ЖЫЦЦЁ, АДДАНАЕ НАВУЦЫ (да 90-годдзя з дня нараджэння акадэміка А. І. Падлужнага)

Сёлета 16 жніўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага лінгвіста, акадэміка Акадэміі навук Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Падлужнага. Яго навуковы і творчы лёс непарыўна звязаны з Інстытутам мовазнаўства, а справай жыцця стала дзейнасць па даследаванні фанетычнага ўзроўню беларускай мовы. Дзякуючы выключнай руплівасці, шматграннасці таленту вучонага, бясспрэчным арганізатарскім здольнасцям айчынная лінгвістыка развівалася ў найбольш прыярытэтных кірунках, задавальняючы патрэбы навуковай грамадскасці і вышэйшай школы ў фундаментальных працах нарматыўнага характару.

Нарадзіўся Аляксандр Іосіфавіч 16 жніўня 1935 г. у вёсцы Залессе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і калгаснікаў. Пасля заканчэння Мсціслаўскага педагагічнага вучылішча паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які паспяхова скончыў у 1959 г. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Раснянскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У 1962 г. А. І. Падлужны паступіў у аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. Малады даследчык бярэцца за адну з найбольш актуальных і малараспрацаваных праблем айчыннага мовазнаўства – фаналогію. У выніку ў 1967 г. абараняе кандыдацкую дысертацыю па тэме «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы». Гэтая падзея паклала пачатак якасна новаму ўзроўню вывучэння гукавога ладу мовы – эксперыментальна-фанетычнаму.

У 1969 г. А. I. Падлужны стварае лабараторыю эксперыментальнай фанетыкі пры Інстытуце мовазнаўства. Тут пры дапамозе адпаведнага тэхнічнага абсталявання фіксаваліся нюансы вымаўлення, якія немагчыма было ўлавіць на слых. Інструментальны аналіз дазволіў атрымаць больш поўнае ўяўленне пра фанетычны ўзровень беларускай мовы, акустычныя і артыкуляцйныя характарыстыкі галосных і зычных гукаў. Вынікі праведзеных даследаванняў рэгулярна публікаваліся ў аўтарскіх і калектыўных манаграфіях. Так, у 1973 г. выходзіць кніга А. І. Падлужнага «Гукі беларускай мовы» (у суаўтарстве з В. М. Чэкманам), якая стала значным крокам на шляху стварэння навуковай апісальнай фанетыкі сучаснай літаратурнай мовы. У манаграфіі «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977) на аснове даных самых новых на той час электронных прыбораў пададзена характарыстыка гукаў з пункту погляду акустыкі моўнага сігналу і яго ўспрымання. Па гэтай праблеме ў 1981 г. вучоны абараніў доктарскую дысертацыю «Фанетычная сістэма беларускай мовы (эксперыментальна-фанетычнае даследаванне гукавога складу)», дзе ўпершыню ў беларусістыцы прыведзены эксперыментальныя даныя пра акустычную будову маўлення, зроблена іерархічная класіфікацыя акустычных прымет маўленчага сігналу, устаноўлена сегментная структура беларускага маўлення і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў.

Калектыўныя манаграфіі «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983) значна пашыраюць абсяг эксперыментальна-лінгвістычных пошукаў. Тут пададзены абагульненыя звесткі пра спалучальнасць гукаў у межах беларускіх і іншамоўных лексем, апісаны асаблівасці іх успрымання носьбітамі мовы, разгледжаны ўзаемаадносіны паміж арфаэпіяй і пісьмом, прадстаўлены вынікі даследавання рэдукцыі галосных і камбінаторных змяненняў зычных гукаў.

З 1983 г. А. І. Падлужны працуе на пасадзе намесніка дырэктара Інстытута мовазнаўства па навуковай рабоце, з 1989 па 2003 гг. кіруе ўстановай. З 1992 г. узначальвае аддзел сучаснай беларускай мовы. Адначасова з 1997 па 2002 гг. А. I. Падлужны быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.

Асноўныя напрамкі даследчай дзейнасці вучонага – фанетыка і фаналогія роднай мовы. Разам з тым ён займаўся распрацоўкай актуальных праблем нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення, граматыкі і арфаграфіі, лексікалогіі і лексікаграфіі. Вынікі гэтых даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў раздзелах «Фанетыка» і «Арфаэпія» акадэмічнай «Беларускай граматыкі» (1985), запатрабаваным нарматыўным «Слоўніку беларускай мовы: Арфаэпія. Арфаграфія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» (1987), у шэрагу падручнікаў для ВНУ, сярод якіх «Фанетыка беларускай мовы» (1984), «Практыкум па фанетыцы беларускай мовы» (1989), «Учебник белорусского языка для самообразования» (1994) і інш. А. І. Падлужны – навуковы рэдактар і адзін з аўтараў кнігі «Беларуская мова: Цяжкія выпадкі фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі» (1987), зборніка «Культура беларускай мовы» (1991), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990).

Вядомы вучоны шчодра дзяліўся набытымі ведамі і багатым вопытам са сваімі вучнямі. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена 14 кандыдацкіх і 1 доктарская дысертацыя. Клопатам пра якасную падрыхтоўку ў краіне высокакваліфікаваных кадраў была прасякнута дзейнасць акадэміка А. І. Падлужнага на пасадзе старшыні савета па абароне дысертацый пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, які ён узначальваў з 1989 па 2003 год.

Даследаванні А. І. Падлужнага добра вядомы не толькі айчынным вучоным, але і лінгвістам замежжа. Нязменна выклікалі цікавасць калег яго даклады па фанетыцы і фаналогіі на пасяджэннях Міжнароднай камісіі Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа пры Міжнародным камітэце славістаў. З 1989 па 2005 гг. вучоны быў галоўным рэдактарам штогодніка «Беларуская лінгвістыка», у 1997–2003 гг. – галоўным рэдактарам часопіса «Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук».

Як адзін з актыўных арганізатараў мовазнаўчай навукі ў Беларусі А. І. Падлужны ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1983), ордэнам «Знак Пашаны» (1986), стаў заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь (1999).

Біяграфія акадэміка А. І. Падлужнага – яркі прыклад гарманічнага спалучэння таленту арганізатара навукі і вучонага-даследчыка. На любой пасадзе ўсе сілы, веды і здольнасці ён умеў скіраваць на прагрэсіўнае развіццё навукі. Сёння ідэі вучонага знаходзяць плённы працяг у працах цэлай плеяды ўдзячных вучняў і паслядоўнікаў, у дзейнасці аддзела сучаснай беларускай мовы. Шануючы памяць Аляксандра Іосіфавіча, супрацоўнікі аддзела да 80-годдзя з дня нараджэння даследчыка падрыхтавалі зборнік «Выбраныя працы», дзе сабраны артыкулы, што адлюстроўваюць асноўныя напрамкі навуковай працы акадэміка. Сёлета да 90-гадовага юбілею А. І. Падлужнага прымеркавана правядзенне Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Роднае слова на хвалях часу».

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы