З развітальнымі словамі пра калегу

Тужлівы сум агарнуў душу, калі тэлефонны званок данёс нечаканую вестку: Іван Якаўлевіч памёр… Няўтульна і горка… Як шкада, калі гэты свет пакідаюць людзі, адданыя любімай справе, тыя, што не проста прыходзілі штодзённа на працу, а шчыравалі на навуковай ніве, абранай аднойчы для сваёй дзейнасці.

23 кастрычніка не стала Івана Якаўлевіча Яшкіна, вядомага беларускага дыялектолага, мовазнаўца, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Іван Якаўлевіч нарадзіўся 12 лютага 1932 г. у вёсцы Шаламы Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння мясцовай Васькаўскай школы паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут. У час вучобы фактычна вызначыўся напрамак заняткаў маладога юнака. Якраз у канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося збіранне матэрыялаў для будучага фундаментальнага лінгвагеаграфічнага даследавання “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы”. На першым, збіральніцкім, этапе рэалізацыі гэтага буйнамаштабнага навуковага праекта актыўны ўдзел бралі ўсе педагагічныя і настаўніцкія інстытуты нашай рэспублікі. Да назапашвання матэрыялаў выкладчыкі рэгіянальных інстытутаў далучылі творчую, найбольш падрыхтаваную моладзь. Першы даследчы вопыт  — удзел у дыялекталагічнай экспедыцыі — будучы мовазнавец Іван Якаўлевіч Яшкін атрымаў у 1952. Пасля той памятнай, піянерскай экспедыцыі іх было не адзін дзясятак: малады філолаг І. Я. Яшкін прыйшоў у акадэмічны інстытут мовазнаўства у 1959 г., у 1999 г. старшы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі І. Я. Яшкін пайшоў на адпачынак. За гэты перыяд шляхам дыялекталагічных экспедыцый збіраўся матэрыял для такіх адметных нацыянальных і міжнародных лінгвагеграфічных праектаў, як «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак у 5 тамах», назапашвальная база якога стваралася на працягу 16 гадоў, з 1963 па 1979 гг., «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лінгвістычны атлас Еўропы». З 1967 па 1981 гг. праводзіліся экспедыцыі на Тураўшчыну, падчас якіх занатоўваўся матэрыял для складання тураўскага словазбору, які выйшаў у наступным пад назвай «Тураўскі слоўнік. У 5 тамах» (1982–1987), і «Лінгвістычнага мікраатласа Тураўшчыны» (2016).

За 40 гадоў навуковай дзейнасці ў галіне нацыянальнай дыялекталогіі старшы навуковы супрацоўнік Іван Якаўлевіч Яшкін паспеў зрабіць надзвычай многа. Свет убачылі яго манаграфічнае даследаванне «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм: Фанетыка» (1976) і «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм: Марфалогія. Сінтаксіс» (1980). У гэтай працы ў якасці аб’екта вывучэння мовавед абраў гаворкі Слаўгарадчыны. Для гэтага былі асабістыя падставы: І. Я. Яшкін нарадзіўся на Слаўгарадчыне. Даследчыку заўсёды хочацца навукова інтэрпрэтаваць асаблівасці мовы, з якой ты жыў, гадаваўся, якую засвоіў ад бацькоў.

Ад мясцовага, ад зямлі Слаўгарадчыны ішоў ён, калі стваралася праца «Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія» (1971) і яе абноўлены, перапрацаваны варыянт «Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў: Тапаграфія. Гідралогія» (2005). Гэтыя публікацыі належаць да анамастычных даследаванняў у галіне нацыянальнай лінгвістыкі, яны цікавыя тым, што дазваляюць узнавіць праз найменні ландшафт мінулага, а разам з гэтым раскрыць таямніцы нацыянальнай моватворчасці беларускага народа.

Да ліку анамастычных даследаванняў, падрыхтаваных таксама Іванам Якаўлевічам, адносяцца і такія выданні, як «Слоўнік беларускіх імёнаў» (2009) і «Слоўнік беларускіх імёнаў і сямейна-родавых паняццяў» (2013). Гэтыя кнігі расказваюць пра ўласныя імёны, якімі карысталіся беларусы ў сваім жыцці. Багаты нацыянальны імяслоў, створаны на працягу шматлікіх стагоддзяў нашымі продкамі, указвае на яго нацыянальную адметнасць і непаўторнасць. І хоць многае з таго, што атрымалі сучаснікі ў спадчыну ад бацькоў не вернецца ва ўжытак, аднак яно назаўсёды застанецца як занатавае сведчанне пра гістарычную адметнасць развіцця беларускага імя.

Пазнанню беларускім народам навакольнага свету, у прыватнасці, такім яго насельнікам, як грыбы, прысвечана цэлая серыя прац Івана Якаўлевіча. Яна спецыфічная па сваім змесце і накіраванасці. Першая з кніг мае назву «Грыбы» (1986). Выданне было падрыхтавана сумесна з прафесійным даследчыкам-батанікам Г. І. Сяржанінай. У наступным кніга стала грунтоўным навуковым падмуркам для стварэння папулярных даведнікаў, найперш па выкарыстанні грыбоў у традыцыйнай вясковай беларускай кухні — «Грыбы ў традыцыйнай кухні беларусаў» (1995),

«Грыбы і грыбная кулінарыя: папулярны энцыклапедычны даведнік» (2005), у напісанні якога таксама прымала ўдзел Г. І. Сяржаніна.

Пералічаныя і іншыя публікацыі, пераважна навуковыя артыкулы, прысвечаны роднаму беларускаму слову, да якога мовавед Іван Якаўлевіч Яшкін ставіўся надзвычай далікатна, з замілаваннем. Ён заўсёды імкнуўся яго запісаць, зафіксаваць, каб пакінуць у спадчыну. Векавечным помнікам ягонай навуковай працы застануцца ў гісторыі слоўнікі, у стварэнні якіх дыялектолаг браў удзел, адметныя словазборы, якія рассыпаны па шматлікіх дыялекталагічных зборніках, але самым дарагім і гістарычна каштоўным помнікам назаўсёды будзе «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак у 5 тамах» (1993-1998). За ўдзел у стварэнні названага фундаментальнага лінгвагеаграфічнага даследавання Іван Якаўлевіч Яшкін у складзе аўтарскага калектыву атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі РБ. Гэта вельмі высокая і пачэсная ацэнка працы беларускіх навукоўцаў-дыялектолагаў. Найперш гэта памяць пра беларускую дыялектную мову на стагоддзі. Дзякуй Вам, шаноўны Іван Якаўлевіч, што не толькі займаліся стварэннем атласа, але і рупіліся пра выданне фундаментальнай працы, паспрыялі, каб хутчэй карысталіся ёй усе ахвочыя.

Мінуць гады, пройдуць дзесяцігоддзі, прыйдуць новыя даследчыкі, але беларускае слова, навечна адлюстраванае ў прасторы свайго пашырэння на картах лексічнага атласа, застанецца. Разам з ім будзе жыць і памяць пра Вас, дарагі Іван Якаўлевіч. Зямля Вам пухам…

Супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы