Прайшоў круглы стол, прымеркаваны да 160-годдзя Я. Ф. Карскага і 100-годдзя Інстытута беларускай культуры.

15 лютага ў рамках мерапрыемстваў, арганізаваных Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа сумесна з іншымі ўстановамі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, якія прысвечаны Тыдню роднай мовы, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа прайшоў круглы стол. Ён быў прымеркаваны да 160-годдзя Я. Ф. Карскага і 100-годдзя Інстытута беларускай культуры. Важнасць гэтых дзвюх адметных дат у нацыянальнай культуры прымусіла арганізатараў мерапрыемства сканцэнтраваць увагу пераважна на першай частцы імпрэзы, але, прыгадаўшы набытак зробленага гуманітарнай навукай за час існавання Інстытута беларускай культуры, было заўважана, што 100-годдзе ўстановы, якая распачынала працу з даследаванняў у галіне гуманітарных навук і ўжо з 1924 г., як указаваецца ў зборніку дакументаў і матэрыялаў «Інстытут беларускай культуры. 1922–1928», пачала набываць комплексны характар, заслугоўвае асобнай гаворкі пра саму ўстанову і вынікі яе дзейнасці.

Круглы стол можна назваць міжнародным мерапрыемствам. У ім бралі ўдзел выступоўцы з розных славянскіх краін — Расіі, Польшчы, Чэхіі. Пра біяграфічную працу ў двух тамах расказаў прысутным Аляксандр Аляксандравіч Карскі, праўнук акадэміка Я. Ф. Карскага, які жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Радаслаў Калета, загадчык кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, дзе пачынаючы з 1893 г. спачатку ў якасці лектара, потым прафесара, дэкана гісторыка-філалагічнага факультэта, рэктара ўніверсітэта на працягу 1905–1910 гг. працаваў Я. Ф. Карскі, сканцэнтраваў сваю ўвагу на беларуска-моўных дачыненнях, якія падтрымліваюцца кафедрай цяпер і ў ранейшыя часу, пра навуковыя даследаванні, што праводзяцца яе супрацоўнікамі.  Навуковец Міраслаў Янковяк, які зараз жыве ў г. Празе, але, як і раней, займаецца праблемамі беларускай дыялекталогіі, засяродзіўся ў сваім выступленні на выніках вывучэння беларускіх гаворак у Латгальскім рэгіёне. Насамрэч праведзеныя М. Янковякам даследаванні можна лічыць унікальнымі. Лінгвіст прайшоў сцежкамі акадэміка Я. Ф. Карскага. Наведаў тэрыторыю Латгаліі, у большасці тыя вёскі, дзе некалі быў сам акадэмік. Вынікі палявых доследаў Міраслава Янковяка на тэрыторыі сучаснай Латвіі адлюстраваны ў спецыяльным тэкстаграфічным выданні беларусіста. Цікавыя назіранні мае М. Янковяк і аб стане сучаснай гаворкі на тэрыторыі Пскоўшчыны.

З беларускага боку былі вучоныя, якія расказалі пра Я. Ф. Карскага найперш як асобу, выбітнага філолага-энцыклапедыста. Шмат увагі было аддадзена даследаванням па вывучэнні навуковай спадчыны акадэміка, у першую чаргу новым архіўна-дакументальным працам.

Імпрэза пачалася з вітальнага слова яго ўдзельнікам і прысутным члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара гістарычных навук А. А. Кавалені. Выступоўца, адзначыўшы значэнне Я. Ф. Карскага для айчыннай гуманітарнай навукі, выказаў спадзяванні, што цікавасць да гэтага таленавітага беларуса з гадамі будзе толькі ўзрастаць, бо надзвычай важны след пакінуў выбітны даследчык у гісторыі нацыянальнай філалогіі.

Са словамі А. А. Кавалені, выступ якога працягнула В. М. Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства, нельга не згадзіцца.

Я. Ф. Карскі – адметная, магутная постаць у гісторыі нацыянальнага мовазнаўства. Усё сваё жыццё ён прысвяціў вывучэнню беларускай мовы. Я. Ф. Карскі – акадэмік, заснавальнік беларусазнаўства, філолаг-энцыклапедыст, славіст, дыялектолаг, палеограф, літаратуразнаўца, фалькларыст, этнолаг, гісторык культуры, бібліёграф. Ён заклаў метадалагічныя асновы сучаснай гуманітарнай навукі, на якой грунтуюцца даследаванні ў галіне мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыкі і сёння.

Я. Ф. Карскі вядомы і як выдатны арганізатар універсітэцкай і акадэмічнай навукі. Ён быў рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта, акадэмікам Расійскай АН, членам праўлення і Прэзідыума Расійскай АН, акадэмікам Чэшскай АН, дырэктарам Музея антрапалогіі і этнаграфіі. Адметная роля належыць яму ў гісторыі стварэння Інстытута беларускай культуры. Разам з Я. Л. Дылам і С. М. Некрашэвічам яны былі тымі асобамі, хто працаваў над канцавым варыянтам статута ўстановы. Згодна з прапанаванымі камісіяй палажэннямі Інстытут быў вызначаны як навукова-даследчая і культурна-грамадская ўстанова. Прыкладна ў гэты ж час, дакладней у 1920 г., у друку з’явіўся артыкул лінгвіста «Што яшчэ трэба зрабіць у справе беларускай мовы і літаратуры». Гэта публікацыя – навуковая праграма дзейнасці Інбелкульта ў галіне нацыянальнага мовазнаўства. У 1922 г. таленавіты вучоны стаў правадзейным членам Інстытута. Прыкладна тады ж ён, як кіраўнік камісіі па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, займаўся пытаннямі арганізацыі гэтай вышэйшай навучальнай установы.

Значную частку свайго жыцця Я. Ф. Карскі прысвяціў працы з рознымі навуковымі выданнямі. Акадэмік быў рэдактарам мовазнаўчага часопіса «Русский филологический вестник», часопісаў «Известия Отделения русского языка и словесности», «Известия по русскому языку и словесности». Але асноўная старонка ў жыцці Я. Ф. Карскага – гэта яго даследчая дзейнасць.

Спадчына Я. Ф. Карскага ўражвае колькасцю зробленага ў розных галінах гуманітарнай навукі. Акадэмік напісаў уласна, як паказаў у бібліяграфічным спісе «Карский Евфимий Федорович (к 150-летию со дня рождения). Библиографический обзор», А. А. Карскі, шанавальнік яго спадчыны, 1052 публікацыі. Яшчэ 18 прац былі падрыхтаваны ў суаўтарстве.

Я. Ф. Карскі ўвайшоў у гісторыю навукі як буйны даследчык скарбаў царкоўнай кніжнасці і духоўнай літаратуры. Ён вывучаў беларускія пераклады Псалтыра, якія рабіліся на працягу XV–XVII стст., займаўся палеаграфіяй. Менавіта Я. Ф. Карскі з’яўляецца заснавальнікам беларускай палеаграфіі. У сваіх працах ён вызначыў асноўныя заканамернасці змен у абрысах кірыліцкіх літар у старабеларускім пісьменстве ад 14 да 17 стст., правёў вялікую пошукавую працу і ажыццявіў палеаграфічны аналіз шматлікіх унікальных тэкстаў. Але эпахальнай працай у ягонай навуковай дзейнасці і па сёння застаецца шматтомнае даследаванне «Беларусы».

У энцыклапедычным выданні адлюстраваны асаблівасці беларускай мовы, вуснай народнай творчасці, пісьменства, культуры і гісторыі беларускага народа. Даследаванне належыць да ліку тых адметных публікацый, у якім на аснове комплексу розных асаблівасцей пераканаўча паказана, што беларуская мова такая ж мова, як і іншыя славянскія, яна роўная сярод іх, мае свае адметныя рысы і сваю гісторыю развіцця. Дадзеная выснова надзвычай важная, калі ўлічыць, што Я. Ф. Карскі быў па сваіх поглядах прадстаўніком ліберальнага «западнорусизма».

Фундаментальнае выданне «Беларусы» сярод іншага адметнае тым, што ў першым томе змешчана «Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі».

Карта была складзена Я. Ф. Карскім у 1903 г. на аснове асабістых падарожжаў і назіранняў над гаворкамі і з улікам сабраных матэрыялаў аб іх з розных крыніц. У 1917 г. «Этнаграфічная карта беларускага племя» перавыдавалася. Яна з’яўляецца ўдакладненым узорам папярэдняй карты з вызначэннем межаў беларускага народа пераважна на падставе асаблівасцей жывой мовы.

Характарызуючы важнасць  публікацыі для нацыянальнага мовазнаўства, выбітны даследчык жывой беларускай мовы А. А. Крывіцкі пісаў: «Праца Я. Ф. Карскага «Беларусы. Мова беларускага народа» ‒ настольная кніга кожнага беларускага мовазнаўцы і філолага. З яе старонак мы спасцігаем не толькі глыбіні роднай мовы, але і творчую асобу яе самага славутага даследчыка».

Зусім не выпадкова, што спадчына Я. Ф. Карскага прыцягвала і прыцягвае мовазнаўцаў, неаднаразова яна станавіла аб’ектам навуковага аналізу і разгляду.

Пра тое, як вывучаў яе аўтар кнігі «Евфимий Федорович Карский» Міхаіл Гапеевіч Булахаў, расказала прысутным В. М. Нікалаева.

Дзякуючы кантактам М. Г. Булахава з родзічамі і спадкаемцамі Я. Ф. Карскага, яго асабістым захадам па ўвекавечанні памяці акадэміка, у В. М. Нікалаевай, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства, застаўся багаты архіў. З яго некаторымі фактамі дачка М. Г. Булахава пазнаёміла аўдыторыю.

На круглым стале прысутныя пачулі таксама пра новае біяграфічнае выданне, прысвечанае апісанню лёсу Я. Ф. Карскага.

Думаецца, што гэта біяграфічнае даследаванне дазволіць сучаснаму пакаленню філолагаў, пазнаёміўшыся з кнігай, па-новаму прачытаць навуковую спадчыну самога акадэміка А. Ф. Карскага.

Уражаннямі пра тое, як ішла работа па выданні рукапісу ў Мінску, падзяліўся дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік А. І. Лакотка.

Да ліку новых публікацый, у якіх сабраны шматлікія архіўныя дакументы, належыць таксама кніга «Сборник документов и материалов: в двух частях. Ч. 1. Проблемы истории и культуры Беларуси в документальном наследии Е. Ф. Карского. Материалы семьи» (2020). Праўда, на круглым стале не адбылося сустрэчы з яе ўкладальнікамі, але інфармацыю пра яе наяўнасць прысутныя ў зале атрымалі.

Пытанні літаратуразнаўчай дзейнасці Я. Ф. Карскага закрануў у сваім выступленні І. В. Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. Галоўны пасыл яго выступу быў накіраваны да маладых даследчыкаў. І. В. Саверчанка найперш падкрэсліў, што без асэнсавання навуковай спадчыны акадэміка Карскага ў галіне літаратуразнаўства рухацца ў вялікую навуку складана.

Не мала цікавага расказаў прысутным таксама акадэмік А. А. Лукашанец. Ён, у прыватнасці, падзяліўся ўспамінамі пра прафесара В. І. Баркоўскага, мужа Наталлі Яфімаўны Карскай. Аднак асноўная ўвага ў выступленні акадэміка А. А. Лукашанца была скіравана на важнасць 100-гадовага юбілею Інстытута беларускай культуры, які быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук. А. А. Лукашанец засяродзіў сваю ўвагу і на значнасці мовы тытульнай нацыі ў жыцці грамадства.

Круглы стол, прысвечаны 160-гадоваму юбілею Я. Ф. Карскага, даў старт мерапрыемствам, якія праводзяцца Цэнтрам даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры ў межах Тыдня роднай мовы. Усе яны  разнастайныя па змесце і накіраванасці.

 

В. М. Курцова

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы