Пад знакам беларускасці (першы выпуск навукова-асветніцкіх курсаў)

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся першы выпуск навукова-асветніцкіх курсаў “Беларуская мова”, якія праводзіліся на працягу трох месяцаў у рамках кластара “Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры”.

Знаёмства шырокіх колаў грамадства з беларускім моўным матэрыялам праз правядзенне курсаў – з’ява не новая. Сёння сталі шырокавядомымі і карыстаюцца папулярнасцю такія з іх, як “Мова Нанова”, “Мова ці кава”, “Мова плюс”. Яны арганізуюцца грамадскімі аб’яднаннямі ў рамках культурна-адукацыйнай дзейнасці, закліканы даць пачатковыя веды і навучыць беларускай мове ўсіх зацікаўленых. Іншы аспект рэалізуецца на курсах, якія створаны і дзейнічаюць на базе ВНУ: іх асноўная задача – падрыхтоўка абітурыентаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

У Год навукі ў носьбітаў беларускай мовы і тых, хто жадае авалодаць ёю, з’явілася ўнікальная магчымасць наведаць курсы прынцыпова новага фармату. Адметнай спецыфікай арганізаваных пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа навукова-асветніцкіх курсаў “Беларуская мова” з’яўлялася папулярызацыя беларускай мовы незвычайным шляхам: акадэмічныя вучоныя-мовазнаўцы дзяліліся ў папулярнай форме сваімі здабыткамі. Ідэя правядзення курсаў знайшла шырокую падтрымку з боку Старшыні Прэзідыуіма НАН Беларусі і кіраўніцтва Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў.

Інфармацыя пра правядзенне такіх курсаў выклікала цікавасць грамадскасці. Сярод наведвальнікаў былі прадстаўнікі розных узроставых катэгорый, прафесій, нацыянальнасцей: вучні, студэнты, пенсіянеры, праграмісты, медыкі, экскурсаводы, перакладчыкі, журналісты, архітэктары, эканамісты і інш. Курсы аб’ядналі ў адной аўдыторыі беларусаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў – людзей цікаўных, актыўных, неабыякавых да нацыянальнай культуры і мовы беларусаў. У выніку на курсы на пастаяннай аснове прыходзіла 30 чалавек. Аднак колькасны склад слухачоў не заставаўся нязменным. І тлумачыцца гэта тым, што некаторыя з іх заахвоцілі да наведвання заняткаў членаў сям’і, сяброў, калег, выкладчыкі прыводзілі студэнтаў. 

Праграма курсаў была складзена такім чынам, каб асвятліць усе напрамкі сучаснай мовазнаўчай навукі. За тры месяцы, на працягу якіх адбываліся сустрэчы, слухачы змаглі папоўніць свае веды або атрымаць новы досвед па надзвычай цікавай і разнастайнай тэматыцы. Якую мову называюць старабеларускай? Якія помнікі пісьменства створаны на ёй на беларускіх землях? Які іх гістарычны лёс? Як чытаць старыя выданні? Колькі дыялектаў мае беларуская мова? Чым адрозніваецца дыялектнае маўленне на поўначы і на поўдні Беларусі? Якія мае спецыфічныя рысы? Ці праўда, што беларусы як чуюць, так і пішуць? Як складваюцца нормы літаратурнай мовы і чым яна адрозніваецца ад астатніх разнавіднасцей нацыянальнай мовы? Ці ёсць беларускамоўны слэнг? Кофе або кава, каструля або рондаль,  веласіпед або ровар – што правільна? Цень – гэта ён ці яна? Ці заўсёды “блага” для беларуса добра? Якія словы робяць беларускую мову адметнай на лінгвістычнай карце славянскага свету? Адкуль паходзяць назвы беларускіх населеных пунктаў? Як складвалася сістэма прозвішчаў насельнікаў Беларусі? Як з іх найбольш тыповыя, а якія ўнікальныя? Як часта мы ўжываем фразеалагізмы ў паўсядзённым вусным маўленні? Ці заўсёды мы правільна разумеем іх сэнс? Кола разгледжаных пытанняў надзвычай шырокае і не абмяжоўваецца толькі названымі аспектамі. Таму што мова – і сацыяльнае ўтварэнне, яе сродкі служаць для называння ўсіх прадметаў і з’яў нашай рэчаіснасці, у слове закладзены ўсе веды аб навакольным свеце і нас саміх.

Акрамя таго, праграма курсаў была пашырана за кошт уключэння культуралагічнага кампанента: слухачам была прачытана лекцыя аб велікодных абрадах і звычаях беларусаў, а таксама яны атрымалі магчымасць наведаць Музей старажытнабеларускай культуры і азнаёміцца з яго экспазіцыямі. Заняткі будаваліся па наступнай схеме: першая іх частка (лекцыйная) была прысвечана тэарэтычнаму абагульненню навуковых дасягненняў па розных галінах мовазнаўства, другая – (практычная) накіравана на вырашэнне найбольш складаных пытанняў лексікі, арфаэпіі, арфаграфіі, граматыкі, сінтаксісу беларускай мовы. Каб заняткі былі максімальна эфектыўнымі і не надта складанымі для непадрыхтаванага слухача, яны праводзіліся, па магчымасці, у форме дыялогу, круглага стала, інтэрактыўнай гульні, з выкарыстаннем сучасных камп’ютарных тэхналогій.  

Тыя, хто прысутнічаў на большасці заняткаў, змаглі актывізаваць і паглыбіць свае веды аб беларускай мове на ўсіх узроўнях яе сістэмнай арганізацыі, павысіць культуру маўлення, пашырыць кругагляд. Вельмі важным з’яўляецца і такі аспект навукова-асветніцкіх курсаў, як  фарміраванне светапогляду праз усведамленне беларускай мовы як базавай каштоўнасці нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, кожнага з яго прадстаўнікоў.

Па заканчэнні курсаў быў праведзены своеасаблівы маніторынг для ўсталявання зваротнай сувязі праз анкетаванне наведвальнікаў. У анкетах слухачам ананімна прапаноўвалася даць ацэнку (у балах) па кожнай з лекцый і практычных заняткаў, а таксама выказаць у адвольнай форме сваё меркаванне адносна арганізацыі, узроўню правядзення заняткаў, навуковай кампетэнтнасці выкладчыкаў. Пры жаданні кожны мог падзяліцца сваімі думкамі па любым аспекце і выказаць свае заўвагі і пажаданні.

Для дырэкцыі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і арганізатараў курсаў было прыемна атрымаць станоўчы вогук. Па выніках анкетавання слухачамі курсаў былі адзначаны выдатная арганізацыя ў падрыхтоўцы і правядзенні (тэматыка, фармат, форма падачы матэрыялу, стварэнне цёплай атмасферы і натхняльнага настрою), высокі ўзровень валодання матэрыялам, навуковая кампетэнтнасць, самааддача і апантанасць усіх выкладчыкаў (глыбокі, а не фармальны падыход да справы, любоў да мовы). Многія з іх падкрэслілі важнасць і неабходнасць правядзення такіх курсаў у будучым: паводле выказаных меркаванняў, падобнага роду курсы з’яўляюцца карыснымі, дапамагаюць развівацца ў любым узросце, служаць фактарам яднання людзей, стымулююць да далейшага вывучэння беларускай мовы.

Аналіз анкет дазволіў меркаваць, што асноўная мэта курсаў была дасягнута. Быў атрыманы станоўчы адказ на пытанне, ці рэкамендавалі б слухачы іншым наведваць такія курсы. Больш за тое, некаторыя ўжо на момант анкетавання расказалі пра іх сваім знаёмым, падзяліліся ўражаннямі, аргументавалі сваю пазіцыю. Яна праяўляецца, сярод іншага, у выказаным пажаданні аб працягу курсаў. 

Навукова-асветніцкія курсы “Беларуская мова”, арганізаваныя ў Год навукі пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, расцэньваюцца слухачамі як унікальны вопыт укаранення і практычнай рэалізацыі вынікаў навукова-даследчай працы інстытута сярод шырокіх колаў грамадства.

 

 

Анастасія Марозава,

супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры

На фота: слухачы навукова-асветніцкіх курсаў “Беларуская мова” 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы