“Аматары” і “Акадэмія” ў інтэлектуальным спаборніцтве “У свеце родных слоў”

17 лютага 2026 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшло інтэлектуальнае спаборніцтва “У свеце родных слоў”. У гэтым мерапрыемстве, прымеркаваным да Міжнароднага дня роднай мовы, прынялі ўдзел вучні 10 класаў гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай г. Мінска (каманда “Аматары”) і студэнты 3 курса Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (каманда “Акадэмія”).

Перад пачаткам турніру адбылося прадстаўленне каманд, падчас якога прысутныя даведаліся пра жыццёвае крэда іх удзельнікаў, пазнаёміліся з музеямі, якія дзейнічаюць у гімназіі, паслухалі ўрыўкі з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа на беларускай, рускай, англійскай і французскай мовах.

З заданнямі спаборніцтва “Аматары” і “Акадэмія” справіліся выдатна: яны прадэманстравалі добрае валоданне роднай мовай, веданне безэквівалентнай лексікі, фразеалагізмаў, уменне перакладаць з рускай мовы на беларускую і наадварот. Журы адзначыла падрыхтаванасць студэнтаў і гімназістаў, іх эрудыцыю і жаданне пазнаваць новае.

Мерапрыемства завяршылася  падвядзеннем вынікаў (з перавагай у 3 балы (55:52) перамаглі “Аматары”) і ўручэннем салодкіх падарункаў камандам.

 

Н. Паляшчук

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы