
2 красавіка 2026 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася дыялогавая пляцоўка «Персанажы ў беларускіх казках: этыялогія і этымалогія найменняў». Арганізатарамі мерапрыемства сталі сектар этналінгвістыкі і фальклору і факультэт пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
У ходзе мерапрыемства студэнты пагрузіліся ў разнастайнасць аспектаў вывучэння народнай творчасці: ад этымалогіі імёнаў казачных персанажаў да своеасаблівай казачнай тапаніміі, якая сустракаецца ў тэкстах, а таксама пазнаёміліся з беларускімі міфалагічнымі наратывамі і павер’ямі пра ваўкалакаў. З дакладамі перад студэнтамі выступілі даследчыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа: загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Алена Боганева, малодшы навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору Цімур Буйко і загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Таццяна Аліферчык.

Важнай падзеяй сустрэчы стала прэзентацыя ўнікальнага электроннага рэсурсу «Беларуская народная казка» (https://bnkorpus.info/kazki/). Загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Таццяна Валодзіна падрабязна расказала, як на сайце можна знайсці аўтэнтычныя запісы казак (тэксты і аўдыёзапісы), сабраныя фалькларыстамі ў 1970-2000-я гады.
Падводзячы вынікі, удзельнікі адзначылі высокую важнасць захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны і выкарыстання лічбавых архіваў у сучасным адукацыйным працэсе. Студэнты падзякавалі арганізатарам за жывы дыялог і магчымасць далучыцца да першакрыніц народнай мудрасці.
Г. Станкевіч






