Дыялекталагічная экспедыцыя ў Кіраўскі раён

З 26 па 30 чэрвеня 2023 года супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа знаходзіліся ў планавай дыялекталагічнай экспедыцыі, якая праходзіла ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Гэтым разам даследчая група складалася з супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вадзіма Шклярыка і Ірыны Галавіной і супрацоўніцы аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасіі Марозавай.

Падчас экспедыцыі запісы ўзораў дыялектнага маўлення былі зроблены ў аграгарадках Баравіца, Любонічы, Стайкі і вёсках Боркі, Казулічы, Капусціна, Скачок Кіраўскага раёна. Варта адзначыць, што ў вёсцы Капусціна здаўна пражываюць стараверы («кацапы» па-мясцоваму), таму запісаная на дыктафон размова з мясцовай жыхаркай Фёклай Агапееўнай Лапухінай 1938 г. н. стала каштоўным папаўненнем аўдыякалекцыі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі.

Па зразумелых прычынах у працэсе дыялекталагічных выездаў даследчыкам, на жаль, рэдка ўдаецца знайсці інфармантаў з ліку мужчын сталага веку. Аднак Кіраўскі раён стаў у пэўнай ступені выключэннем: у аграгарадку Любонічы нам удалося паразмаўляць з Іванам Адамавічам Салановічам 1933 г. н., а ў вёсцы Казулічы – з Андрэем Мікітавічам Падаляком 1931 г. н.

Плённая праца па зборы дыялектнага матэрыялу стала магчымай дзякуючы спрыянню прадстаўнікоў раённых улад і работнікаў сферы культуры. Так, у планаванні выездаў дапамогу аказалі начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Кіраўскага райвыканкама В. Л. Бяляўская і загадчык сектара культуры Кіраўскага райвыканкама Л. П. Гаўрылава. Непасрэдна ў населеных пунктах сустрэчы з інфармантамі былі арганізаваны пры ўдзеле супрацоўнікаў сельскіх выканкамаў і ўстаноў культуры.

Аформленыя ў выглядзе тэкстаў запісы з Кіраўскага раёна будуць адлюстраваны ў выданнях «Беларуская дыялекталогія» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона», а ў аўдыяфармаце – у нацыянальным гукавым фондзе беларускай мовы.

 

Вадзім Шклярык

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы