ГІМНАЗІСТЫ І ПЕРШАКУРСНІКІ: МОВАЗНАЎЧЫ БРЭЙН-РЫНГ

Забаўляльна-пазнавальнае мерапрыемства пад такой назвай адбылося 22 лютага 2024 г. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа). У ім прынялі ўдзел студэнты першага курса факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ірына Аляксандраўна Буторына, вучні 8–10 класаў гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай г. Мінска, настаўнікі беларускай мовы Аліна Казіміраўна Пахвалённая, Вераніка Леанідаўна Сенакосава, Таццяна Уладзіміраўна Сарока і педагог дадатковай адукацыі Таццяна Уладзіміраўна Суднік, супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Перад пачаткам інтэлектуальнага спаборніцтва прысутных прывіталі намеснік па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат гістарычных навук Аляксандр Віктаравіч Бараноўскі, а таксама Ірына Аляксандраўна Буторына і Таццяна Уладзіміраўна Сарока.

Брэйн-рынг пачаўся з прэзентацыі ўдзельнікаў. Каманды “Ліхтарыкі” (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) і “Літаратурныя крылы” (гімназія № 25 г. Мінска) праявілі ў сваім прадстаўленні арыгінальнасць і творчасць, чым пацвердзілі, што ў іх складзе – людзі кемлівыя, цікаўныя і вясёлыя.

Умовы інтэлектуальнага спаборніцтва былі наступныя: 1) права адказу мае каманда, капітан якой першы падняў часопіс “Беларуская лінгвістыка”; 2)  за кожны правільны адказ каманда атрымлівае 2 балы. Калі ж каманда адказвае няправільна, то другая можа паспрабаваць даць правільны адказ, за што атрымае 1 бал; 3) для пошуку і абмеркавання адказу камандам даецца 30 секунд.

У заданнях пяці этапаў удзельнікі павінны былі:

падчас этапу 1 “Прыгадаем” – назваць прадмет або з’яву, адлюстраваныя на слайдах (напрыклад, гузік, лядзяш, карункі);

падчас этапу 2 “Кемім” – з прапанаваных літар скласці слова (напрыклад, чаравікі, гарсэт, капялюш);

падчас этапу 3 “Перакладаем” – перакласці словазлучэнні з рускай мовы на беларускую (напрыклад, обратиться за советом, видеть своими глазами);

падчас этапу 4 “Тлумачым” – выбраць з трох значэнняў тое, якое адпавядае названаму слову (напрыклад, ядваб – ‘шоўк’, ‘хвароба’, ‘адвар’, гумовікі – ‘гумкі для сцірання напісанага’, ‘галёшы’, ‘гумовыя боты’);

падчас этапу 5 “Ужываем” – раскрыць сэнс фразеалагізмаў (напрыклад, у свіныя галасы, лісам падшыты) і – за дадатковыя балы – падабраць да яго сінонім.

Заданні распрацавалі навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасія Андрэеўна Марозава і малодшы навуковы супрацоўнік  Алена Мікалаеўна Путрыч, яны ж і правялі спаборніцкую частку мерапрыемства.

Пакуль журы (у складзе вядучага навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі беларускай мовы Эльвіры Валер’еўны Ярмоленка, загадчыка аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Алены Мікалаеўны Лапцёнак і навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі беларускай мовы Святланы Мікалаеўны Макітрук) падлічвала набраныя кожнай камандай балы, для прысутных была праведзена віктарына.

За актыўны ўдзел у спаборніцтве “Літаратурныя крылы” і “Ліхтарыкі” атрымалі салодкія прызы. А дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў уручыў кожнай камандзе па экзэмпляры  “Беларуска-рускага слоўніка” і пажадаў поспехаў у далейшым вывучэнні роднай мовы.

Аліна Казіміраўна Пахвалённая ад імя ўдзельнікаў падзякавала арганізатарам мерапрыемства і дырэктару Інстытута мовазнаўства за цікавую, пазнавальную і змястоўную сустрэчу.

Спадзяёмся, што падобныя імпрэзы будуць праводзіцца і надалей, паколькі яны садзейнічаюць умацаванню супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і ўстановамі сярэдняй і вышэйшай адукацыі, спрыяюць папулярызацыя лінгвістычных ведаў сярод вучняў і студэнтаў і засваенню імі скарбаў роднай мовы.

 Наталля Паляшчук

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы