Запрашаем правесці з намі Тыдзень роднай мовы!

Кожны год 21 лютага ва ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, галоўнай мэтай якога з’яўляецца падтрымка нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай адметнасці i самабытнасці, забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай і стварэнне ўмоў для гэтага з боку дзяржаўных органаў.

Упершыню Міжнародны дзень роднай мовы адзначаўся ў 2000 годзе. Прычына, якая выклікала прыняцце Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН і рашэнне 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА (17.11.1999) аб усталяванні гэтага свята, заключаецца ў заклапочанасці міжнароднай супольнасці працэсам знікнення моў у сучасным свеце, а таксама парушэннем у некаторых краінах правоў асобы карыстацца роднай мовай у поўным аб’ёме.

Абвяшчэнне ў нашай краіне 2018 і наступных гадоў Годам малой радзімы, рэгулярнае святкаванне Дня беларускага пісьменства ў рэгіёнах Беларусі, міжнародныя кніжныя выставы-кірмашы, якія ладзяцца ў сталіцы на працягу дваццаці шасці гадоў і, нарэшце, Міжнародны дзень роднай мовы павінны не толькі нагадваць, але і служыць фактарамі, якія заклікаюць суайчыннікаў выкарыстоўваць беларускую мову, беражліва захоўваць яе як бясцэнную спадчыну, што засталася нам ад продкаў і якая павінна быць перададзена дзецям як жыватворчая крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці, светапогляду.

 

У Інстытуце мовазнаўства з 18 па 22 лютага аб’яўлены Тыдзень роднай мовы. У рамках свята запланаваны шэраг мерапрыемстваў:

1. Сустрэча са студэнтамі 2-га курса факультэта славянскіх і германскіх моў Установы адукацыі “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”: знаёмства з гісторыяй Інстытута і сучаснымі даследаваннямі, выстава навуковых работ Інстытута, наведванне Музея старажытнай беларускай культуры (19.02.2019 у 14.00).

2. Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць круглы стол “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі”, на якім будуць абмяркоўвацца стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь. У пасяджэнні прымуць удзел выкладчыкі медыцынскіх навучальных устаноў краіны, вучоныя-тэрмінолагі, урачы (20.02.19 у 10.00).

3. Сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка: адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства ў форме віктарыны “Простыя словы роднае мовы” (22.02.2019 у 11.00).

3. Лекцыя вядомага даследчыка гісторыі беларускай мовы кандыдата філалагічных навук, дацэнта Запрудскага Сяргея Мікалаевіча “Мікола Байкоў – знаёмы і незнаёмы”, прымеркаваная да 130-годдзя выдатнага беларускага лексікографа, аўтара «Практычнага расійска-беларускага слоўніка» (1924, разам з М. Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўніка» (1925), «Расійска-беларускага слоўніка» (1928, абодва разам з С. Некрашэвічам), “Практычнага беларускага вайсковага слоўніка” (у суаўтарстве з А. Бараноўскім) і інш. (22.02.2019 у 15.00).

5. Прэзентацыя на базе Музея Першага з’езда РСДРП кнігі  Ярушэвіча А. В. “Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына”, падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. “Расейска-беларускі слоўнік” – гэта ўнікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення. Дадзены слоўнік з’яўляецца адзіным у айчынным мовазнаўстве даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак як асновы беларускай нацыянальнай мовы, з’яўляецца інфармацыйнай крыніцай аб яе стане ў другой палове 19-га – пачатку 20 ст. Гэта таксама крыніца пазнання побыту беларусаў на памежжы стагоддзяў, яна дае змястоўныязвесткі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства ў адзначаны час. 

6. Лекцыя дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылова Ігара Лявонавіча “Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму” для слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – кіраўнікоў галоўных уппаўленняў, упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый у гарадах. (21.02.2019 у 8.30).

7. Удзел у якасці экспертаў супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства (дырэктар Інстытута мовазнаўства І.Л. Капылоў і загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А.М. Лапцёнак) у рамках сацыяльнага партнёрства ў вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!” (першы этап – чытанні), арганізаванай Установай “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” (21.02.2019 у 10.00).

8. Выступленне акадэміка Лукашанца А.А. перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ (21.02.2019).

9. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў у рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы прыме ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным 25-годдзю прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арганізаваным Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Праграмай прадугледжана чытанне прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі, урыўкаў Канстытуцый (Асноўных Законаў) сваіх краін, знаёмства з выстаўкай Канстытуцый (Асноўных Законаў) розных краін з фондаў бібліятэкі.

10. Адкрыццё цыклу публікацый на партале Onliner, прысвечаных праблемам гісторыі і сучаснага стану беларускай мовы.

11. Запіс цыклу перадач, прысвечаных актуальным праблемам беларускай мовы, на канале “Культура” Беларускага радыё.

12. Выступленне І.Л. Капылова на прэзентацыі кнігі В.П. Лемцюговай, І.А. Гапоненка “Карані нашых прозвішчаў” на філалалгічным факультэце БДУ.

Таксама на працягу тыдня вядучыя вучоныя Інстытута мовазнаўства выступяць перад грамадскасцю, па радыё і на тэлебачанні, прымуць удзел у імпрэзах і святочных мерапрыемствах, што будуць арганізаваны дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы