«МОВА І РЭЛІГІЯ»: ІНТЭРАКТЫЎНАЯ ГУЛЬНЯ СА ШКОЛЬНІКАМІ

24 лютага 2024 г. у рамках сумеснай ініцыятывы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Брацтва святога апостала Іаана Багаслова Мінскай eпapxii Беларускай Праваслаўнай Царквы для вучняў сярэдняй школы № 115 г. Мінска была праведзена інтэрактыўная гульня «Мова і рэлігія», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Гэтае мерапрыемства стала ўнікальнай магчымасцю для школьнікаў прадэманстраваць свае веды, развіць уменне працаваць у камандзе і атрымаць новы лінгвістычны вопыт.

Гульня праходзіла ў форме брэйн-рынга і ўключала 4 блокі заданняў. Практычны матэрыял (адзінкі рэлігійнай лексікі і фразеалагізмы з кампанентам з рэлігійнай сферы) падрыхтавала малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Алена Мікалаеўна Путрыч, яна ж выступіла ў ролі вядучай гульні. Мовазнаўца з прыемнасцю адзначае кемлівасць, эрудзіраванасць і актыўнасць школьнікаў, якія з першых хвілін з цікавасцю ўключыліся ў прапанаванае ім незвычайнае спаборніцтва.

Падобныя мерапрыемствы праз развіццё моўных кампетэнцый садзейнічаюць гарманічнаму фарміраванню асобы, спрыяюць выхаванню ў маладога пакалення адносін цярпімасці і ўзаемаразумення да прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і веравызнання. Удалы вопыт супрацоўніцтва паміж Інстытутам мовазнаўства і Брацтвам святога апостала Іаана Багаслова можа быць працягнуты і ў далейшым з мэтай усебаковага развіцця вучняў і ўмацавання міжкультурнага дыялогу.

Алена Путрыч

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы