Адметнай падзеяй у грамадскім жыцці Беларусі стаў візіт у нашу краіну ў пачатку снежня маршалка сената Польшчы Станіслава Карчэўскага. Гэты візіт з'яўляецца знакавым не толькі для сферы грамадска-палітычных і эканамічных дачыненняў паміж Беларуссю і Польшчай, але і навуковых, бо сярод мноства запланаваных на час знаходжання мерапрыемстваў было таксама наведанне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Накірунак на ўзмацненне навуковых акадэмічных стасункаў пачаўся вясной гэтага года. Якраз з 21 па 23 сакавіка па запрашэнні ПАН у Варшаве знаходзілася дэлегацыя навукоўцаў НАН Беларусі, якую ўзначальваў старшыня Прэзідыума акадэмік У. Гусакоў. Візіт у Беларусь польскай навуковай эліты на чале з прэзідэнтам ПАН Ежы Душыньскім замацаваў папярэдне падпісаныя дамоўленасці аб актывізацыі навуковага ўзаемадзеяння. Акадэмічная сустрэча прадстаўнікоў кіроўчых і навуковых эліт Беларусі і Польшчы 5 снежня — гэта новае сведчанне аб паглыбленні і ўзмацненні разнавектарнага навуковага супрацоўніцтва, якое абавязкова прынясе свой плён і станоўчыя вынікі.
Сталася так, што якраз у гэты час, рэалізуючы дамоўленасць аб сумесным супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы ў рамках выканання навукова-даследчага праекта “Дыялекталагічныя даследаванні ў галіне польскай і беларускай мовы”, з 28 лістапада па 2 снежня ў Варшаве знаходзіліся дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры І. Л. Капылоў і каардынатар праекта з беларускага боку загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В. М. Курцова. У Інстытут славістыкі ПАН яны былі запрошаны, каб найперш абмеркаваць вынікі зробленага, канкрэтызаваць бягучыя і перспектыўныя планы супольнай працы. Даследчыкам было аб чым паразважаць, бо ў гэтым годзе дзякуючы высілкам супрацоўнікаў акадэмічных інстытутаў была праведзена дыялекталагічная экспедыцыя на Беласточчыну. Падчас палявых даследаванняў удалося запісаць вялікую колькасць тэкстаў сучаснага беларускага маўлення ад мясцовых жыхароў ваколіц Супрасля. Сёлета ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа таксама прайшла міжнародная беларуска-польская навуковая канферэнцыя “Беларуска-польскія культурна-моўныя ўзаемадачыненні: ад гісторыі да сучаснасці”, арганізаваная сумеснымі намаганнямі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі і Інстытута славістыкі ПАН.
Практычная скіраванасць у навуковым супрацоўніцтве даследчыкаў ужо сёння дазваляе ім рэпрэзентаваць вынікі сваёй працы. Таму ў час знаходжання ў Польшчы І. Л. Капылоў і В. М. Курцова па просьбе кіраўніцтва Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта выступілі з навуковымі лекцыямі перад супрацоўнікамі кафедры, яе дактарантамі і магістрантамі, студэнтамі. Так, І. Л. Капылоў прачытаў лекцыю “Тапанімія Беларусі ў яе сувязі з матэрыяльнай і духоўнай культурай народа”, В.М. Курцова — “Асноўныя напрамкі даследаванняў і іх вынікі ў галіне беларускай нацыянальнай дыялекталогіі ў ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя”. Ці былі запатрабаваны гэтыя лекцыі, сведчыць наступны факт: дакладчыкі непасрэдна ад студэнтаў атрымалі просьбу-запрашэнне прыехаць да іх у наступным годзе і прачытаць новыя лекцыі, выступоўцы пачулі таксама цёплыя словы шчырай падзякі ад слухачоў. Гэта высокая ўзнагарода за зробленае. Розгалас пра лекцыі хутка разышоўся сярод польскіх навукоўцаў, выкладчыкаў гуманітарных дысцыплін універсітэта. Таму, каб убачыць асабіста беларускіх навукоўцаў, павітаць іх, спецыяльна прыйшла вядомы славіст, першы пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, знакаміты прафесар Эльжбета Смулкова. Яе словы, ацэнкі, меркаванні маюць асаблівую вагу сярод лінгвістаў-навукоўцаў, таму яе ўвага да дакладчыкаў — гэта знак прызнання вартасці і карыснасці зробленага.
У час візіту І. Л. Капылоў і В. М. Курцова таксама прынялі ўдзел у яшчэ адным адметным мерапрыемстве. Па ініцыятыве вядомай славісткі А. Абрэмбска-Яблоньскай 60 гадоў назад была створана Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. З гэтай нагоды 30 лістапада ў Зале сената Казіміраўскага палаца Варшаўскага ўніверсітэта адбыліся вялікія ўрачыстасці. Павіншаваць юбіляраў сабраліся не толькі слынныя навукоўцы-беларусісты з усёй Польшчы, прадстаўнікі пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, шматлікія дэлегацыі з Беларусі, але і тыя, хто кіраваў гэтай кафедрай у розныя часы, ствараў і памнажаў яе набыткі і дасягненні. Цёплыя словы юбілярам адрасавалі і прадстаўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, якія выступілі з вітальнымі словамі ад супрацоўнікаў акадэмічнай установы.
Кафедральнаму святу была прысвечана міжнародная навуковая канферэнцыя “Польска-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі”. Вельмі сур'ёзныя прапановы аб перспектыўных напрамках пашырэння навуковага ўніверсітэцкага і акадэмічнага супрацоўніцтва былі зроблены І.Л. Капыловым у дакладзе “Перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва Інстытута мовазнаўства Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта”, з якім ён выступіў на пленарным пасяджэнні. Прачытаны даклад выклікаў жывую цікавасць у аўдыторыі, прафесарска-выкладчыцкай супольнасці кафедры. Пра значнасць і практычную накіраванасць прапаноў сведчыць вялікі інтарэс да яго прадстаўнікоў польскіх медыйных службаў. Таму інтэрв'ю былі дадзены журналістам радыё “Палонія”, радыё Беласточчыны, прадстаўнікам мясцовага тэлебачання. І. Л. Капылоў адзначыў, што сёння ёсць не толькі вялікая прастора для ажыццяўлення сумесных праектаў у галіне корпуснай лінгвістыкі, але і правядзенні агульных даследаванняў на Беласточчыне, у стварэнні інавацыйных праектаў — анамастычных атласаў, гукавых фондаў традыцыйнага беларускага маўлення і інш. — на аснове назапашаных матэрыялаў з беластоцкага рэгіёна.
Не меншую зацікаўленасць праявілі прысутныя і да даклада В. М. Курцовай “Беларускі дыялектны кантынуум ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў: гаворкі Беласточчыны”. Дакладчыкам былі адзначаны змены, якія адбыліся ў беларускім дыялектным ландшафце на працягу амаль стагоддзя, падрабязна, на аснове звестак, атрыманых у час дыялекталагічных выездаў у супрасльскі рэгіён Беласточчыны ў 2015 і 2016 гг., ахарактарызаваны моўныя працэсы, якія назіраюцца ў сучаснай беларускай гаворцы за яе дзяржаўнымі межамі. В. М. Курцова таксама спецыяльна звярнула ўвагу на тое, што аб'яднаўшы намаганні супрацоўнікаў Кафедры беларусістыкі, навукоўцаў акадэмічных устаноў польскага і беларускага бакоў, сумесны плён даследчай працы і яе практычнае выкарыстанне ў вучэбным працэсе можа быць яшчэ больш значным па выніках.
Жаданне пашырыць сферы навуковай дзейнасці і ўбачыць рэальныя вынікі сумесных даследаванняў, бясспрэчна, не магчымыя пры адсутнасці зацікаўленасці да такой працы з боку дзяржаўных структур абедзвюх краін — Польшчы і Беларусі. Сёння навуковыя колы з'яўляюцца сведкамі адкрытага працэсу актывізацыі акадэмічных узаемадачыненняў у розных галінах навукі. Думаецца, што прынятыя дзяржаўныя намаганні на плённае навуковае супрацоўніцтва будуць падмацаваны адпаведнымі фінансавымі сродкамі. У такім выпадку навукоўцы абавязкова ўвасобяць задумы ў канкрэтныя навуковыя працы, накіраваныя на развіццё не толькі фундаментальнай навукі, але і іх практычнае выкарыстанне.
Вераніка Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеагарфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа,
Міраслаў Янковяк, кандыдат філалагічных навук Інстытута славістыкіПольскай акадэміі навук