У ЛЮСТЭРКУ “РОДНАГА СЛОВА”

Саветам маладых вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа была арганізавана творчая сустрэча з галоўным рэдактарам навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» Наталляй Мікалаеўнай Шапран.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Вольга Мікалаеўна Папко, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Вольга Сяргееўна Юшкевіч, а таксама дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў.

Часопіс «Роднае слова» ўжо амаль чатыры дзесяцігоддзі аб’ядноўвае даследчыкаў, настаўнікаў і ўсіх, каму блізкія беларуская мова, літаратура і культура. І вельмі сімвалічна, што сустрэча адбылася ў Год беларускай жанчыны, бо менавіта жанчыны часта выступаюць носьбітамі і захавальніцамі моўнай і культурнай спадчыны, перадаючы яе з пакалення ў пакаленне.

Падчас сустрэчы Наталля Мікалаеўна расказала аб тым, што можа ўбачыць дапытлівы чытач у «люстэрку» «Роднага слова», у чым унікальнасць выдання сярод іншых навуковых і культурна-асветніцкіх СМІ, чаму ў анонсах часопіса нярэдка з’яўляюцца словы «эксклюзіў» і «сенсацыя», а таксама чаму сакавіцкі нумар традыцыйна адметны сваёй атмасферай. Асаблівую ўвагу яна ўдзяліла ідэі «кода прыгажосці» – уменню заўважаць і адкрываць яго ў паўсядзённым жыцці.

Асобна была падкрэслена важнасць цеснага і плённага ўзаемадзеяння з супрацоўнікамі Цэнтра, якія выступаюць аўтарамі «Роднага слова». Сярод іх – Алесь Бараноўскі, Мікола Мікуліч, а таксама Ірына Багдановіч, якая прадэкламавала верш «Споведзь Скарыны».

Анонс сакавіцкага нумара прайшоў у кветкавай, натхняльнай атмасферы. Арганізатары імкнуліся перадаць тонкасць, далікатнасць і прыгажосць, з якімі традыцыйна асацыіруецца вобраз беларускай жанчыны. На ўваходзе кожны ўдзельнік атрымаў картку з пасланнем – словамі пра мову, жанчыну, натхненне, – што задало эмацыянальны настрой сустрэчы і стала яе лагічным працягам.

Напачатку мерапрыемства быў таксама прадстаўлены творчы праект Савета маладых вучоных «Код прыгажосці», прысвечаны Году беларускай жанчыны. Сваё бачанне вобразаў жанчыны, маці і дзяўчыны праз аб’ектыў фотакамеры прадставілі маладыя навукоўцы і фатографы Вераніка Косціна і Кацярына Осінцава. Музычнае афармленне сустрэчы гарманічна дапоўніла выступленне Паліны Басалыгі, стварыўшы асаблівы, сугучны агульнаму настрою імпрэзы эмацыянальны фон.

У канцы сустрэчы ўдзельнікі мелі магчымасць задаць пытанні і паразмаўляць з Наталляй Мікалаеўнай у нефармальнай атмасферы.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы