Ад школьнай ідэі – да навуковага пошуку: «Першы крок у навуку»

20 студзеня 2026 года, напярэдадні Дня беларускай навукі, адбылася рэспубліканская канферэнцыя навучэнцаў «Першы крок у навуку», арганізаваная Саветам маладых вучоных НАН Беларусі. Мерапрыемства аб’яднала таленавітых і матываваных школьнікаў з розных рэгіёнаў краіны, зацікаўленых у навукова-даследчай дзейнасці.

У рамках канферэнцыі працавалі 2 секцыі: «Мовазнаўства І» (руская мова) і «Мовазнаўства ІІ» (беларуская мова). У якасці членаў журы прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Басалыга Паліна, Буйко Цімур, Глушыцкая Марына, Гоцка Дзіяна, Лук’яненка Ульяна, Путрыч Алена, Торчык Карына, а таксама намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Юшкевіч Вольга.

З вітальным словам да навучэнцаў і настаўнікаў звярнуўся дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў Ігар Лявонавіч. У сваім выступленні ён адзначыў, што Інстытут мовазнаўства з’яўляецца першай установай, з дзейнасці якой пачалося стварэнне Акадэміі навук Беларусі. Дырэктар выказаў падзяку ўдзельнікам мерапрыемства, праінфармаваў пра правядзенне Тыдня беларускай навукі і набліжэнне Дня роднай мовы, а таксама падкрэсліў значнасць удзелу навучэнцаў у навуковых мерапрыемствах.

Усяго на канферэнцыі была прадстаўлена 41 даследчая работа вучняў 9–11 класаў сярэдніх школ і гімназій. Тэматыка праектаў ахоплівала шырокае кола актуальных праблем сучаснага мовазнаўства: лексікалогію, канцэпталогію, мову мастацкай літаратуры, мову рэкламы і медыя, лінгвакультуралогію, сацыялінгвістыку, анамастыку і інш. Па выніках канферэнцыі ў кожнай секцыі былі вызначаны найлепшыя работы, аўтары якіх атрымалі дыпломы I, II і III ступеняў.

Сярод беларускамоўных работ па мовазнаўстве найлепшымі былі прызнаны даследаванні вучняў Клінцэвіч Юліяны «Імя як код: сацыяльныя і лінгвістычныя аспекты прозвішчаў, мянушак і нікнэймаў жыхароў аграгарадка Путрышкі» (дыплом І ступені), Акулік Ульяны «Моладзевы слэнг у маўленнi беларускамоўных блогераў» (дыплом ІІ ступені); Странгіной Яны «Тэксты «новай прыроды» (нелінейны тэкст як сродак фарміравання функцыянальнай граматнасці на ўроках беларускай мовы)» (дыплом ІІ ступені); Мяньковай Ульяны «Гульнявы ​​слэнг у мове падлеткаў» (дыплом ІІІ ступені); Бякрэнь Юльяны «Лексічныя адзінкі з іншамоўным акцэнтам у маладзёжным слэнгу»  (дыплом ІІІ ступені).

Лаўрэатамі ў другой мовазнаўчай секцыі (руская мова) сталі: Ступень Вераніка – І месца («Семантика и функционирование русских феминитивов в старорусском языке и в современном русском языке новейшего времени (на примере текстов XVII и XXI вв.)»), Казакова Маргарыта – ІІ месца («Фоносемантические средства репрезентации смысла в поэтических текстах Андрея Вознесенского»), Карповіч Ганна – ІІІ месца («Персонификация как основа идиостиля С. Кржижановского»).

Журы віншуе пераможцаў з выдатным завяршэннем працы і жадае ўсім удзельнікам поспехаў у будучых даследаваннях!

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы