Дыялекталагічная экспедыцыя ў Сенненскі раён

З 27 па 31 мая супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, загадчык аддзела Вераніка Мікалаеўна Курцова і вядучы навуковы супрацоўнік Любоў Пятроўна Кунцэвіч,  былі ў дыялекталагічнай экспедыцыі ў Сенненскім раёне.

Гэта экспедыцыя, як і тыя, што праводзіліся ў папярэднія гады, была мэтавай. Дыялектолагі працягваюць назапашваць запісы, якія пасля расшыфроўкі будуць уключаны ў новае перспектыўнае выданне “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона”. Адначасова гукавыя запісы папоўняць фанатэку традыцыйнага  беларускага маўлення.

Так складваецца, што сёння перад кожнай новай экспедыцыяй у дыялектолагаў узнікае трывожнае пытанне, ці зможам дабрацца да вёскі, ці засталіся ў вёсках людзі стараэйшага пакалення, якія нарадзіліся перад вайною ці ў час вайны, бо найперш яны маюць багатыя ўспаміны і могуць расказаць пра розныя жыццёвыя падзеі.

Шматлікія моўныя вандроўкі па Беларусі паказваюць, што вынікі нашых дыялекталагічных экспедыцый у цяперашніх умовах развіцця грамадства вызначаюцца зацікаўленасцю мясцовых раённых органаў кіравання традыцыйнымі этнакультурнымі набыткамі. Ад разумення мясцовай кіруючай элітай каштоўнасці і важнасці рэгіянальных духоўных скарбаў залежыць іх  існаванне ў будучым.

Сустрэча са старшынёй Сенненскага райвыканкама Васілём Анатольевічам Чарэднікам і  загадчыкам аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мяцеліцай Сяргеем Сцяпанавічам, на якой кіраўніцтву раёна ад імя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа быў уручаны двухтомны слоўнік “Мова Сенненшчыны”, створаны ў аддзеле  дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, была надзвычай запамінальнай і плённай. Без перабольшвання нас уразіла глыбокае разуменне Васілём Анатольевічам важнасці справы, якой займаюцца навукоўцы. Раённае кіраўніцтва было рада, што менавіта ў іх рэгіёне будуць працаваць даследчыкі, каб потым адлюстраваць вынікі сваёй працы ў новых публікацыях, у якіх расказваецца пра моўныя асаблівасці Сенненшчыны. 

Дзякуючы асабістай зацікаўленасці ў нашай працы старшыні райвыканкама, бездакорнай каардынацыі і арганізацыі нашых паездак Сяргеем Сцяпанавічам мы за невялікі час, адведзены на правядзенне экспедыцыі, пабылі ў многіх вёсках раёна. Наведалі в. в. Алексінічы, Багданава, Белая Ліпа, Глебаўск, Какоўчына, Марковіцы, Мішчэнцы, Навасёлкі, Някрашава, Ходцы і іншыя. Аб’ездзілі больш за дзясятак населеных пунктаў. Ва ўсіх сельскіх саветах, куды б ні прыехалі, іх старшыні ці намеснікі парупіліся, каб мы сустрэліся з мясцовымі жыхарамі. Нам дапамагалі Бараноўскі Анатоль Леанідавіч, старшыня Нямойтаўскага сельскага савета, Кошалеў Васіль Уладзіміравіч, старшыня Беліцкага сельскага савета, Мандрык Віктар Сяргеевіч, старшыня Какоўчынскага сельскага савета і  кіраўнік справамі гэтага сельсавета Цярэня Сяргей Мікалаевіч, кіраўнікі справамі Студзёнкаўскага і Ходчанскага сельскіх саветаў Хамянкова Святлана Іванаўна і Пальчык Раіса Іванаўна. Усім ім і тым, хто быў з намі, дапамагаў, прасіў мясцовых жыхароў прыняць нас, каб пагаварыць, вялікая ўдзячнасць. Без такіх агульных высілкаў наша дыялекталагічная экспедыцыя не была б настолькі плённай.

Словы глыбокай падзякі мы выказваем не толькі прадстаўнікам мясцовай улады, але і вадзіцелю Ігару Фёдаравічу Белякову, які быў побач з намі ўсе дні, адгукаўся на любую нашу просьбу.

Самыя шчымлівыя ўспаміны засталіся ў нас ад нашых суразмоўцаў Тамары Васільеўны Андрэевай, Зінаіды Спірыдонаўны Аўчынкі, Клаўдзіі Мікалаеўны Гаравец, Веры Сліжовай, Валянціны Трафімаўны Баравік, Генадзя Ягоравіча Дварака і Любові Іванаўны Дварак, Веры Аляксееўны Беляковай, Вольгі Фядосаўны Няфёдавай і многіх іншых. Гэта іх  расказы пра мясцовыя звычаі і будзённыя справы, перададзеныя на мясцовай гаворцы проста і дасціпна, з цягам часу стануць здабыткам мясцовай гісторыі, а для навукоўцаў яны былі і будуць найбагацейшай моўнай скарбонкай, у якой адлюстраваны стан жывой беларускай мовы на пачатку 21 стагоддзя.

 

В. М. Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы