“ПА РАЗРОЗНЕНЫХ ЭЛЕМЕНТАХ МОВЫ НЕЛЬГА СПАЗНАЦЬ ТОЕ, ШТО ЁСЦЬ НАЙВЫШЭЙШАЕ І НАЙТАНЧЭЙШАЕ Ў ЁЙ” В. ГУМБАЛЬТ

22 лютага ў межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня роднай мовы, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя “Русско-белорусского системного семантического словаря” ў 2 т. (2023) –  лексікаграфічнага даведніка новага тыпу, які выйшаў у выдавецтве “Беларуская навука”. Слоўнік падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. 

Слоўнік працягвае серыю падрыхтаваных раней калектывам аддзела манаграфічных сістэмных кампаратыўных даследаванняў сучасных рускай і беларускай моў на іншых узроўнях, пачатак якой быў закладзены выдадзенай яшчэ ў 1990 годзе манаграфіяй “Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Морфология”. У 2014 годзе выйшла ў свет “Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Словообразование”.

“Русско-белорусский системный семантический словарь” – першы вопыт укладання перакладнога слоўніка арыгінальнага тыпу. У ім паказаны міжмоўныя суадносіны рускіх і беларускіх лексічных адпаведнікаў, што ўваходзяць на падставе агульнай семантычнай прыкметы ў лексіка-семантычныя палі геаграфічнага ландшафту, руху без перамяшчэння, гуку, перамяшчэння ў прасторы, надвор’я, маўлення, колеру, эмоцый, якія ўяўляюць сабой найважнейшыя жыццёвыя сферы чалавека. У слоўнік уключаны найменні з’яў і прадметаў, іх прыкмет, а таксама працэсаў і дзеянняў. Матэрыял лексікаграфічнага даведніка, дзякуючы яго арыгінальнай падачы, дае магчымасць выбару найбольш дакладнага міжмоўнага эквіваленту.

Прэзентацыю вітальнымі словамі да прысутных распачаў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў. Ён ахарактарызаваў змест слоўніка і падкрэсліў яго важнасць як для айчыннага мовазнаўства, так і для беларускай навукі ў цэлым.

Пра слоўнік, яго структуру і змест паведаміла адзін з аўтараў-укладальнікаў і навуковы рэдактар лексікаграфічнай працы вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей кандыдат філалагічных навук В.М. Нікалаева. Яна расказала аб ідэі распрацоўкі такога тыпу лексікаграфічнай работы, пазнаёміла прысутных са структурай слоўніка, растлумачыла сутнасць асноўнага – сістэмнага – падыходу, прынятага ў дадзеным слоўніку, які заключаецца ў тым, што ён пабудаваны на матэрыяле адзінак мікрасістэм як фрагментаў лексіка-семантычных сістэм рускай і беларускай моў – суадносных 16-ці лексіка-семантычных палёў. Асноўнымі складнікамі слоўніка з’яўляюцца не проста моўныя элементы, а элементы лексіка-семантычных палёў, надзеленыя тлумачэннямі. Такі сістэмны падыход дазваляе атрымаць дакладныя вынікі даследавання лексічнага ўзроўню мовы, а таксама скласці ўяўленне аб арганізацыі асобных фрагментаў нацыянальнай моўнай карціны свету.

В.М. Нікалаева адзначыла, што лексікаграфічная практыка цесна звязана з лінгвістычнай тэорыяй, таму слоўнікавая праца павінна абапірацца не толькі на збор, аналіз і сістэматызацыю моўных даных, але і ўлічваць назапашаны вопыт у апісанні мовы і асэнсаванні ўзаемасувязі яе асобных падсістэм. Выступоўца засяродзіла ўвагу на тым, што пры распрацоўцы такога тыпу двухмоўнага слоўніка неабходна было ўлічваць, што ў лексемах адной мовы фіксуюцца і набываюць агульнамоўную значнасць адны паняцці і іх адносіны, у словах другой мовы – іншыя – у залежнасці ад таго, якія асацыяцыі выбраны носьбітамі мовы і пакладзены ў аснову намінацыі. Нягледзячы на тое, што міжмоўныя словы-адпаведнікі маюць прыкладна аднолькавы семантычны аб’ём, нярэдка мовы, у тым ліку і блізкароднасныя, па-рознаму  “рэгіструюць” яго ў сваіх лексіка-семантычных сістэмах. Таму спецыфіка двухмоўнага слоўніка патрабуе ўліку семантычных асаблівасцей як зыходнай, так і эквівалентнай адзінкі, што дае магчымасць вызначыць адэкватныя міжмоўныя эквіваленты і нацыянальную спецыфіку кожнай з моў у галіне семантыкі.

В.М. Нікалаева звярнула ўвагу на тое, што дадзенае лексікаграфічнае выданне ўяўляе сабой сукупнасць слоўнікавых двухмоўных артыкулаў, размеркаваных па васьмі раздзелах, у якіх паказаны элементны склад канкрэтных палёў (полевыя члены, за значэннямі якіх стаяць паняцці аб прадмеце, прыкмеце, дзеянні / працэсе і стане), а таксама прадстаўлены іх семантычныя адносіны. Былі абазначаны элементарная адзінка слоўнікавага апісання і канкрэтны матэрыял корпусаў рускіх і беларускіх адзінак з іх тлумачэннямі, адзначаны асаблівасці дадзенага слоўніка, у якім у якасці полевых элементаў выступаюць асобныя лексіка-семантычныя варыянты, што ўяўляецца вельмі важнай аперацыяй не толькі для дэманстрацыі колькасна-якаснага напаўнення лексіка-семантычных палёў, але і садзейнічае яснасці раскрыцця семантычнага аб’ёму адзінак зыходнай мовы і ўдакладнення эквівалентнай часткі двухмоўнага слоўніка. Такую паглыбленую інфармацыю аб семантыцы адзінак неабходна ўлічваць пры распрацоўцы новых перакладных і сінанімічных слоўнікаў.

Вольга Міхайлаўна падкрэсліла важнасць 3-х дадаткаў да слоўніка, у якіх паказана лексіка-семантычная спецыфіка рускіх і беларускіх полевых элементаў, а таксама розніца ў семантычных аб’ёмах суадносных фармальна супадаючых карэлюючых адзінак.

У выступленні В.М. Нікалаевай была падкрэслена навуковая значнасць слоўніка, які змяшчае багаты сістэмны матэрыял для абагульняючых лексікалагічных і семантычных даследаванняў. Супастаўляльны падыход, выкарыстаны ў такой лексікаграфічнай працы, адкрывае новыя магчымасці для пошуку несупадаючых участкаў семантычнай прасторы блізкароднасных моў, што важна ў міжкультурных зносінах, а таксама ў практыцы перакладу. Практычная вартасць слоўніка, на думку В.М. Нікалаевай, заключаецца ў непасрэднай арыентацыі на патрэбы двухмоўнай лексікаграфіі. Ён можа з’явіцца перадумовай для ўдасканальвання традыцыйных перакладных слоўнікаў і распрацоўкі супастаўляльных слоўнікаў. Даследаванне лексікі як сістэмы дазваляе найбольш адэкватна апісаць структуру значэння ў адзінстве ўсіх яго кампанентаў, дае магчымасць глыбока пранікнуць у семантыку слова, удасканаліць дэфініцыі ў тлумачальных слоўніках і ўдакладніць эквівалентную частку двухмоўнага слоўніка.

Перад прысутнымі выступілі таксама аўтары асобных раздзелаў “Русско-белорусского системного семантического словаря”, якія расказалі пра спецыфіку моўнага матэрыялу, з якім ім давялося працаваць.

Загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта МДПУ імя Максіма Танка, доктар філалагічных навук Дзмітрый  Васільевіч Дзятко адзначыў важнасць слоўніка не толькі для беларускай лексікаграфіі, але і для правядзення навуковых даследаванняў студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі. Нягледзячы на тое, што прэзентаванае лексікаграфічнае выданне новае, яго ўжо паспелі ацаніць выкладчыкі: слоўнік уключаны ў пералік выданняў, рэкамендаваных для студэнтаў у навучальным працэсе. Д.В. Дзятко падкрэсліў, што выхад дадзенага слоўніка – знамянальная дата не толькі для айчыннай лінгвістыкі, але і для агульнага мовазнаўства ў цэлым.

Свае ўражанні аб слоўніку выказала Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Яна падкрэсліла, што “Русско-белорусский системный семантический словарь” належыць да ўнікальных выданняў у галіне беларускай нацыянальнай лексікаграфіі. Яго адметнасць выяўляецца не толькі ў тым, што гэта першы вопыт семантычнага слоўніка ў айчыннай лексікаграфіі. Як лексікаграфічны даведнік супастаўляльнага тыпу ён дазваляе адразу ўбачыць ступень супадзення і разыходжання паміж беларускай і рускай мовамі на семантычным узроўні, а тым самым вызначаць шляхі моўнага развіцця гэтых дзвюх славянскіх тыпалагічна і генетычна роднасных моў. Асаблівасці пабудовы слоўніка, у якой кожнае лексіка-семантычнае поле мае адпаведныя дадаткі, дзе падаюцца вынікі канвергентнай ці дывергентнай семантычнай тоеснасці элементаў адпаведнага лексіка-семантычнага поля, з’яўляюцца па сутнасці лагічным падагульненнем адлюстраванага матэрыялу, праўда, у адпаведнасці з жанрам выдання  ў таблічнай форме. Гэты слоўнік, дзякуючы сваёй структуры, дазваляе таксама прадэманстраваць, які ўплыў аказала руская лексікаграфічная практыка на развіццё беларускай нацыянальнай лексікаграфіі, наколькі поўна пры перадачы значэння многіх лексем задзейснены пры складанні перакладных слоўнікаў матэрыялы беларускіх народных гаворак.

Выступоўца,  падкрэсліваючы высокую навуковую вартасць “Русско-белорусского системного семантического словаря”, выказала думку, што такія працы заслугоўваюць высокай акадэмічнай і дзяржаўнай ацэнкі.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы