
Па запрашэнні Тэрмезскага ўніверсітэта эканомікі і сэрвісу дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў знаходзіўся з 9 па 14 кастрычніка ў Рэспубліцы Узбекістан. Падчас камандзіроўкі Ігар Лявонавіч прыняў удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Актуальныя пытанні мовазнаўства і літаратуразнаўства”, дзе выступіў з дакладам на тэму “Праблемы супастаўляльнага даследавання рускай і беларускай мовы: традыцыі і інавацыі”. У сваім дакладзе дырэктар Інстытута асвятліў вынікі даследаванняў акадэмічных мовазнаўцаў у галіне супастаўляльнага мовазнаўства і навуковага забеспячэння функцыянавання дзяржаўнага білінгвізму ў Рэспубліцы Беларусь. Падчас камандзіроўкі адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Тэрмезскага ўніверсітэта эканомікі і сэрвісу і Тэрмезскага дзяржаўнага ўніверсітэта, на якой быў абмеркаваны план сумесных праектаў з мэтай прыцягнення ў Рэспубліку Беларусь замежных інвестыцый. Прыярытэтнымі напрамкамі на бліжэйшы час стануць падрыхтоўка вучэбных дапаможнікаў па рускай мове як замежнай для студэнтаў філалагічнага факультэта спецыяльнасці “руская мова і літаратура”, стварэнне “Узбекска-беларускага слоўніка”, правядзенне супастаўляльных даследаванняў у галіне тэрміналогіі, анамастыкі, лінгвакультуралогіі; асаблівая ўвага будзе звернута на перакладную лексікаграфію, корпусную лінгвістыку, літаратурны пераклад.

І.Л. Капылоў сустрэўся са студэнтамі першага і другога курсаў філалагічнага факультэта Тэрмезскага ўніверсітэта эканомікі і сэрвісу і прачытаў для іх лекцыю аб ролі пісьмовых крыніц, дыялектнага матэрыялу, онімнай лексікі ў вывучэнні рускай мовы, прыняў удзел у правядзенні майстар-класа па акцэнтуацыі рускай мовы.

Па выніках сустрэчы падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Тэрмезскім універсітэтам эканомікі і сэрвісу.
Усе мерапрыемствы прайшлі ў атмасферы гасціннасці, сяброўства і добразычлівасці.









