ГАРТАЮЧЫ СТАРОНКІ МІНУЛАГА

25 кастрычніка 2022 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Мінска ў рамках цыкла навукова-папулярных лекцый, уключаных у план мерапрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па патрыятычным выхаванні ў 2022 г., прайшло мерапрыемства “Гартаючы старонкі мінулага” з удзелам навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святланы Мікалаеўны Макітрук і старшага навуковага супрацоўніка Цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы ДНУ “Інстытут гісторыі НАН Беларусі” кандыдата філалагічных навук Наталлі Юр’еўны Перавалавай.

Для гасцей мерапрыемства – навучэнцаў Мінскага гандлёвага каледжа і наведвальнікаў бібліятэкі – была арганізавана выстава, на якой былі прадстаўлены Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., некаторыя працы, прысвечаныя дзелавой кніжнай спадчыне Беларусі.

Наталля Юр’еўна Перавалава расказала пра Статут ВКЛ (1529, 1566, 1588 гг.) – выдатны помнік прававой культуры і юрыдычнай думкі перыяду адраджэння. Адзначыла, што XVI ст. – гэты час, калі у краінах Заходняй Еўропы адбываўся духоўны пералом. Феадальная саслоўная сістэма пачала развальвацца пад націскам ўсё нарастаючых сіл новага, буржуазнага кшталту.

Статут абагуліў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У адрозненне ад Еўропы, дзе карысталіся нормамі рымскага права, тэкст Статута быў добра зразумелы пераважнай большасці мясцовага насельніцтва. Усе нормы прасякнуты ідэяй усталявання прававой дзяржавы, у якой дзейнасць дзяржаўных органаў і службовых асоб павінна поўнасцю адпавядаць праву.

Статут напісаны на старабеларускай мове, мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы беларускага народа. У ім адлюстравана багатая  беларуская прававая лексіка, якая склала аснову гэтага дакумента.

   Святлана Мікалаеўна Макітрук пазнаёміла прысутных з зафіксаванымі ў Статутах ВКЛ і ў іншых дзелавых помніках ХІV–ХVІІІ стст. назвамі тагачасных падаткаў, пошлін і штрафаў, а таксама асоб, што іх збіралі. Гэтыя намінацыі былі звязаны з рознымі формамі залежнасці насельніцтва, а таксама з сістэмай прававых норм і палажэнняў, што бытавалі ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай на працягу ХІV–ХVІІІ стст. Падатковая сістэма нашых продкаў была вельмі разнастайнай, яна ахоплівала літаральна ўсе бакі жыцця тагачаснага насельніцтва.

С.М. Макітрук звярнула ўвагу і на тое, што ў пераважнай большасці назвы, якія ўжываліся для абазначэння падаткаў, пошлін і штрафаў, а таксама асоб, што іх збіралі, маюць усходнеславянскія каранёвыя марфемы і ўтвораны адпаведна з уласнымі беларускімі мадэлямі. Запазычанняў у гэтай лексічнай групе ўжывалася мала. У сучаснай беларускай літаратурнай мове большасць з гэтых найменняў зніклі з ужытку, частка стала гістарызмамі, а некаторыя пачалі ўжывацца ў іншым значэнні.    

С.М. Макітрук, Н.Ю. Перавалава

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы