БССР Якуб Колас і член-карэспандэнт АН БССР П.Ф. Глебка. Далейшым крокам у развіцці айчыннай лексікаграфіі з’явіўся выхад у свет аднатомнага “Беларуска-рускага слоўніка” (1962) пад рэдакцыяй славутага акадэміка. Перакладныя слоўнікі да гэтага часу не страцілі сваёй актуальнасці і значнасці, яны неаднаразова перавыдаваліся са змяненнямі і ўдакладненнямі і ляглі ў аснову апошніх перавыданняў, выкананых у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства ў 2012 г.

Добры знаўца жывога народнага слова, Кандрат Крапіва зрабіў значны ўклад у выданне “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” (1963). За ўдзел у комплексе прац па беларускай лінгвагеаграфіі Кандрат Крапіва ў складзе навуковага калектыву быў узнагароджаны ў 1971 г. Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Важнай падзеяй у навуковым і культурным жыцці краіны з’явіўся выхад у свет першага ў гісторыі беларускай лексікаграфіі “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (1977–1984) пад рэдакцыяй пісьменніка. Праца вялася не адно дзесяцігоддзе, выхад кожнага тома з прыхільнасцю ўспрымаўся навуковай грамадскасцю. Гэта важкая праца і сёння з’яўляецца настольнай кнігай для кожнага, хто цікавіцца родным словам, яна служыць арыенцірам правільнага выкарыстання, вымаўлення і напісання слоў, садзейнічае павышэнню культуры мовы самых шырокіх чытацкіх колаў.

Акрамя рэдагавання слоўнікаў, слынны пісьменнік прымаў удзел у падрыхтоўцы падручнікаў для ВНУ, уласнаручна пісаў водзывы на дысертацыі мовазнаўчай тэматыкі, ён узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай савецкай энцыклапедыі і непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі розных галін навукі.

Значнае месца ў яго дзейнасці займалі пытанні культуры мовы. Як майстар мастацкага слова Кандрат Крапіва не толькі садзейнічаў фарміраванню беларускай літаратурнай мовы, станаўленню і замацаванню яе нормаў, але і заклікаў іншых пісьменнікаў быць уважлівымі да слова і шанаваць, у першую чаргу, народную гаворку: “з боку пісьменніка да гэтага народнага скарбу павінны быць самыя ўважлівыя і любоўныя адносіны. Не псаваць, не раскідаць гэтага народнага дабра, а па меры сіл памнажаць і ўдасканальваць”.

Моўныя пытанні Кандрат Кандратавіч разглядаў і на тэарэтычным узроўні. Яму належыць шэраг лінгвістычных артыкулаў, прысвечаных пытанням правапісу, граматычнага ўнармавання (пазбаўленне марфалагічных варыянтаў), лексічнай нормы (мэтазгоднасць ужывання аўтарскіх наватвораў, дыялектнай лексікі, архаізмаў і пад.), – “Шкодная блытаніна ў пытаннях мовы” (1949), “Аб прынцыпах удакладнення беларускага правапісу” (1952), «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства» (1972), «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1979).

У 1950-я гады, калі разгарнулася дыскусія па пытаннях беларускага правапісу, Кандрат Крапіва ўзначаліў Арфаграфічную камісію АН БССР. На падставе яго прапаноў у працэсе абмеркавання “Праекта змен і ўдакладненняў беларускага правапісу” было праведзена шмат правак і змен.

На пасадзе віцэ-прэзідэнта Кандрат Крапіва быў больш за чвэрць стагоддзя – да 1982 года, і толькі тады па яго ўласнай просьбе яго вызвалілі ад гэтага абавязку і перавялі на пасаду старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта. Памёр пісьменнік на 95 годзе жыцця ў 1991 г.

Розныя аспекты дзейнасці Кандрата Крапівы былі адзначаны яшчэ пры жыцці творцы. Ён неаднаразова быў узнагароджаны ордэнамі, медалямі і ганаровымі граматамі. А сёння імя Кандрата Крапівы носяць Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2, вуліцы ў Мінску і Уздзе, дзе ён нарадзіўся.

 

А.М. Анісім

А.М. Лапцёнак

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы