САКРЭТЫ ЯКАСНАГА ПЕРАКЛАДУ

Праблему захавання нацыянальнай адметнасці мастацкага твора пры перадачы яго сродкамі іншай мовы разглядалі ўдзельнікі круглага стала “Пераклад і этнакультурная спецыфіка мастацкага дыскурсу”, які праводзіўся Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа 23 лютага да Дня роднай мовы.

Як адзначыў у прывітальным слове дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, праблема перакладу хвалюе многіх ужо даўно і будзе хваляваць пакуль будзе існаваць чалавецтва. “Што тычыцца агульнай тэорыі перакладазнаўства, па ёй напісана тысячы работ і мы можам сказаць, што яна распрацавана ў дастатковай ступені. Калі казаць пра мастацкі пераклад, то тут ёсць вельмі шмат актуальных праблем, якія патрабуюць свайго вырашэння ў розных аспектах: камунікатыўным, культуралагічным, гістарычным, пазнавальным, адукацыйным, аксіялагічным. Для таго каб ажыццяўляць мастацкі пераклад мала дасканала ведаць дзве мовы. Пераклад – асаблівы від інтэлектуальнай дзейнасці. Перакладчык павінен валодаць цэлым комплексам навыкаў: мець мастацкі густ і шырыню кругагляду, добра валодаць стылістычнымі прыёмамі, тонка адчуваць, як музыкант, слова, разумець сэнс фразеалагізмаў і умець падбіраць да іх нацыянальныя адпаведнікі. Для атрымання прафесійнага і якаснага перакладу перакладчыку неабходна пераадольваць не толькі моўныя, але і культурныя бар’еры, ведаць асаблівасці нацыянальнай культуры і гістарычнай эпохі з якой звязаны той ці іншы твор, нацыянальны менталітэт. Толькі пры выкананні шэрагу умоў і патрабаванняў можна атрымаць якасны пераклад”, – лічыць І. Капылоў.

Сёлета споўніцца 110 год з дня нараджэння Язэпа Семяжона – аднаго з найбольш яркіх прадстаўнікоў беларускага мастацкага перакладу ХХ стагоддзя. Менавіта ў яго ўзнаўленні многія творы сусветнай класікі загучалі на беларускай мове ўпершыню, альбо атрымалі новае нараджэнне, сталі прыкметнай з’явай у славянскай перакладной літаратуры (паэмы “Песня пра зубра” М. Гусоўскага, “Пан Тадэвуш” А. Міцкевіча, трагедыя “Кароль Лір” і камедыі “Утаймаванне наравістай”, “Дванаццатая ноч” У. Шэкспіра, паэзія Дж. Байрана, Р. Бернса, Р. Гамзатава). Унікальнасць яго постаці ў мастацкім перакладзе звязана з шэрагам значных аспектаў, па-першае, з тым, што ён адметны паэт-перакладчык, які займаўся і арыгінальнай творчасцю, а па-другое, прадстаўнік “творчай школы перакладу”. На гэта звярнула ўвагу загадчык Рэспубліканскай лабараторыі гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута мастацтвазнаўства і фальклору імя Кандрата Крапівы Ірына Лапцёнак.

Агучваючы факты біяграфіі і творчай дзейнасці Я. Семяжона, яна падкрэсліла асаблівую значнасць выкарыстання культуралагічнага падыходу пры аналізе творчай дзейнасці перакладчыка. Язэп Семяжон быў актыўным збіральнікам народных песень, выяўляў і запісваў фальклорныя матэрыялы на Смалёўшчыне і Чэрвеньшчыне, як сапраўдны знаўца народнай творчасці, змяшчаючы ў друку варыянты народных песень. У часопісе “Беларусь” у 1960-я гг. у рубрыцы “Сказаў як звязаў” друкаваліся сабраныя на радзіме і запісаныя Я. Семяжонам прыказкі, прымаўкі і выслоўі. Важную ролю ў фарміраванні культурнага тэзаўруса Я. Семяжона адыграла праца ў БДТ-3, дзе выключная ўвага надавалася знаёмству са скарбамі народнай культуры – арыгінальнымі творамі, самабытным народным словам, адносінам да культурнай спадчыны. Даследчыцай вызначана, што канцэптуальныя асновы культуралагічнага падыходу ў перакладчыцкай дзейнасці знайшлі выяўленне, з аднаго боку, ва ўвасабленні рэалій культуры, адлюстраваных у тэксце арыгінала, з другога боку, у культурным мадэляванні перакладу. Пры гэтым немалаважным фактарам з’яўляўся культурны тэзаўрус перакладчыка, яго дасведчанасць, наяўнасць спецыяльных ведаў і бікультурнасць.

У падрыхтаванай І. Лапцёнак відэапрэзентацыі былі выкарыстаны матэрыялы, уведзеныя ёю ў навуковы ўжытак, якія сёння захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі акадэміі навук, сямейным архіве Семяжонаў.

Інга Бязлепкіна, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі,  закранула пытанні  лінгвакультурнай  адаптацыі тэкстаў на прыкладзе паэтычных перакладаў з англійскай мовы на беларускую, у тым ліку створаных Язэпам Семяжонам.

Даследчыцай была звернута ўвага на шэраг істотных устойлівых асаблівасцей пры перакладзе, якія ствараюць эфект “абеларушвання” замежнага твора. У прыватнасці, І. Бязлепкіна вылучыла наступныя яго складнікі: выкарыстанне прыёму адухаўлення прыродных з’яў на месцы больш нейтральных значэнняў арыгінала; моватворчасць (яснавейнасць, паветрыць, нябеснакрылы, чараўнічы, вадаграй у перакладах У. Дубоўкі) і больш высокая ступень экспрэсіўнасці, чым у першакрыніцы (sigh (уздых)слёз глыне (У. Дубоўка), праплача слёзы ўсе (Я. Семяжон)); “пераапрананне” як мастацкая праекцыя, што мяжуе з перайманнем; узмацненне сацыяльнага гучання перакладаў (сэнсавая ампліфікацыя ў перакладзе верша Р. Бёрнса “Вяртанне дадому”, створаная  Я. Семяжонам: Quo' she, My grandsire left me gowd, / A mailen plenish'd fairlyЯна – праз слёзы: – Вунь мой скарб/ Ад дзеда: дом і садзік); праўкі ў творах з рэлігійным кампанентам.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства Наталля Якавенка расказала пра перадачу спецыфікі народнай гаворкі ў беларуска-рускіх аўтарскіх перакладах Васіля Быкава. Пісьменнік пераклаў на рускую мову каля 90 % сваіх твораў, да таго ж выказаў шэраг слушных меркаванняў пра адметнасць беларуска-рускага мастацкага перакладу.

Ролю моўных сродкаў у стварэнні нацыянальна-культурнай афарбоўкі перакладнога мастацкага тэксту асвятліла Алена Лапцёнак – загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства. Яна паказала, як творча падышоў да гэтага пытання М. Гарэцкі, перакладаючы на беларускую мову творы рускіх класікаў.

У сваім выступленні вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Міхаіл Кенька на шматлікіх прыкладах з практыкі перакладу рамана Генрыка Жавускага “Лістапад” паказаў, што пераклад з роднаснай мовы, нягледзячы на ўяўную лёгкасць, стварае для перакладчыка шэраг праблем, пачынаючы з загалоўка і заканчваючы эпілогам. Асаблівая ўвага перакладчыка павінна быць звернута да рознага роду тлумачэнняў таго, што можа аказацца незнаёмым іншакультурнаму чытачу: гістарызмаў, фразеалагізмаў, прыказак і прымавак.

Дацэнт кафедры лексікалогіі французскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Алена Завадская звярнула ўвагу на важнасць нацыянальна-культурнага кампанента ў перакладзе загалоўкаў мастацкіх твораў з французскай мовы на рускую. Даследчыца адзначыла, што найбольшую складанасць пры перакладзе, відавочна, выклікаюць выкарыстаныя ў загалоўках элементы моўнай гульні і ўстойлівыя выразы.

Навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства Яўгенія Волкава закранула праблемы перакладу лексікі, звязанай з рэлігійнай абраднасцю, у паэме “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча на славянскія і неславянскія мовы. Нягледзячы на агульны хрысціянскі падмурак, культурныя рэаліі маюць пэўныя асаблівасці ў сувязі з канфесійнымі адрозненнямі паміж каталіцызмам, пратэстантызмам і праваслаўем. Сярод шматлікіх вобразных параўнанняў, ужытых А.Міцкевічам, сустракаюцца тыя, пераклад якіх ускладняецца менавіта з-за гэтых прычын, і часам перакладчыкі, засяродзіўшыся на адным аспекце такой лексікі (час, месца або атрыбуты), не перадаюць усю глыбіню асацыяцый, закладзеную аўтарам.

Ніна Сянкевіч, таксама навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы, расказала аб праблемных пытаннях, што ўзнікалі падчас перакладу беларускіх легенд на англійскую мову. Перш за ўсё яны тычыліся перадачы безэквівалентнай лексікі – назваў аб’ектаў, якія адсутнічаюць у матэрыяльнай культуры англамоўных народаў. Гэтая праблема вырашалася як праз апісальны пераклад, так і праз пошук блізкага па значэнні адпаведніка ў англійскай мове. Пераклад на іншую, асабліва не блізкароднасную, мову патрабуе ад перакладчыка шырокіх экстралінгвістычных ведаў. Яны не дазволяць трапіць у шматлікія моўныя пасткі, сярод якіх, напрыклад, выкарыстанне найбольш ужывальнага, а нярэдка і адзінага, эквіваленту, што даецца ў слоўніках для тэрміна, які трэба перакласці. У якасці прыклада Н. Сянкевіч прывяла беларускае слова лаза, англійскім эквівалентам якога, як сведчаць слоўнікі, з’яўляецца vine (вінаградная лаза). Няўважлівасць перакладчыка можа ўвесці ў зман англамоўнага чытача, які са здзіўленнем прачытае ў перакладным тэксце, што на беларускіх балотах расце вінаград.

Такім чынам, падчас гутаркі за круглым сталом перакладазнаўцы акрэслілі асноўныя цяжкасці перакладчыцкай працы ў перадачы этнакультурных рэалій і адаптацыі арыгінальнага тэксту да іншакультурнага асяроддзя пры адсутнасці эквівалентаў і дапушчальныя страты, калі ў выніку істотнага этнічнага і культурнага адрознення зыходная этнакультурная інфармацыя, што знаходзіцца ў тэксце арыгінала, не можа цалкам адпавядаць інфармацыі, заключанай у перакладзе. Разам з тым было вызначана кола іншых праблемных пытанняў, для асвятлення якіх варта і далей збірацца на розных дыялогавых пляцоўках.

 

Алена Гардзей

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы