Зямля, шчодрая на таленты

13 кастрычніка ў г. Глыбокім адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Спадчына Язэпа Драздовіча: мастацтва, краязнаўства, археалогія, мовазнаўства”, арганізаваная і праведзеная сумеснымі намаганнямі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа пры вялікай зацікаўленасці, спрыянні і дапамозе Прэзідыума НАН Беларусі, прынамсі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, і Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам.

Сёння жыццё і творчасць Язэпа Драздовіча, асабліва яго іпастасі мастака, разбяра, графіка, касмічная тэма, досыць добра вывучаны. Пра гэта сведчыць багатая, разнастайнага зместу літаратура: альбом-манаграфія “Язэп Драздовіч”, у якой змяшчаюцца рэпрадукцыі твораў мастака, нарыс А. Ліса “Вечны вандроўнік”, кніга Ю. Малаша  “Зямля і космас Язэпа Драздовіча”, праца Г. Горавай “Генезис космических образов Язепа Дроздовича”, дыхтоўная публікацыя “Язэп Нарцызавіч Драздовіч. Праз церні да зорак”, якая ўключае ўспаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы майстра, а таксама яго “Дзённік” і факсімільнае выданне кнігі “Нябесныя бегі”.

Разам з тым інтарэс да незвычайнай, самабытнай асобы Язэпа Драздовіча, як мастака, пра якога беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля пісаў, што “…ў Драздовіча ёсць свой стыль, самабытны і арыгінальны. Адчуваюцца ў яго творах багатая фантазія, містычнасць і сімволіка”, не затухае. Малазразумелы сваім сучаснікам, чалавек-дзівак, ён і цяпер застаецца ў цэнтры ўвагі даследчыкаў, якія імкнуцца “расчытаць”, раскрыць усе таямніцы яго творчасці – літаратара, мовазнаўца, краязнаўца, педагога. Таму і ладзяцца розныя навукова-асветніцкія, выставачныя імпрэзы, прысвечаныя ўшанаванню памяці незвычайнага, творча адоранага беларуса, якія апярэджваў свой час.

Гэтак сталася і сёлета, у час, калі спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Сярод розных мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілейнай даты, ёсць адно асаблівае. Гэта спецыяльная навуковая канферэнцыя, якая адбылася ў Глыбокім. Глыбоцкі край, а калі глядзець на рэгіён у гістарычным кантэксце, варта казаць Дзісеншчына, умее і зберагае памяць пра сваіх самабытных, знакамітых асоб, народжаных тут. Сведчанне сказанаму – Алея славутых землякоў (2012) у гонар выбітных ураджэнцаў Глыбоччыны – мемарыял-помнік, якіх мала дзе сустрэнеш у Беларусі. Адказна падышлі мясцовыя ўлады да сёлетняга юбілею Язэпа Драздовіча. Сумеснымі намаганнямі розных культурных устаноў і проста творчых асоб яны падрыхтавалі выставу мастацкіх работ па матывах дываноў мастака, прадэманстравалі калекцыю адзення, стварэннем для якой таксама паслужылі творы іх незвычайнага майстра. Быў праведзены і конкурс маляванкі “Дзіва дзіўнае”, прысвечаны юбілейным угодкам таленавітага творцы.

Выстава дываноў, напісаных па матывах прац Язэпа Драздовіча

Калекцыя адзення па матывах твораў Язэпа Драздовіча

 

У Нацыянальнай акадэміі навук выдатна разумеюць важнасць такіх рэгіянальных конкурсаў, накіраваных на развіццё не толькі творчай мясцовай ініцыятывы. Дзякуючы такім конкурсам выхоўваецца павага да гісторыі нашай Радзімы, фарміруецца патрэба захаваць і памножыць яе лепшыя здабыткі. Зусім невыпадкова, што Прэзідыум НАН Беларусі вылучыў сродкі для ўганаравання ўдзельнікаў конкурсу, а ў віншаванні яго пераможцаў брала ўдзел Галіна Паўлаўна Шукеловіч, галоўны спецыяліст Аддзялення гаманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Узнагароды атрымалі не толькі дзеці, іх атрымалі і дарослыя, тыя, хто непасрэдна працаваў з дзецьмі, каб дасягнуць добрых вынікаў у працы – стаць пераможцам.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсу

 

Зацікаўленасць кіраўніцтва Глыбоцкага райвыканкама супрацоўнічаць з Нацыянальнай акадэміяй навук РБ выявілася не толькі ў жаданні ўшанаваць памяць выбітнага ўраджэнца гэтых мясцін праз правядзенне Рэспубліканскай канферэнцыі і спецыяльна прымеркаваных да яе конкурсаў. Прадстаўнікі органаў мясцовай улады бралі непасрэдны ўдзел у навуковым мерапрыемстве. На канферэнцыі прысутнічалі Таццяна Леанідаўна Тарасевіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, і Таццяна Вячаславаўна Гаўрылава, начальнік аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама. Да слова сказаць, галоўны клопат па вырашэнні розных арганізацыйных пытанняў, у тым ліку і па стварэнні камфортных умоў працы для выступоўцаў, усклала на сябе Т.В. Гаўрылава.

Выступае Т.Л. Тарасевіч

Выступае І.Л.Капылоў

Выступае Т.В. Гаўрылава

 

Навуковая канферэнцыя ў Глыбокім мела свой традыцыйны парадак, які склаўся пры правядзенні рэгіянальных мерапрыемстваў Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. З вітальнымі словамі з боку  прадстаўнікоў мясцовых органаў кіравання г. Глыбокага выступілі Т.Л. Тарасевіч і Т.В. Гаўрылава, пра важнасць асобы Язэпа Драздовіча для нацыянальнай культуры, гісторыі, навукі расказаў Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар акадэмічнага Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Любая рэгіянальная канферэнцыя, якую ладзіць Інстытут мовазнаўства, накіравана на тое, каб не толькі ўсебакова раскрыць ролю асобу для гісторыі края, падзеі, звязаныя з месцам, дзе адбываецца навуковае мерапрыемства, але і далучыць да ўдзелу ў даследчай працы мясцовых краязнаўцаў, дапытлівых школьнікаў, захопленых культурна-асветніцкай дзейнасцю асоб. Не стала выключэннем і канферэнцыя ў Глыбокім. Пра тое, як ўшаноўваецца памяць шматграннага творцы на радзіме, якога Пётра Сергіевіч, беларускі мастак, сучаснік Драздовіча зусім невыпадкова называў “нашым маленькім павятовым Леанарда да Вінчы”, грунтоўна, з глыбокім веданнем жыццёвага шляху, здабыткаў Я.Н. Драздовіча ў розных сферах дзейнасці, расказала прысутным Таццяна Іосіфаўна Пасюк, кіраўнік школьнага краязнаўчага музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Падсвільскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Героя Савецкага Саюза П.М. Казлова. Высокую эрудыцыю і далёка не школьную дасведчанасць у лёсе зямляка прадэманстравала Аляксандра Навіцкая, вучаніца 11 класа Падсвільскай сярэдняй школы, у сваім дакладзе “Яго жыццё – вечная вандроўка”. Грунтоўнымі ведамі пра знаходжанне Язэпа Драздовіча на Залесчыне ўразіла прысутных вучаніца 11 класа Залескай сярэдняй школы Дзіяна Ігараўна Керская, якая разам са сваім настаўнікам рускай мовы і літаратуры Рыгорам Леанідавічам Шарыпкіным, кіраўніком школьнага краязнаўчага музея, падрыхтавала даклад “Язэп Драздовіч і Залесчына. Вандроўкі, пошукі, адкрыцці”. Таму і натуральна, што якраз гэтыя выступоўцы сталі пераможцамі конкурсу і атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Выступае Т.І. Пасюк

Выступае А. Навіцкая

Выступае Д.І. Керская

Выступае А.Г. Майсяёнак

 

Выступленні прафесійных даследчыкаў пачаліся дакладам Андрэя Георгіевіча Майсяёнка, галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, ураджэнца г. Глыбокага і яго Ганаровага грамадзяніна. Даклад А.Г. Майсяёнка “Дзве школы ў педагагічнай працы Язэпа Драздовіча” – гэта расказ не пра колькасць школ, у якіх працаваў мастак Я. Драздовіч, а пра такі малавядомы факт у творчай біяграфіі настаўніка Драздовіча, як яго працу ў сістэме навучання не толькі польскай, але і савецкай школы (гэта было ў 1940 г.). Цікава, што паведамленыя звесткі прагучалі ці ўпершыню.

Асноўную частку выступленняў на канферэнцыі склалі даклады навукоўцаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Прапанаваныя даклады вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі, што падаецца цалкам натуральным: Язэп Драздовіч з’яўляецца надзвычай адметнай асобай. Яго творчую спадчыну вывучаюць мастацтвазнаўцы, гісторыкі, археолагі, літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, фалькларысты, ён цікавы краязнаўцам, да яго выяўляюць інтарэс астролагі і фізікі… Крыніцай спасціжэння творчага крэда славутага беларуса з’яўляецца ягоная спадчына, якая зберагаецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (фонд № 2), а таксама ў архіве рэдкіх выданняў бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук (фонд № 21). Што з пакінутага ў спадчыну Язэпам Драздовічам захоўваецца ў Беларусі ў фондзе 2 “Язэп Драздовіч” прысутныя даведаліся з выступлення Дзмітрыя Аляксандравіча Крэнта, навуковага супрацоўніка цэнтра даследаванняў старадрукаваных кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Пра лёс аднаго аўтапартрэта Я. Драздовіча, накіраванага на мастацкую экспертызу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, расказала прысутным Ірына Мікалаеўна Скварцова, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тэма фальклорнай спадчыны Язэпа Драздовіча была асветлена Таццянай Васільеўнай Валодзінай, загадчыкам аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, доктарам філалагічных навук, прафесарам. Т.В. Валодзіна спынілася на запісах замоў, зробленых Я. Драздовічам на Дзісеншчыне. Яна параўнала змест мясцовых тэкстаў з адпаведнымі па сюжэце  і тэкставым напаўненні суседніх з беларусамі еўрапейскіх народаў і паказала, што ні сваёй будовай, ні сэнсам яны не адрозніваюцца паміж сабой. Інакш кажучы, беларусы просяць чароўныя сілы пазбавіцца ад немачы тымі ж словамі-просьбамі, заклінаннямі, што і іншыя народы Еўропы. Пытанням багатай лексікаграфічнай спадчыны Язэпа Драздовіча, якая да пачатку ХХІ стагоддзя заставалася звычайным архіўным дакументам, малавядомым і не вывучаным належным чынам фактам, было прысвечана выступленне загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Веранікі Мікалаеўны Курцовай. Дакладчык спынілася на лексікаграфічных матэрыялах Я. Драздовіча, якія, дзякуючы тытанічным высілкам даследчыцы Ірыны Галузы, апрацаваны і выдадзены кнігай “Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына : архіўныя матэрыялы” (Мінск : Беларуская навука, 2022). Працы Я. Драздовіча ў галіне прыгожага пісьменства былі асветлены ў дакладах “Паэтычная гісторыя Беларусі ў літаратурнай творчасці Язэпа Драздовіча”, які прапанавала слухачам дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы  Ірына Эрнстаўна Багдановіч, і ў выступленні “Тэматыка і праблематыка прозы Язэпа Драздовіча” Ігара Міхайлавіча Шаладонава, вядучага навуковага супрацоўніка  Інстытута літаратуразнаўства, кандыдата філалагічных навук, дацэнта. Вельмі незвычайнай падаецца на першы погляд тэма даклада “Язэп Драздовіч і кінематограф”, з якой выступіў Вячаслаў Уладзіміравіч Мартысюк, малодшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства. Як вядома, пэўных звестак, якія б дазвалялі меркаваць аб нейкай сувязі мастака з тагачасным кінематографам, у архіўных крыніцах няма. Аднак, на думку моваведа, магчымай крыніцай натхнення, штуршком для стварэння Я. Драздовічам мастацкіх палотнаў на касмічную тэму мог быць еўрапейскі кінематограф 1930–1935 гадоў, прынамсі нямецкі экспрэсіянісцкі навукова-фантастычны нямы фільм Метраполіс (англ. Metropolis; 1927 г.), зняты Фрыцам Лангам па сцэнарыі Тэа фон Харбу ў супрацоўніцтве з Лангам з аднайменнага рамана фон Харбу 1925 г. Было б сапраўдным адкрыццём, каб здагадкі даследчыка спраўдзіліся.

Вось такія бакі творчасці незвычайна багатай спадчыны Язэпа Драздовіча, славутага сына сённяшняй Глыбоччыны, былі раскрыты на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Спадчына Язэпа Драздовіча: мастацтва, краязнаўства, археалогія, мовазнаўства”.

Некалі славуты мастак, якога суправаджалі нястачы, часам і проста голад, безграшоўе, адсутнасць сродкаў, каб купіць неабходнае для заняткаў маляваннем, сказаў пра сябе: “Прыйдзе час… Мяне яшчэ пашукаюць”. Яго сапраўды шукаюць, толькі праз навуковае асэнсаванне гістарычнай велічы гэтай шматграннай асобы ў нацыянальнай культуры.

Выступае Д.А. Крэнт

Выступае Т.В. Валодзіна

Выступае І.М. Скварцова

Экспертыза аўтапартрэта  Драздовіча

Выступае В.М. Курцова

Выступае І.М. Шаладонаў

Выступае  В.У. Мартысюк

Выступае І.Э. Багдановіч

У час наведвання Язэпа Драздовіча на вясковых могілках

 

 

В.М. Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы