«ЯК ВУЧНЯМ ПЕРАМАГЧЫ Ў НАВУКОВЫМ КОНКУРСЕ: 10 ПАРАД АД СПЕЦЫЯЛІСТАЎ»

21 лютага на базе ДУА «Гімназія № 22 г. Мінска» прайшоў семінар для вучняў старэйшых класаў і настаўнікаў устаноў адукацыі Савецкага раёна г. Мінска «Як вучням перамагчы ў навуковым конкурсе: 10 парад ад спецыялістаў».

Сучасны адукацыйны працэс арыентаваны на ранняе выяўленне аналітычных здольнасцей навучэнцаў, заахвочванне іх да больш глыбокага і асэнсаванага падыходу ў вывучэнні з’яў навакольнага свету, падтрыманне першых спроб у правядзенні даследаванняў. Аднак мала аднаго толькі імкнення. Каб дасягнуць поспеху ў навукова-даследчай дзейнасці, пажадана быць яшчэ і метадалагічна падкаваным. І вось тут парады спецыялістаў, вучоных акадэмічных інстытутаў, якія маюць за плячыма досвед уласнага навуковага пошуку і вопыт працы ў якасці членаў журы на розных этапах конкурсаў і канферэнцый навукова-даследчых прац сярод школьнікаў, вельмі запатрабаваныя.

Семінар для зацікаўленых слухачоў правялі навуковыя супрацоўнікі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Алена Мікалаеўна Путрыч і Анастасія Андрэеўна Марозава.

Яны найперш растлумачылі прысутным спецыфіку навукова-даследчай працы, яе адрозненне ад вядомых формаў работы ў школе. Таксама дакладчыкі на прыкладзе даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства расказалі пра патрабаванні, абавязковыя пры напісанні прац навуковага характару: строга вызначаная структура, логіка выказвання, разуменне і валоданне такімі паняццямі, як мэта і задачы, аб’ект і прадмет, гіпотэза, метады, арыгінальнасць, навізна, актуальнасць, практычная значнасць кожнага даследавання. Асобна падкрэслілі важнасць работы з крыніцамі інфармацыі, лексікаграфічнай прадукцыяй, навуковымі працамі, базамі і банкамі даных, сучаснымі электроннымі рэсурсамі. Засяродзілі спецыялісты ўвагу і на тым, што трэба не толькі сур’ёзна і адказна ставіцца да напісання самой даследчай працы, але і ўмець яе публічна прадставіць, а пры неабходнасці і абараніць у навуковым дыспуце: захоўваць культуру маўленчых паводзін, кантраляваць чысціню маўлення, быць гатовымі хутка і доказна адказваць на пытанні і многае іншае.

Навукова-даследчая дзейнасць – справа няпростая, аднак не бывае перамог без перашкод. Таму мовазнаўцы заклікалі прадстаўнікоў маладога пакалення не баяцца выпрабоўваць сябе ў ролі даследчыкаў, актыўна далучацца да навуковага пошуку, падымаць цікавыя тэмы, рабіць свой уклад у рашэнне складаных праблем. Магчыма, хтосьці з іх захоча звязаць сваё жыццё з навукай, з беларускім мовазнаўствам, а гэта забяспечыць пераемнасць пакаленняў і непарыўнасць у навуковым асэнсаванні роднай мовы. Канечне, за адзін семінар немагчыма падрыхтаваць глыбокага і ўдумлівага даследчыка, але першыя крокі зроблены!

 

Анастасія Марозава, Алена Путрыч

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы