Сустрэча навукоўцаў і студэнтаў

22 лютага прайшла сустрэча супрацоўнікаў сектара этналінгвістыкі і фальклору і аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі і магістрантамі філалагічнага факультэта БДУ і іх куратарам Вольгай Зуевай.
 

 
Загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Алена Боганева пазнаёміла студэнтаў з асноўнымі кірункамі дзейнасці сектара, сярод якіх фарміраванне базы даных этнакультурных і этнамоўных элементаў як асновы “Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа” і падрыхтоўка атласа да выдання. Алена Міхайлаўна паказала таксама магчымасці картаграфавання матываў на прыкладзе звестак пра плямы на месяцы (паводле пытання “Што людзі бачаць у плямах на месяцы?)”. Картаграфаванне гэтых матываў паказала дакладную лакалізацыю матыву братазабойства на беларускай тэрыторыі, лакалізацыю матыву пра чарнакніжніка пана Твардоўскага на тэрыторыі Польшчы і дыфузную зону паміж гэтымі матывамі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.
Іншыя выступоўцы паказалі міждысцыплінарныя сувязі этналінгвістыкі з этымалогіяй (Цімур Буйко) і славістыкай (Валерыя Леу).
З прывітальнымі словамі выступілі першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі, а таксама ранейшыя загадчыкі сектара этналінгвістыкі і фальклору Таццяна Валодзіна і Таццяна Аліферчык.
 
 
Па словах студэнтаў, выступленні навукоўцаў сталі надзвычай карыснымі для іх падрыхтоўкі менавіта ў межах дысцыплін, звязаных з беларускім  фальклорам, гістарычнай граматыкай, славянскай філалогіяй.
 
Таццяна Аліферчык

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы