
У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася творчая сустрэча маладых вучоных з беларускім пісьменнікам, журналістам, радыё- і тэлевядучым, заслужаным дзеячам Рэспублікі Беларусь Навумам Гальпяровічам.
Гэтай падзеяй быў пачаты Тыдзень роднай мовы ў сценах Інстытута мовазнаўства – месца, дзе фарміраваліся асновы беларускага акадэмічнага мовазнаўства. Невыпадкова размова выйшла далёка за межы біяграфічных успамінаў і закранула фундаментальныя праблемы функцыянавання беларускай мовы.

У цэнтры дыскусіі былі пытанні ўнармаванасці мовы мастацкай літаратуры, суадносіны творчай свабоды і моўнай нормы, адказнасць аўтара перад словам. Асобна разглядалася анамастыка – уласныя імёны і мянушкі як носьбіты культурнай памяці і семантычных сэнсаў у мастацкім тэксце. Навум Якаўлевіч падзяліўся развагамі пра прынцып намінацыі персанажаў, пра ролю ўласных імёнаў у раскрыцці аўтарскай задумы і фарміраванні мастацкай прасторы твора.
Падчас размовы абмяркоўваўся і статус беларускай мовы ў сучасным грамадстве –неабходнасць яе актыўнага, прафесійнага і адказнага выкарыстання ў розных камунікатыўных сферах. Пісьменнік падкрэсліў, што захаванне «кожнага гуку» – гэта штодзённая праца і творцы, і даследчыка.

У блоку «Дыялог пакаленняў» абмяркоўвалася роля маладых вучоных у сучаснай гуманітарнай прасторы. Прагучалі развагі пра месца чытання ў фарміраванні асобы і прафесійнай адказнасці даследчыка. Удзельнікі таксама выказалі свае думкі пра новую кнігу Навума Гальпяровіча – «Чырвоны мост», падзяліліся ўражаннямі і ўласнымі інтэрпрэтацыямі твора. Пісьменнік адзначыў, што менавіта маладыя даследчыкі слова забяспечваюць пераемнасць традыцыі і яе навуковае асэнсаванне. Радок «Я захаваць гатовы кожны гук // Адзінай для мяне спрадвечнай мовы» пра захаванне кожнага гуку гучаў як сімвал супольнай місіі пісьменніка і мовазнаўцаў служыць слову, якое фарміруе нацыянальную свядомасць і культурную памяць.






