З 4 па 8 жніўня супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі знаходзіліся ў дыялекталагічнай экспедыцыі. Сёлетняя міжнародная экспедыцыя трэцяя па ліку. У гэтым годзе яна праводзілася на тэрыторыі Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці і Руднянскага Смаленскай. У папярэднія гады былі наведаны з сучаснага расійскага боку вёскі Суражскага раёна Бранскай вобласці, Краснінскага Смаленскай, з беларускага – Касцюковіцкага Магілёўскай і Дубровенскага Віцебскай. У палявых даследаваннях удзельнічалі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства: Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар Інстытута, Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, Алена Мікалаеўна Путрыч, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі. Расійскі бок прадстаўлялі Сяргей Аляксеевіч Мызнікаў, член-карэспандэнт РАН, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра арэальнай лінгвістыкі Інстытута славяназнаўства РАН і Вольга Мікалаеўна Крылова, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута лінгвістычных даследаванняў РАН.
Удзельнікі міжнароднай дыялекталагічнай экспедыцыі
Удзельнікі любой дыялекталагічнай экспедыцыі мараць наведаць як мага больш вёсак і сустрэцца з цікавымі суразмоўцамі, ад якіх можна пачуць гаворку, што мала адрозніваецца ад маўлення іх дзядуль і бабуль, бацькоў. Дыялекталагічнаму атраду пашанцавала. У Руднянскім раёне Смаленскай вобласці мы пабылі ў вёсках Беразіно, Заазер’е, Казімірава, Любавічы, Панізоўе, у Лёзненскім – у вёсках Высачаны, Выхадцы, Кавалі, Рублева-2, зрабілі запісы ў г.п. Лёзна. Усе сустрэчы аказаліся надзвычай запамінальнымі. Тыя, з кім давялося паразмаўляць у беларускіх вёсках і памежных расійскіх, гэта пераважна вяскоўцы-доўгажыхары, большасць з іх людзі сталага веку – ім за 90 гадоў або пад 90.
Вёска Кавалi. Разам з нашым суразмоўцам
Вёска Выхадцы. Разам з нашым суразмоўцам і старшынёй Дабрамыслінскага сельскага савета
Вёска Рублева-2. Разам з нашым суразмоўцам
Вёска Любавічы Руднянскага раёна. Удзельнікі экспедыцыі разам з нашым суразмоўцам
Гаворка з мясцовымі жыхарамі запомнілася не толькі тым, што ў іх памяці захоўваюцца шматлікія падзеі, з якіх складаецца наша гісторыя, веды пра яе. Уразіў аптымізм субяседнікаў, іх незгасальная вера ў дабро і любоў да жыцця, да людзей. Надзвычай змястоўная, багатая на цікавыя звесткі была сустрэча ў вёсцы Панізоўе Руднянскага раёна. Тут загадчыцай сельскай бібліятэкі працуе Таццяна Васільеўна Цітова.
Вёска Панізоўе Руднянскага раёна. Разам з бібліятэкарам мясцовай бібліятэкi
Таццяна Васільеўна не проста выдатны апавядальнік, чалавек, які, здаецца, памятае ўсё, што адбывалася ў іх вёсцы і як што называецца. Каб зберагчы словы мясцовай гаворкі для нашчадкаў, яна, як сапраўдны руплівы даследчык, склала невялічкі слоўнік “Словарь диалектизмов Понизовского края” (другое выданне слоўніка адбылося ў 2025 г.). У працу ўвайшлі словы, многія з якіх добра ведаюць не толькі жыхары памежных раёнаў Віцебшчыны, але і на ўсёй Беларусі, бо яны з’яўляюцца агульнанароднымі, належаць да літаратурных: адліга, акрамя, арэлі, бурак, быллё, воўна, ганкі, гарбуз, грэбаваць, гукаць, дакуль, дрэнны, ён, ёсць, журавіны, зараз, зразумець, кволы, каўнер, кросны, летась, неслух, няхай, палуднаваць, развіднець, сёлета, сустрэча, табе, трошкі, хвароба, хустка, шпак, шукаць, як і г.д. Адзначаюцца ў публікацыя і рэгіянальныя назвы, лексемы, выслоўі, характэрныя мясцовым гаворкам: наротня, што адпавядае беларускаму нарочна, кутёнок – сабачаня, надёва – адзенне, шуʹхли (пошли) – пра слотнае надвор’е. Прысутнасць такой істотнай колькасці беларусізмаў у руднянскіх гаворках невыпадковая: гэту тэрыторыю лінгвісты вызначаюць як моўную прастору, якой гістарычна былі ўласцівы беларускія рысы. Самае цікавае, што і мясцовыя жыхары падкрэсліваюць, што гавораць яны так, як і беларусы, што жывуць па суседстве. Але такое, беларускае паводле сваіх асаблівасцей маўленне, сёння ўжо пачуеш толькі ад старэйшага пакалення вяскоўцаў, ды і то далёка не ад усіх.
Наша сустрэча з Т. В. Цітовай запомнілася не толькі сваёй інфарматыўнасцю. Напамяць мы атрымалі каштоўны для мовазнаўца падарунак – слоўнік, падрыхтаваны аўтарам.
Вёска Панізоўе Руднянскага раёна. Разам з Т.В. Цітовай і яе падарункам
Не менш цікавай была і гутарка са старэйшым жыхаром вёскі Заазер’е Аляксеем Ісачанкавым. Майстравы, ці, як тут кажуць, рукаты чалавек, вясковец расказаў пра традыцыйнае рыбалоўства, розныя сельскагаспадарчыя заняткі, прыгадаў сваю маладосць і жыццё ў пасляваенны час.
Вёска Заазер’е Руднянскага раёна. Удзельнiкі экспедыцыi разам з А. Iсачанкавым
Кожная сустрэча з жыхарамі наведаных намі вёсак у Лёзненскім раёне вымагае асобнага расказа, таму пералічым толькі некаторых суразмоўцаў. Гэта Зінаіда Уладзіміраўна Галубоўская, жыхарка вёскі Рублева-2, Антаніна Уладзіміраўна Марчанка з вёскі Выхадцы, Валянціна Тарасаўна Марціновіч, якая цяпер жыве ў г.п. Лёзна, творчая сям’я Мураўёвых, Вера Пятроўна і Міхаіл Рыгоравіч, і многія-многія іншыя. Усе яны ўразілі не толькі сваімі ведамі пра мясцовыя традыцыі, успамінамі пра ваенны і пасляваенны час ліхалецця, яны захапілі сваёй дабрынёй, уменнем спагадаць, падтрымаць.
г.п. Лёзна. Разам з нашым суразмоўцам В.Т. Марцiновiч
Усім, хто быў з намі, хто згадзіўся пагутарыць, удзельнікі экспедыцыі выказваюць шчырую падзяку, жадаюць ім моцнага здароўя і спадзяюцца на новыя сустрэчы.
г.п. Лёзна. Разам з сям’ёй Мураўёвых
Пачутыя ад інфармантаў расказы, апрацаваныя даследчыкамі запісы, увойдуць у дыялекталагічныя хрэстаматыі, будуць надрукаваны ў навуковых выданнях, яны стануць і культурна-гістарычным набыткам, і здабыткам мовазнаўчай навукі.
Сённяшнія дыялекталагічныя выезды ажыццявіць без падтрымкі органаў мясцовага дзяржаўнага кіравання немагчыма. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа выказвае словы шчырай удзячнасці супрацоўнікам Лёзненскага раённага выканаўчага камітэта, сектара культуры, загадчыкам вясковых клубаў, старшыням сельскіх саветаў – усім, хто спрычыніўся да дыялекталагічнай экспедыцыі і дапамог у яе правядзенні.
В.М. Курцова