28 лютага 2017 года адбыўся навукова-практычны семінар “Упарадкаванне тэрміналагічнага апарату: фізіка, матэматыка, інфарматыка”.

У рабоце семінара прынялі ўдзел

Капылоў І. Л, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей І.У.Кандраценя, член-карэспандэнт НАН Беларусі,старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.А. Лукашанец, вядучы навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі А.Г. Бураўкін, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі НІА Л.А. Ісачанкава, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М. Танка Д.В. Дзятко, супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і настаўнікі сярэдніх агульнаадукацыйных школ з беларускай мовай навучання Мінскай вобласці.

З вітальным словам да ўдзельнікаў навукова-практычнага семінара звярнуўся дырэктар Цэнтра акадэмік А.І. Лакотка. І.Л. Капылоў расказаў аб спецыфіцы навуковых даследаванняў, якія вядуцца ў інстытуце, акрэсліў прыярытэтныя і перспектыўныя напрамкі ў дзейнасці ўстановы. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што менавіта стварэнне Навукова-тэрміналагічнай камісіі ў 1921 годзе з’явілася асновай, на якой стваралася пазней Акадэмія навук БССР.

І.У. Кандраценя звярнула ўвагу удзельнікаў семінара на цесную ўзаемасувязь уздымаў і спадаў тэрміналагічнай (і асабліва тэрмінаграфічнай) працы са знешнімі ўмовамі функцыянавання беларускай мовы: пікі тэрмінаграфічнай дзейнасці прыпадаюць на 20-я і 90-я гады ХХ ст. Калі ў 20-я гады былі закладзены асновы нацыянальна маркіраванай беларускай тэрміналогіі, то ў 90-я гады пасля прыняцця Закона аб мовах адбыўся сапраўдны тэрмінаграфічны выбух: пабачылі свет звыш 200 тэрміналагічных слоўнікаў.

З цікавасцю было выслухана і ўспрынята выступленне А.А. Лукашанца, які падкрэсліў, што беларуская мова як высокаразвітая сістэма здольна абслугоўваць усе без выключэння сферы  грамадскага жыцця, аднак многіх стрымлівае пэўны псіхалагічны бар’ер і ў шэрагу выпадкаў – недастатковая моўная кампетэнцыя. А.А. Лукашанец адказаў на пытанні прысутных, якія датычылі як моўнай сітуацыі ў краіне, так і асобных лінгвістычных фактаў і з’яў. Актуальнасцю і практычнай значнасцю вызначалася выступленне Д.В. Дзятко, які даследаваў беларускую матэматычную тэрміналогію. У сувязі з яго паведамленнем ўдзельнікамі семінара абмяркоўваліся канкрэтныя тэрмінаграфічныя факты: адыход у пасіўны запас адных тэрмінаў і актуалізацыя іншых, тэрміналагічная сінанімія; праблемы адаптацыі тэрмінаў іншамоўнага паходжання. Начальнік вучэбна-метадычнага аддзела фізіка-матэматычных дысцыплін і інфарматыкі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі З.П. Федаровіч шчыра падзякавала дырэкцыі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа за надзвычай карыснае і выніковае мерапрыемства, выказала зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве дзвюх устаноў. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб правядзенні навукова-практычнай каферэнцыі з удзелам распрацоўшчыкаў беларускай навуковай тэрміналогіі і непасрэдных яе карыстальнікаў.

Аддзяленнем фізіка-матэматычных навук НАН Беларусі для ўдзельнікаў семінара была арганізавана цікавая і пазнавальная экскурсія ў Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, дзе настаўнікам прадэманстравалі розныя беларускамоўныя інфармацыйныя прадукты (напр., сінтэзатар маўлення, шэраг мабільных дадаткаў), а таксама прадаставілі магчымасць  наведаць Цэнтр кіравання палётамі касмічнымі апаратамі і пазнаёміцца са спадарожнікавай сістэмай навігацыі краіны. Удзельнікі семінара наведалі экспазіцыю археалагічнага музея Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Навукова-практычны семінар па праблемах упарадкавання беларускай тэрміналогіі прайшоў з узаемнай зацікаўленасцю і карысцю для ўсіх яго ўдзельнікаў.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы