Грамадскае абмеркаванне навуковай работы “Лексікаграфічнае апісанне слоўнага фонду беларускай мовы XIV–XVIII стст.

“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” ў 37 выпусках – першае завершанае ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве лексікаграфічнае апісанне лексікі эпохі станаўлення беларускай народнасці.
 
18 чэрвеня 2020 года ў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца пашыранае пасяджэнне вучонага савета Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, на якім будзе праводзіцца грамадскае абмеркаванне навуковай работы “Лексікаграфічнае апісанне слоўнага фонду беларускай мовы XIV–XVIII стст. («Гістарычны слоўнік беларускай мовы» ў 37 выпусках)” (аўтарскі калектыў: Жураўскі А.І., Булыка А.М., Крамко І.І., Мяснікова В.У., Федарэнка Г.У.), дапушчанай да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне Дзяржаўнай прэміі ў вобласці навукі і тэхнікі 2020 г. 

 
Слоўнік стаіць ў адным шэрагу з такімі фундаментальнымі працамі, як “Słownik staropolski” (Варшава, 1953–2002), “Słownik polszczyzny XVI wieku” (Вроцлаў, Варшава, выдаецца з 1966 г), “Словарь русского языка XI–XVII вв.” (Масква, з 1975 ), “Словарь древнерусского языка” (ХI–XVI вв.) (Масква, з 1988), “Словарь русского языка XVIII в.” (Санкт-Пецярбург, з 1984), “Словник украïнськоï мови XIV–XV стст.” (Кіеў, 1977–1978), “Словник украïнськоï мови XIV – першоï половини XVІІ ст.” (Кіеў, з 1994) і іншыя. 
 
У “Гістарычным слоўніку беларускай мовы” змешчана больш за 75 тысяч слоў, зафіксаваных у летапісах, хроніках, статутах, рыцарскіх раманах, мемуарных, публіцыстычных творах ХІV–ХVІІІ стст. Прадстаўлена лексіка Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Фёдара Еўлашоўскага, Мацея Стрыйкоўскага, Іпація Пацея, Пятра Скаргі. Сярод названых лексікаграфічных крыніц цалкам выдадзены на сённяшні дзень толькі адзінкавыя, таму з выданнем слоўніка айчынныя лінгвісты апярэдзілі многіх замежных калег.
 
Да пашыранага пасяджэння вучонага савета мы атрымалі водгукі і меркаванні пра вышэйназваную навуковую работу вучоных, даследчыкаў – мовазнаўцаў, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, педагогаў, якія высока ацанілі ўзровень гэтага выдання. 
 
Прапануем усім жадаючым далучыцца да абмеркавання работы, даць уласную ацэнку, выказаць сваё меркаванне! Свае водгукі і меркаванні можна накіроўваць на электронны адрас secretar@nlb.by да 17 чэрвеня!

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы