ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

28 лютага 2017 г. у 10-00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа (п. 302) адбудзецца навукова-практычны семінар па беларускай мове для настаўнікаў фізікі, матэматыкі і інфарматыкі.

Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіяй НАН Беларусі з мэтай актывізацыі і ўдасканалення работы па ўпарадкаванні беларускай навуковай тэрміналогіі будзе праведзены семінар па актуальных праблемах тэрмінасістэмы прадметаў фізіка-матэматычнага цыкла і інфарматыкі. Такая сустрэча распрацоўшчыкаў беларускай навуковай тэрміналогіі і непасрэдных яе карыстальнікаў праводзіцца ўпершыню і з’яўляецца модулем кластара “Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры”, створаным у НАН Беларусі. У настаўнікаў будзе магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі рознагаліновымі тэрміналагічнымі слоўнікамі, задаць пытанні і абмеркаваць праблемы выкладання фізікі, матэматыкі і інфарматыкі на беларускай мове, выказаць свае думкі і меркаванні адносна ўкаранення ў практыку выкладання тэрмінасістэм, прадстаўленых у падручніках і вучэбных дапаможніках. Асаблівая ўвага будзе нададзена асаблівасцям адаптацыі іншамоўных тэрмінаў у сучасную камунікатыўную прастору Беларусі.

Да ўдзелу ў семінары запрошаны вядучыя вучоныя-філолагі краіны і вучоныя Аддзялення фізіка-матэматычных навук НАН Беларусі.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы