Прэзентацыя кнігі “Плытніцтва: тэматычны слоўнік”

20 лютага ў рамках правядзення Інстытутам мовазнаўства культурна-асветніцкіх, навукова-пазнаваўчых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы, адбылася прэзентацыя кнігі “Плытніцтва: тэматычны слоўнік”.

Прэзентацыю вітальнымі словамі да прысутных распачаў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў. Выступоўца ахарактарызаваў змест слоўніка і падкрэсліў яго важнасць для нацыянальнай культуры.

Пра слоўнік, лексічныя матэрыялы, уключаныя ў яго, расказала адзін з аўтараў-укладальнікаў і навуковы рэдактар працы загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В. М. Курцова.

Яна адзначыла, што “Плытніцтва” належыць да асаблівых у беларускай лексікаграфіі даведнікаў. Гэта першы і адзіны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы слоўнік, у якім сістэматызаваны лексічныя матэрыялы, прысвечаныя адыходнаму неземляробчаму промыслу беларусаў. Плытніцтва – занятак, вядомы з даўніх часоў, але ён перастаў існаваць ужо ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Дадзеная акалічнасць надае слоўніку асаблівы навуковы статус, паколькі ў надрукаваным выданні зафіксавана тая моўная, сацыяльна-культурная і сацыяльна-эканамічная рэчаіснасць, якая сёння стала адным з пройдзеных этапаў у гістарычным развіцці беларускага этнасу. З улікам гэтага слоўнік належыць да каштоўных культурна-гістарычных нацыянальных набыткаў. Ён з’яўляецца помнікам, у якім праз слова і ў слове замацаваны механізмы пазнання беларусамі навакольнага свету, канцэптуалізаваны звесткі пра яго, паказаны моўныя ўзаемадачыненні з суседнімі народамі.

Акрамя спецыфічнасці сацыяльна-вытворчай сферы, абазначальныя сродкі якой адлюстраваны ў слоўніку, кніга мае таксама адрозныя лексікаграфічныя рысы. Слоўнік “Плытніцтва” належыць да лексіка-тэматычных выданняў. Усе словы, уключаныя ў яго, згрупаваны ў адпаведнасці з паняццем, якое яно абазначаюць. Паняццевы прынцып групоўкі лексічных сродкаў дазволіў паказаць у слоўніку багацейшы моватворчы патэнцыял беларускай мовы, які ўвасоблены ў наяўнасці вялікай колькасці тоесных па значэнні слоў. У лексічны паказальнік слоўніка ўключана каля 2000 слоў. Гэта словы з розных крыніц – лексікаграфічных, лінгвагеграфічных, этнаграфічных, эканамічна-статыстычных, інфармацыйна-даведачных – і розных па часе публікацыі прац, якія былі выкарыстаны для выбаркі лексем. Абазначальныя сродкі, аб’яднаныя ў адным словазборы, даюць грунтоўнае ўяўленне пра спецыяльную лексіку, якая была характэрна для гэтай сацыяльна-вытворчай галіны, пра асаблівасці яе гістарычнага складвання і дынаміку развіцця. Паколькі ў слоўнік уключаны лексічныя матэрыялы, сабраныя з тэрыторыі ўсіх водных басейнаў Беларусі, то гэта дазваляе разважаць не толькі пра полідыялектны характар лексічнага корпусу плытніцтва, але і бачыць, як прасторава ён размеркаваны, якія арэалы распаўсюджання ўтвараюць словы. Не меншую лінгвістычную каштоўнасць уяўляюць матэрыялы выдання для высвятлення шляхоў пранікнення запазычанняў у беларускую мову. Напрыклад, прыладу для кіравання плытом у час лесасплаву называюць жэрасцю, лабяком, ялінай, вяслом, а таксама бабайкай, чыгінём, брундуком, ляскай, паклесай, слігай, шырыгай і інш. Лесасплаўны матэрыял – круглы лес, бярвёны або апрацаванае ў выглядзе бруса дрэва – быў вядомы не толькі як таварны лес, гоны, але і як штымбры, тынбра, ванчас, шліпры, штэмплі, брусы галандскія, брусы англійскія, брусы мемельскія, брусы херсонскія, шпіры, нарвежскія капбалкі і інш. Вялікая колькасць запазычаных слоў, якія адносяцца да розных еўрапейскіх моў, а таксама словы-канкрэтызатары, якія фактычна ўказваюць краіну, куды адпраўляўся мясцовы лес, сведчаць, наколькі шырокія гандлёва-эканамічныя сувязі падтрымліваў беларускі народ з суседзямі, наколькі працяглыя і трывалыя культурна-моўныя ўзаемасувязі былі паміж імі.

Не толькі пра ўласна сплаў лесу, які плыцілі ці пускалі моллю, а таксама пра шмат што іншае раскажа цікаўным, як адзначыла В. М. Курцова, выданне “Плытніцтва: тэматычны слоўнік”.

Як працавалася над слоўнікам, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся дыялектолагі ў час апрацоўкі матэрыялу, паведаміла прысутным адзін з укладальнікаў працы вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Л. П. Кунцэвіч.

Доктар філалагічных навук, прафесар Ірына Алегаўна Гапоненка – рэцэнзент выдання – адзначыла не толькі важнасць слоўніка для нацыянальнай навукі і культуры, але і для правядзення навуковых даследаванняў студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі. І. А. Гапоненка падкрэсліла, што з'яўленне даведніка – гэта найперш пашырэнне фундаментальнай навуковай базы такіх раздзелаў вучэбных дысцыплін, як “Лексікалогія”, “Лексікаграфія”. Матэрыялы слоўніка будуць выкарыстаны пры распрацоўцы спецкурсаў і правядзенні спецсемінараў па дыялекталогіі і тэрміналогіі, пры стварэнні вучэбных дапаможнікаў.

З асаблівасцямі выдавецкай працы над рукапісам слоўніка, каб надаць яму аблічча кнігі, падзялілася яго рэдактар Алена Ратнікава.

Асаблівую атмасферу на прэзентацыі стварылі пісьменнікі Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей і Васіль Шырко. Гэтыя творцы, калі яны былі яшчэ малымі дзецьмі, увачавідкі бачылі плыты, што ішлі па Нёмане.

Да таго ж Алесь Камароўскі, які родам са Стаўбцоўшчыны, не аднойчы размаўляў з мясцовым плытагонам, што хадзіў на плытах. Ад яго пісьменнік запісаў і адметную плытніцкую лексіку. Праўда, скарбам тым, як ён сказаў, сам скарыстаўся не ўсім: падзяліўся запісамі з літаратарам, пісьменнікам Васілём Шырко. Апошні напісаў кнігу – раман пра плытагонаў.

Успаміны сваіх сяброў, калег па творчым цэху, вершамі падтрымаў паэт Яўген Хвалей.

Так прайшла прэзентацыя адметнага для беларускай нацыянальнай лексікаграфіі выдання “Плытніцтва: тэматычны слоўнік” (2019).

 

 

В. М. Курцова

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы