СУСТРЭЧА Ў МІКАЛАЕЎШЧЫНСКАЙ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЕ СТАЎБЦОЎСКАГА РАЁНА

24 лютага 2024 года ў Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе імя Якуба Коласа прайшла прымеркаваная да святкавання Дня роднай мовы сустрэча з вучнямі і настаўнікамі  галоўнага навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктара філалагічных навук Мароз Валянціны Канстанцінаўны.

Адбыўся абмен думкамі пра месца і ролю беларускамоўных школ у сучасным адукацыйным працэсе Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, гаворка вялася пра стварэнне на базе Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы, якая наследуе глыбокія традыцыі асветы і адукацыі, музея беларускага настаўніцтва. І пачатковым этапам у гэтай справе можа стаць аднаўленне экспазіцыі “Якуб Колас – настаўнік”. Валянціна Канстанцінаўна як выпускніца гэтай школы падзялілася ўспамінамі пра свае гады вучобы, падкрэсліла, што знаёмства кожнага са школаю пачыналася з такога школьнага музея.

На сустрэчы прысутнічалі вучні ад пачатковых класаў да выпускных. Гучала беларускае слова паэтычных твораў. Быў праведзены брэйн-рынг, у якім перавагу паказалі трэцякласнікі. Па выніках дыялогу, які адбыўся, можна меркаваць пра супрацоўніцтва школы і Інстытута мовазнаўства ў галіне даследавання дыялектнай мовы.

 

В.К. Мароз

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы