21 студзеня 2025 года на базе філалагічнага факультэта БДУ адбыўся круглы стол. Навуковае мерапрыемства было арганізавана аддзелам беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа сумесна з кафедрай рускай мовы. Круглы стол праводзіўся з мэтай азнаямлення выкладчыкаў-філолагаў з акадэмічнымі выданнямі, у прыватнасці, “Русско-белорусским системным семантическим словарем” у 2 тамах (2023) і “Избранными трудами по сопоставительному исследованию лексико-семантических систем близкородственных языков” (2024), якія падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей.
З вітальнымі словамі выступіла Т.В. Мальцэвіч, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве БДУ, к.пед.н., дацэнт. Яна засяродзіла ўвагу на шматгадовым плённым супрацоўніцтве паміж Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і філалагічным факультэтам універсітэта.
Аб важнасці правядзення дадзенага сумеснага мерапрыемства выказаўся загадчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ д.ф.н., прафесар І.С. Роўда. Ён падкрэсліў высокую навуковую вартасць “Русско-белорусского системного семантического словаря” не толькі для нацыянальнай лексікаграфіі, але і для правядзення навуковых даследаванняў студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі. Іван Сямёнавіч адзначыў, што выхад названага слоўніка – гэта знамянальная дата не толькі для айчыннай лінгвістыкі, але і для агульнага мовазнаўства.
Загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей к.ф.н., дацэнт І.У. Ялынцава ў сваім выступленні ахарактарызавала змест слоўніка і падкрэсліла яго каштоўнасць як для айчыннага мовазнаўства, так і для беларускай навукі ў цэлым. Ірына Уладзіміраўна адзначыла, што двухтомны “Русско-белорусский системный семантический словарь” – вынік больш чым 10-гадовай (пачынаючы з 2011 года) працы супрацоўнікаў аддзела ў галіне супастаўляльнага вывучэння дзвюх блізкароднасных моў на лексіка-семантычным узроўні. Дадзенае выданне працягвае серыю падрыхтаваных раней калектывам аддзела манаграфічных сістэмных кампаратыўных даследаванняў сучасных рускай і беларускай моў на іншых узроўнях, пачатак якой быў закладзены выдадзенай яшчэ ў 1990 годзе манаграфіяй “Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Морфология”. У 2014 годзе выйшла ў свет “Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Словообразование”. Як адзін з аўтараў-укладальнікаў слоўніка, І.У. Ялынцава акрэсліла тыя праблемы, з якімі прыйшлося сутыкнуцца пры падрыхтоўцы даведніка.
Выступоўца таксама адзначыла, што ў 2024 годзе аўтарскі калектыў “Русско-белорусского системного семантического словаря” стаў лаўрэатам Міждзяржаўнай прэміі “Звёзды Содружества” ў намінацыі “За выдающийся вклад и достижения в области науки и образования”.
Пра структуру і змест дадзенага лексікаграфічнага выдання расказала вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, к.ф.н. В.М. Нікалаева, якая з’яўляецца адным з аўтараў-укладальнікаў слоўніка і яго навуковым рэдактарам. Яна абазначыла прысутным аб ідэі распрацоўкі такога тыпу лексікаграфічнай работы, растлумачыла сутнасць асноўнага – сістэмнага – падыходу, прынятага пры стварэнні гэтага слоўніка. Ён пабудаваны на матэрыяле фрагментаў лексіка-семантычных сістэм рускай і беларускай моў – суадносных 16-ці лексіка-семантычных палёў (геаграфічнага ландшафту, руху без перамяшчэння, гуку, перамяшчэння ў прасторы, надвор’я, маўлення, колеру, эмоцый), якія ўяўляюць сабой найважнейшыя жыццёвыя сферы чалавека. Вольга Міхайлаўна адзначыла важнасць 3-х дадаткаў да слоўніка, у якіх паказана лексіка-семантычная спецыфіка рускіх і беларускіх полевых элементаў, а таксама розніца ў семантычных аб’ёмах суадносных фармальна супадаючых карэлюючых адзінак; падкрэсліла навуковую і практычную значнасць дадзенага лексікаграфічнага выдання.
В.М. Нікалаева таксама расказала прысутным і пра манаграфічнае выданне “Избранные труды по сопоставительному исследованию лексико-семантических систем близкородственных языков”. Яна адзначыла, што кніга ўключае працы па супастаўляльным даследаванні семантычных сістэм блізкароднасных моў, якія падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела і надрукаваны ў айчынных і замежных выданнях у перыяд з 2011 па 2023 год. Выступоўца падкрэсліла, што аб’яднанне пад адной вокладкай артыкулаў і навуковых матэрыялаў па названай тэматыцы тлумачыцца не толькі зручнасцю атрымання інфармацыі, якая сведчыць аб ступені вывучанасці ў айчынным мовазнаўстве такой галіны навуковых ведаў, як лексічная семантыка, і звязаных з ёй шматлікіх тэарэтычных і практычных пытанняў абгрунтавання сістэмнасці лексічнага ўзроўню мовы, але і імкненнем прадэманстраваць у цэлым, што зроблена ў гэтым навуковым напрамку, паказаць пэўныя вынікі, атрыманыя ў працэсе праведзенага ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве шматгадовага супастаўляльнага даследавання лексіка-семантычных сістэм блізкароднасных моў.
У пасяджэнні круглага стала прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры рускай мовы, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства к.ф.н., дацэнт Г.К. Чахоўскі, загадчык кафедры прыкладной лінгвістыкі к.ф.н. А.М. Дарагакупец-Навіцкая), загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры к.ф.н. А.А. Акушэвіч і выкладчыкі названых кафедр.
Супрацоўнікі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей адказалі на шматлікія пытанні прысутных, што сведчыць пра зацікаўленасць удзельнікаў мерапрыемства да вынікаў навуковых даследаванняў і мэтазгоднасць далейшага супрацоўніцтва паміж Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны.
І.У. Ялынцава