Дзень беларускага пісьменства ў Івацэвічах

31 жніўня ў рамках Дня беларускага пісьменства ў г. Івацэвічы Брэсцкай вобласці прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Івацэвіцкія чытанні – 2024”, арганізаваная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. З вітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Лакотка А.І., начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрыевіч У.У., дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Кузьмін А.А., прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт Зелянко В.У., старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Крыванос Л.М.

Тэматыка дакладаў была надзвычай разнастайная: культура і мастацтва (дасягненні за 30 гадоў Інстытута прэзідэнцтва), беларуская гісторыя і культура ў творах літаратуры,  асаблівасці гаворак Івацэвіцкага краю, назвы населеных пунктаў Івацэвіччыны і назвы вуліц райцэнтра, фальклорныя традыцыі, невядомыя старонкі гісторыі раёна, славутыя ўраджэнцы Івацэвіцкага раёна і інш. Важна, што ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі раёна, а таксама моладзь.

За ўклад у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны  прадстаўнікі раёна былі ўзнагароджаны Граматай Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў і падарункамі.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы