Пайшоў з жыцця Мікалай Нілавіч Крыўко

7 снежня не стала нашага калегі — вядомага мовазнаўца, вопытнага лексіколага і лексікографа, кандыдата філалагічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Мікалая Нілавіча Крыўко.

Мікалай Нілавіч нарадзіўся 16 ліпеня 1949 года ў вёсцы Манякова Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. У 1968 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1971 годзе з працай «З гаворкі вёскі Манякова Дзісенскага раёна Віцебскай вобласці» Мікалай Нілавіч заняў 1-е месца на Усесаюзным конкурсе навуковых студэнцкіх работ па філалогіі. Пасля заканчэння ВНУ ў 1972 годзе прайшоў па конкурсе на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР і з 25 жніўня 1972 года прыступіў да працы. У 1985 годзе Мікалай Нілавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Ацэначныя найменні асоб у гаворках Мёрскага раёна Віцебскай вобласці» (навуковы кіраўнік — доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт АН БССР Ю. Ф. Мацкевіч). У красавіку 1997 года быў пераведзены на пасаду вядучага навуковага супрацоўніка.

За час працы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Мікалай Нілавіч прымаў удзел у падрыхтоўцы такіх навуковых прац, як двухтомны і трохтомны «Руска-беларускі слоўнік» (2-е — 8-е выданні), двухтомны «Беларуска-рускі слоўнік», пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», пяцітомны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 4, 5). Мікалай Нілавіч з’яўляецца асноўным суаўтарам і адным з навуковых рэдактараў аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (1996). Гэтая праца аказалася надзвычай запатрабаванай, і Мікалаем Нілавічам былі падрыхтаваны тры перавыданні слоўніка. У якасці аўтара-ўкладальніка ўдзельнічаў і ў падрыхтоўцы новага аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (2016), створанага і выдадзенага ў адпаведнасці з Законам «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2010).

Мікалай Нілавіч з’яўляецца суаўтарам і адным з навуковых рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка для ваенных», рэдактарам-складальнікам «Руска-беларускага слоўніка агульнаўжывальнай лексікі». Як адзін з самых вопытных лексікографаў краіны, прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да выдання фундаментальнай працы — шматтомнага «Слоўніка мовы “Нашай Нівы”».

За час сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Нілавіч напісаў каля 400 навуковых, навукова-папулярных і энцыклапедычных прац, якія былі апублікаваны ў асобных кнігах, на старонках спецыялізаваных часопісаў і ў перыядычных выданнях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Днепрапятроўска, Гомеля, Гродна, Мсціслава і інш. Значны час з’яўляўся членам рэдакцыйнай калегіі, а затым рэдакцыйнай рады часопіса «Роднае слова». За дасягненні ў навуковай дзейнасці, за ўкладанне і навуковае рэдагаванне аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» ў 1998 годзе Мікалай Нілавіч стаў лаўрэатам прэміі НАН Беларусі.

Як у любога творчага чалавека, былі ў Мікалая Нілавіча таксама іншыя навуковыя праекты. Адным з іх з’яўляецца «Слоўнік Дзісеншчыны», матэрыял для якога аўтар збіраў на сваёй радзіме. Няма сумненняў, што, зафіксаваўшы знаёмыя з маленства словы роднай гаворкі, Мікалай Нілавіч падрыхтаваў у выніку якасны і ўзорны дыялектны слоўнік, які яшчэ чакае свайго выдаўца. Застаўся нявыдадзеным і праект усяго жыцця Мікалая Нілавіча — шматтомны «Слоўнік сінонімаў беларускай мовы». Разам з тым значная частка рукапісных матэрыялаў ужо набрана і адрэдагавана самім аўтарам, што дазваляе спадзявацца на хуткі выхад гэтай фундаментальнай працы ў свет. Будучы апублікаваным, «Слоўнік сінонімаў беларускай мовы» стане сапраўдным помнікам шаноўнаму Мікалаю Нілавічу.

 

Супрацоўнікі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы