Настаўнікі школ Мінскай вобласці з беларускай мовай навучання наведалі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа

Сустрэча з дырэкцыяй Інстытута і членамі Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі адбылася ў рамках супрацоўніцтва паміж Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа.


Настаўнікі, якія прыязджаюць з розных школ Мінскай вобласці на курсы павышэння кваліфікацыі, ужо не першы раз наведваюць Інстытут мовазнаўства. Кожны візіт выкліканы не проста цікавасцю, але рэальнай патрэбай у навуковай і педагагічна-метадычнай кансультацыі і дапамозе.

Пачаў сустрэчу дырэктар Ігар Лявонавіч Капылоў, які коратка расказаў пра важнейшыя навуковыя дасягненні супрацоўнікаў Інстытута, увасобленыя ў слоўніках, даведніках, атласах, манаграфіях. І. Капылоў узгадаў, што навуковая ўстанова некалі таксама пачыналася з працы спецыяльных структур – камісій, адна з якіх працягвае дзейнічаць і сёння на базе Інстытута мовазнаўства.

За гады свайго існавання Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры НАН Беларусі набыла статус навукова-кансультацыйнага цэнтра па сістэматызацыі і ўпарадкаванні беларускай навуковай тэрміналогіі. Вучоны сакратар камісіі, Ірына Уладзіміраўна Кандраценя, у сваім выступленні акрэсліла асноўныя этапы і самыя значныя вынікі ў працы камісіі, а таксама расказала пра тыя праблемы, якія ўзнікаюць перад спецыялістамі на сучасным этапе: высокая варыятыўнасць у галіне нацыянальнай тэрміналогіі за кошт аўтарскіх тэрмінаў і рэсурсаў дыялектнай лексікі.

Завяршыў сустрэчу сваім выступленнем акадэмік Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец. Яго ўвага была скіравана на аспекты моўнай практыкі і навукова-метадычнага забеспячэння працэсу адукацыі. Падсумоўваючы сказанае, ён падкрэсліў, што ўсе агучаныя пытанні і ўзнятыя праблемы выкліканы не толькі і не столькі адсутнасцю або недахопам вучэбна-метадычных комплексаў па прадметах, а абумоўлены, у першую чаргу, моўнай сітуацыяй у рэспубліцы і рэальным месцам беларускай мовы ў жыцці грамадства.

Канструктыўны дыялог паказаў, што многія праблемныя пытанні можна вырашыць. Поспех у гэтай нялёгкай, але вельмі важнай справе залежыць у многім ад сумесных намаганняў настаўнікаў-практыкаў і навукоўцаў.

Пасля сустрэчы з вучонымі-мовазнаўцамі настаўнікі наведалі Музей НАН Беларусі.

Анастасія Марозава

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы