Беларуска-польскія моўныя стасункі разглядалі ў НАН Беларусі

Беларуска-польскія моўныя стасункі разглядалі на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, што праходзіла ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акрамя айчынных даследчыкаў, у ёй прынялі ўдзел спецыялісты з Польскай акадэміі навук.


Сувязі літаратурныя і культурныя, узаемапранікненне дзвюх моў сталі аб'ектам самай пільнай увагі даследчыкаў. Так, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вераніка Курцова вывучала беларускія гаворкі Беласточчыны. Яна звярнула ўвагу на тое, што дыялекты часта недаацэньваюць. Іх прынята лічыць тым, што неўзабаве павінна ўліцца ў літаратурную мову. Навукоўцы ранейшых часоў меркавалі, што ў XXІ стагоддзі дыялекты зусім знікнуць з моўнай карты. Аднак гэтага не адбылося. Гаворкі і сёння з'яўляюцца тым багаццем, якім поўніцца моўная скарбніца краіны.

Доктар гуманітарных навук з Польшчы Малгажата-Марыя Аструўка расказала, што Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук ужо пяць дзесяцігоддзяў супрацоўнічае з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Палякі вывучаюць польскія гаворкі ў Беларусі. А беларусы, у сваю чаргу, — беларускія гаворкі ў Польшчы. За каардынаванне такога праекта Малгажата ўганаравана на канферэнцыі ў Мінску спецыяльным дыпломам. Такую ж узнагароду атрымаў і яе калега, доктар гуманітарных навук Міраслаў Янковяк. Ён непасрэдна вывучае беларускія гаворкі, пра што і расказаў карэспандэнту «Звязды»:

— Я меў магчымасць даследаваць гаворкі беларусаў не толькі на тэрыторыі Польшчы (Падляшша і Беласточчыны), але і Літвы, Латвіі, Расіі (паўднёвай Пскоўшчыны). Калі народ жыве па-за межамі сваёй краіны, то, натуральна, ён часта дзвюх-, трох-, а то і чатырохмоўны. Гэта тычыцца і тых, з кім мне даводзілася кантактаваць падчас даследаванняў. Людзі часта размаўляюць, напрыклад, на беларускай і польскай, беларускай і літоўскай мовах. Найгорш структура беларускіх гаворак захавалася на тэрыторыі Расіі і Латвіі, найлепш — у Польшчы і Літве. Гэта звязана з тым, што, напрыклад, у Польшчы і дагэтуль ёсць школы на беларускай мове, маецца падтрымка з боку дзяржавы, працуюць грамадска-культурныя таварыствы, якія падтрымліваюць мову.

Цікава прасачыць і сацыяльны статус беларусаў з Польшчы, якія размаўляюць на роднай мове. Па словах эксперта, гэта перш за ўсё людзі, якія жывуць у вёсцы, — цалкам натуральна, што яны карыстаюцца дыялектам. З іншага боку, Міраслаў назірае такую тэндэнцыю сярод беларускай інтэлігенцыі, што жыве за мяжой: яны свядома выбіраюць і падтрымліваюць мову.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, Звязда

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы