ТРЭЦІ ЭТАП РЭСПУБЛІКАНСКАЙ АЛІМПІЯДЫ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ І БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Ў МІНСКУ

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” за 2024/2025  навучальны год адбыўся14–16 студзеня ў Мінску.

Ужо традыцыйна ў журы алімпіяды акрамя настаўнікаў школ і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў г. Мінска ўваходзілі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка.

У першы дзень навучэнцы пісалі водгук на мастацкі твор. Важна было правільна зразумець і вызначыць тэму, ідэю і праблематыку твора, выявіць аўтарскую пазіцыю. Акрамя таго, неабходна было паказаць свой чытацкі вопыт: прадэманстраваць веданне беларускай і сусветнай літаратуры, прыводзіць паралелі з іншых твораў розных аўтараў, выкарыстоўваць ілюстрацыйны матэрыял, выказаць і абгрунтаваць уласныя высновы.

На другі дзень выпрабаванняў праводзілася комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры. Алімпіядныя заданні ахопліваюць фактычна ўсе моўныя ўзроўні: лексікалогію і фразеалогію, словаўтварэнне, сінтаксіс і інш. Як заўсёды, удзельнікі павінны былі прадэманстраваць веданне беларускай мовы праз пераклад тэкстаў з рускай мовы на беларускую. Асобныя заданні тычыліся праверкі літаратуразнаўчых ведаў навучэнцаў.

В.І. Уласевіч і Э.В. Ярмоленка не толькі працавалі ў складзе журы, але і кансультавалі калег па розных лінгвістычных пытаннях, якія ўзнікалі падчас праверкі работ, папулярызавалі дзейнасць Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і знаёмілі з кніжнымі навінкамі, падрыхтаванымі акадэмічнымі вучонымі.

 

В.І. Уласевіч, Э.В. Ярмоленка

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы