
19 лютага 2025 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа быў праведзены мовазнаўчы квіз “Слова да слова – будзе мова” для студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і вучняў 11 класаў гімназіі № 22 г. Мінска. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня роднай мовы, з удзелам вучняў і студэнтаў розных ВНУ ў інстытуце праводзяцца не першы год і заўсёды праходзяць цікава, жыва і запамінальна, у атмасферы спрыяльнасці і ўзаемападтрымкі.
На пачатку спаборніцтва ўдзельнікаў і іх групы падтрымкі прывіталі дырэктар Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў, прадстаўнікі факультэта пачатковай адукацыі БДПУ – намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце І.А. Буторына, загадчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства Н.М. Антановіч, выкладчык кафедры “Беларуская і руская мовы” БНТУ В.А. Азява, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 22 г. Мінска В.У. Сяліцкая.


Каманды “Гаёўкі” (гімназія № 22 г. Мінска), “Лінгваінжынеры (БНТУ), “Дзіцячы мары” (БДПУ) падрыхтавалі арыгінальныя самапрэзентацыі і праявілі таленты акцёраў, спевакоў, чытальнікаў. На пытанні ўсіх раўндаў квіза – “Так ці не”, “Прыгадваем”, “Перакладаем”, “Тлумачым”, “Ужываем” – гімназісты і студэнты давалі правільныя адказы, дэманструючы хуткасць, падрыхтаванасць, добрае валоданне роднай мовай і веданне традыцый беларусаў.


Перамогу святкавала каманда “Дзіцячыя мары”, “Лінгваінжынеры” занялі другое месца, “Гаёўкі” – трэцяе. За актыўны ўдзел у спаборніцтве рабятам былі ўручаны салодкія прызы. Цукеркамі “Родныя словы” паласаваліся і балельшчыкі, якія правільна адказалі на пытанні падрыхтаванай спецыяльна для іх віктарыны.
Удзельнікі квіза і прысутныя засталіся вельмі задаволеныя мерапрыемствам і выказалі спадзяванне на сустрэчу ў наступным годзе.
Н.Паляшчук






